Без гумару — якое жыццё?

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

На двары — марозік ды сняжок. І хочацца думаць пра штосьці цёплае. Да прыкладу, пра валёнкі. Ды не пра абы-якія фабрычныя, цяжкія ды нязручныя, а пра дрыбінскія — лёгкія і фасоністыя. А замовіць ды набыць іх можна ў Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі. Праўда, па адмысловы тавар — чарга. А ў ёй — ахвотныя не толькі з Магілёўшчыны, але і з усёй рэспублікі. Ды дрыбінскі цуд таго варты…

Яны выступаюць на сваёй мясцовай гаворцы. А гэта неймаверная мешаніна беларускай, украінскай і польскай моў. “Хмелеўскія валацугі” з Жабінкаўскага раёна дораць смех і добры настрой, бо гэта — народны тэатр гумару, гульні і песні.

Начальнік аддзела культуры Жабінкаўскага райвыканкама Васіль Чапялевіч распавядае, што прыдумала “…Валацуг” мастацкі кіраўнік Хмелеўскага СДК Наталля Дырман — кабета мясцовая, да смеху ахвочая, ва ўсіх адносінах асоба творчая.

Калектыву — больш за дзесяць гадоў. Увайшлі ў яго дырэктар клубнай установы Таццяна Грыцук, ейная дачка — медсястра Алена, настаўніца Валянціна Вайцюк, клубная работніца Людміла Іванюк. Адзіны мужчына сярод “Хмелеўскіх валацуг” — гукарэжысёр Аляксандр Казлоў. Ох, няпроста яму сярод гумарных жанок! Але і ён сваю важкасць цудоўна разумее: апаратура ў тэатра — самая сучасная, без спецыяліста — не абысціся.

На абласных “Дажынках” у Камянцы літаральна ва ўсіх ад трапных жартаў і задзірыстых песень “Хмелеўскіх валацуг” доўга балелі жываты. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар — вялікі аматар шчырага мастацтва — таксама смяяўся ад душы. Сапраўды, якое жыццё без добрага гумару?

Аграгарадку “Хмелева” — тры гады. І сельскагаспадарчая арганізацыя тут неблагая, і ўстановы культуры — узорныя. Паселішча, словам, — больш чым перспектыўнае. А пад гэты новы год правялі і падключылі тут газавае ацяпленне. На ўрачыстасцях з немалой для вёскі нагоды прысутнічаў і губернатар. З “Хмелеўскімі валацугамі” сустрэўся як з даўнімі і добрымі сябрамі. Не дзіва: смех не толькі жыццё доўжыць, але і ў стваральнай працы дапамагае…

Начальнік аддзела культуры Васіль Чапалявіч сцвярджае, што тэатр гумару з Хмелева знаходзіцца на сёння ў самым росквіце творчых сіл: актыўна выступае, гастралюе, мае калектыў-спадарожнік — узорны фальклорны дзіцячы гурт “Дараносіца”. Чым не доказ таго, што ён не спыніўся ў развіцці, набірае моцы, жыве і дапамагае жыць іншым?..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"