Выхаванне? Лепей хорам!

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

Альбіна ПЯКУЦЬКА, загадчык кафедры харавога і вакальнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прафесар, заслужаны дзеяч адукацыі Беларусі:

/i/content/pi/cult/407/8331/13-3.jpeg

— Гэтую высокую ўзнагароду я ўспрымаю не толькі як прызнанне майго асабістага ўнёску ў развіццё нашай нацыянальнай культуры, але і як знак дзяржаўнай увагі ды пашаны да харавога мастацтва ўвогуле. Сапраўды, пасля некаторага перыяду заняпаду пачалося адраджэнне акадэмічных харавых спеваў у нашай краіне, і хочацца спадзявацца, што ў гэтым ёсць заслуга і нашай кафедры, выхаванцы якой працуюць ва ўсіх кутках рэспублікі.

Разам з маімі калегамі мы не стамляемся паўтараць, што харавыя спевы — аснова ўсёй музычнай культуры. Яны патрабуюць шмат ведаў і спрактыкаванасці, але даюць яшчэ больш — не толькі далучэнне да вяршынь мастацтва, але і пачуццё партнёрства, калектывізму, уменне прыслухоўвацца да іншых. Роля хору як моцнага выхаваўчага сродку — папраўдзе неацэнная. Гэта бачна па тых жа студэнтах, з якімі я займаюся. Прыемна, што яны з любоўю ставяцца да харавой творчасці, заўзята выконваюць такія складаныя нават для прафесійных калектываў партытуры, як “Рэквіем” Моцарта, “Карміна Бурана” Орфа, духоўныя творы Часнакова. У рэпертуары хору “Дабравест” БДУКіМ ёсць і музыка беларускіх кампазітараў: Леаніда Захлеўнага, Валерыя Іванова…

Выхаванцы кафедры часта знаходзяць прымяненне сваім ведам у цэрквах і касцёлах, дзе кіруюць харавымі калектывамі. Мая мара — каб харавыя капэлы былі паўсюль: у кожным Палацы і Доме культуры, у кожнай навучальнай установе і буйным вытворчым калектыве. У свой час, калі скараціліся гадзіны, аддадзеныя выкладанню музыкі ў агульнаадукацыйнай школе, мы пачалі страчваць спеўную моладзь. Каб яе вярнуць, трэба і надалей павышаць прэстыж харавых заняткаў, даваць калектывам больш магчымасцей для выступленняў.

Наш хор “Дабравест”, да прыкладу, штогод выступае з самымі рознымі праграмамі. У тым ліку — у Чырвоным касцёле. Залы заўсёды паўнюткія: відавочна, што слухачам харавыя спевы вельмі даспадобы. У красавіку нас запрасілі на фестываль і конкурс харавой музыкі ў Турцыю, прычым арганізатары бяруць на сябе ўсе выдаткі. У сакавіку, магчыма, адбудзецца паездка ў Санкт-Пецярбург, зараз вядуцца перамовы. Ну а ў маі запрашаем усіх на традыцыйны фестываль нашай ВНУ “Арт-мажор”!..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"