"Да комплекснага захавання традыцый мы яшчэ не прыйшлі"

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Як у Азербайджане рэарганізуюць сетку клубных устаноў

Абульфаз БАБАЗАДЭ — культуролаг, загадчык аддзела статыстыкі і сацыялогіі і вучоны сакратар Навукова-метадычнага цэнтра культурных даследаванняў Міністэрства культуры і турызму Азербайджана. Гэтымі днямі ён знаёміўся з сеткай устаноў культуры Магілёўшчыны і вопытам дзейнасці Абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы. Мы пагутарылі са спадаром Абульфазам пра асаблівасці азербайджанскай культурнай галіны і пра творчае ўзаемадзеянне дзвюх краін і пэўных іх рэгіёнаў.

/i/content/pi/cult/408/8335/7-9.jpg

— На Міжнародным форуме этнасаў народаў свету ў Бішкеку я пазнаёміўся з дырэктарам Інстытута культуры Беларусі Іванам Крукам. З гэтага пачаліся мае кантакты з Беларуссю. У красавіку мінулага года ў Магілёве праходзіў Форум традыцыйнай культуры. Дырэктар Магілёўскага абласнога метадцэнтра Алег Хмялькоў запрасіў мяне да ўдзелу ў мерапрыемстве. Я атрымаў тады шмат інфармацыі, упершыню пазнаёміўся з галіной культуры абласнога цэнтра і Мсціслаўскага раёна. У ліпені я прысутнічаў на 20-годдзі Інбелкульта. А ў снежні ў Баку адбылася канферэнцыя, прысвечаная культураўстойліваму развіццю. 19 снежня ў нашым Цэнтры было прынята пагадненне, падпісанае Івана Крукам, Алегам Хмяльковым, аб сумесных беларуска-азербайджанскіх мерапрыемствах і даследаваннях у сферы культуры. Разам з прадстаўнікамі Кыргызстана, Украіны, Расіі прыняты і мемарандум аб калектыўных стасунках…

— Якія мэты перад сабой паставілі, якія ўражанні атрымалі?

— Цягам чатырох дзён пабываў ва ўстановах культуры Магілёва і Бабруйска. Станоўчых эмоцый — вельмі шмат... Наш Цэнтр у Баку па структуры і задачах — амаль такі ж, як і Метадычны цэнтр у Магілёве. Толькі наш мае статус не абласной, а рэспубліканскай установы. Але ў Магілёве займаюцца не адно навуковымі абагульненнямі, але і комплексным захаваннем традыцыйнага народнага мастацтва. У нас гэтага пакуль няма…

— Раскажыце пра асаблівасці азербайджанскай сеткі культурных устаноў. Як метадычная служба супрацоўнічае з рэгіёнамі?

— У нашай краіне няма абласцей. У кожным з 72 раёнаў дзейнічаюць раённыя ўпраўленні культуры і турызму. Менавіта яны — каардынатары рэгіянальнай культурна-асветніцкай работы і турыстычнай дзейнасці. Наш Цэнтр аказвае навукова-метадычную падтрымку раённым упраўленням, якім падпарадкаваны самыя розныя ўстановы культуры: тэатры, музеі, клубы. У нас цяпер дзейнічае новая праграма па рэарганізацыі сельскіх клубаў: усе яны будуць пераўтварацца ў раённыя дамы ці цэнтры культуры з філіяламі ў паселішчах, што размешчаны ў цяжкадаступнай горнай мясцовасці. Такая цэнтралізацыя дазволіць зрабіць больш эфектыўнымі кантроль і дапамогу нашым калегам з рэгіёнаў. Мы праводзім сацыялагічныя даследаванні. Патрэбы насельніцтва і становяцца падставай для распрацоўкі праграм па ўдасканаленні галіны.

/i/content/pi/cult/408/8335/7-5.jpeg

— Якім чынам збіраецеся выкарыстаць досвед Магілёва па захаванні і развіцці народнага традыцыйнага мастацтва?

