“Расказаць” тысячы тэкстаў

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва віншуем лаўрэатаў!

Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2012 года сёлета ўганараваны член грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Анатоль Чабаганаў — за ўклад у вывучэнне і прапаганду духоўнай і культурнай спадчыны, стварэнне серыі гісторыка-дакументальных кніг “Я — сын Ваш”, прысвечаных шляхецкім родам Беларусі.

/i/content/pi/cult/407/8330/13-1.jpeg /i/content/pi/cult/407/8330/13-2.jpeg

Больш за 20 гадоў пісьменнік і мецэнат Анатоль Статкевіч-Чабаганаў працуе з вялізнымі пластамі архіўных матэрыялаў. Варта адзначыць, што толькі ў першым томе яго фундаментальнай працы можна ўбачыць больш за дзве тысячы спасылак на першакрыніцы. Ён адшукаў дакументы нават ХIII — XIV стагоддзяў у архівах Беларусі, Расіі ды іншых краін, “раскапаў” тысячы тэкстаў, дзясяткі гербаў і радаводаў.

Усяго, па прызнанні самога творцы, задумана 10 тамоў, якія павінны выйсці на беларускай і рускай мовах. Як падкрэсліў пісьменнік і паспяховы бізнесмен, на напісанне такой колькасці кніг яму спатрэбілася 20 гадоў. Невыпадкова Анатоль Васільевіч адзначае: “Нават па курортах не езджу, хоць мог бы кінуць усе справы і жыць там — сабе ў задавальненне. Сярод маіх продкаў і раней былі людзі, якія вывучалі гісторыю свайго роду. За дваццаць гадоў я даследаваў сорак шляхецкіх родаў Беларусі. А ў будучым планую стварыць фонд, каб пашырыць гэтую працу..."

Больш за тое: руплівы даследчык гатовы кансультаваць людзей, якія выкажуць зацікаўленасць у напісанні гісторыі Айчыны праз гісторыю родаў.

Варта сказаць колькі слоў пра Анатоля Васільевіча як мецэната. Мала хто ведае, што менавіта пры яго ўдзеле былі ўзведзены помнікі святой Сафіі Слуцкай — у яе родным горадзе, а таксама ў беларускай сталіцы. Дзякуючы падтрымцы Чабаганава сёння дзейнічаюць цэрквы Узнясення Гасподняга ў Сёмкаве і Нараджэння Багародзіцы ў вёсцы Сёмкаў Гарадок.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"