Лемезень — інтэрактыўны

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

На двары — марозік ды сняжок. І хочацца думаць пра штосьці цёплае. Да прыкладу, пра валёнкі. Ды не пра абы-якія фабрычныя, цяжкія ды нязручныя, а пра дрыбінскія — лёгкія і фасоністыя. А замовіць ды набыць іх можна ў Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі. Праўда, па адмысловы тавар — чарга. А ў ёй — ахвотныя не толькі з Магілёўшчыны, але і з усёй рэспублікі. Ды дрыбінскі цуд таго варты…

/i/content/pi/cult/407/8332/13-4.jpeg

“К” шмат разоў пісала пра старадаўняе мясцовае шапавальскае лямцавае мастацтва, пра катрушніцкі лемезень (колішнюю сакрэтную мову майстроў, якія старанна ахоўвалі сваё прыбытковае рамяство не толькі ад чужых вачэй, але і ад вушэй), пра тое, што адметны промысел займеў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і пра турыстычны праект “У госці да дрыбінскіх шапавалаў”. Аднак не аб промысле цяпер асноўная гаворка, а пра сённяшніх носьбітаў старадаўняй народнай традыцыі — супрацоўнікаў Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Пэўны час установай кіравала Алена Рэпкавец. Цяпер яна — начальнік аддзела культуры Дрыбінскага райвыканкама. А музей узначаліла Наталля Нейфельд. У штаце — галоўны захавальнік фондаў Алена Віхрова, старшы навуковы супрацоўнік Жанна Клімава, навуковы супрацоўнік Таццяна Чараповіч, метадыст Жанна Масалава, даглядчык Людміла Лугаўцова.

А яшчэ ў музеі працуюць, надаючы яму непадманную інтэрактыўнасць, майстар народнага аматарскага калектыву “Шапавал” Леанід Масанін, кіраўнік дзіцячага шапавальскага гуртка Уладзімір Асіпоўскі...

Такія музеі прынята называць жывымі. Яны самі па сабе — брэнд, які не сорамна прэзентаваць не толькі ў абласным, але і ў рэспубліканскім маштабе. Шкада, але пералічыць такія ўстановы можна па пальцах. Дрыбінскі музей — адзін з іх. Тут можна прасачыць увесь шматпрыступкавы і далёка не просты працэс вырабу валёнкаў, рукавіц, шапак-магерак ды караляў з воўны. І майстар-клас паказваюць пры гэтым не толькі прызнаныя аўтарытэтныя рамеснікі Дрыбіншчыны, але і іхнія юныя паслядоўнікі — шапавалы дзяцячага гуртка. Таемнае колісь рамяство працягвае жыць. І катрушніцкі лемезень ужо не патрэбны. У Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі пануе не канкурэнцыя, а аднадумства. Менавіта яно і дапамагае ствараць штодня цуд, ад якога цяплее на душы…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"