Навум Гальпяровіч гатовы распавядаць пра “Беларусь” бясконца. Вяшчанне наладжана кругласутачна. “Беларусь” можна пачуць у Інтэрнэце, у FM-дыяпазоне ды на іншых хвалях. Заслуга дырэктара радыё і ў тым, што слова пра Беларусь гучыць на васьмі мовах: беларускай, кітайскай, англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, польскай, рускай.
Справы радыйныя не замінаюць літаратурнай самарэалізацыі. Дзве апошнія кніжкі Навума Гальпяровіча — “На шляху да сябе” і “На трапяткім агні” — яшчэ раз пацвердзілі: ён не толькі добры паэт, але і празаік.
22 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдзе святочны вечар з нагоды дня нараджэння творцы. Будуць гучаць не толькі віншаванні, але і вершы, песні на словы Навума Гальпяровіча. А днямі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ўбачыць свет кніга “Сюжэт для вечнасці” ягоных выбраных твораў, у тым ліку і вершаў.
“Культура” далучаецца да віншаванняў на адрас творцы!