— Мы даўно плануем пераўтварыць наш Цэнтр у Інстытут культуралогіі і абавязкова надаць пры гэтым належную ўвагу народнай творчасці, як гэта і робіцца ў Магілёве.

— Дамы рамёстваў у вас ёсць?

— Ёсць, але не паўсюдна, як у Беларусі. Кожны рэгіён славіцца сваёй традыцыйнай мастацкай асаблівасцю. У нас ёсць раёны, дзе пражывае насельніцтва са сваёй мовай, з ашчадна захаванымі першароднымі традыцыямі. Там і ствараюцца цэнтры рамёстваў, што прыцягваюць турыстаў.

— Якім чынам стымулюеце творчую ініцыятыву “знізу”? Наколькі актыўна развіваецца ў рэгіёнах праектная дзейнасць?

— Паўтаруся, што і я, і мае падначаленыя пастаянна ладзім маніторынгі. Выбіраем для гэтага шэраг раёнаў, працуем з насельніцтвам. Вынікі даследаванняў становяцца грунтам нашых рабочых планаў. Прапаноўваем іх нашаму Міністэрству. Пасля зацвярджэння пачынаем сумесную рэалізацыю планаў… Я летась, да прыкладу, пабываў у трынаццаці раёнах, працаваў у клубах, бібліятэках, ва ўпраўленнях культуры і турызму. Быў сабраны вялізны матэрыял для плана работы на бягучы год, натуральна, у ім улічана і стымуляцыя творчых ініцыятыў. А іх шмат. У Баку пастаянна прыязджаюць мастакі, аматары традыцыйнай культуры, якія просяць арганізацыйнай падтрымкі ў ажыццяўленні самых розных творчых ідэй. Кожнае пажаданне мы ўлічваем. Міністэрства культуры і спорту дазваляе нам іншым разам дапаўняць цягам года рабочы план, і гэта робіцца менавіта для актывізацыі творчай ініцыятывы на месцах.

— Як фінансуюцца сельскія ўстановы культуры?

— З рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Усё залежыць ад маштабаў творчых праектаў. Існуе і Фонд Гейдара Аліева, за кошт якога па краіне спансіруюцца культурныя праграмы, скіраваныя на адраджэнне нацыянальнай спадчыны, помнікаў культуры і гісторыі.

/i/content/pi/cult/408/8335/7-4.jpeg

— Ці займаюцца ўстановы камерцыйнай дзейнасцю?

— Хоць і ёсць тут пэўныя нюансы, але збольшага пазабюджэтная дзейнасць у нас дазволена.

— Колькі работнікі культуры вашых раёнаў атрымліваюць за месяц у доларавым эквіваленце?

— Заробкі нашы — прыкладна такія ж, як і ў беларускіх калег.

— Дык якія ж назіранні і праекты вынеслі з візіта на Беларусь?

— Канешне ж, пэўны кантраст паміж установамі культуры аграгарадкоў і звычайных вёсак назіраецца, але я бачу пераканаўчую тэндэнцыю да сістэмнай ліквідацыі гэтай розніцы. У вашых раёнах, у сельскіх установах культуры вядзецца карпатлівая работа і па ўмацаванні матэрыяльнай базы, і па тэхнічным забеспячэнні бібліятэк і клубаў.

Планую прыехаць яшчэ ў маі. Сустракаўся з начальнікам упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, і Анатоль Сінкавец прапанаваў паўдзельнічаць у самых розных культурных праектах вобласці: у якасці члена журы міжнародных фестываляў “Залатая пчолка”, “Залаты шлягер”, а яшчэ — у Другім Магілёўскім форуме традыцыйнай культуры, які таксама запланаваны на май бягучага года. Я — абедзвюма рукамі “за” і гатовы ўсяляк дапамагчы сваім беларускім сябрам!..

На здымках: Абульфаз Бабазадэ; экстэр'ер Музея дывана ў Баку выкананы ў выглядзе згорнутага дывана. Уявіце, як мог бы выглядаць музей нашай выцінанкі альбо традыцыйнага ручніка;раённы Дом культуры ў горадзе Габала.