“…Багацце”, “…Легенда”, “…Кураж”

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

/i/content/pi/cult/407/8328/12-3.jpeg

Асобныя творчыя праекты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ўжо неаднойчы адзначаліся спецыяльнымі прэміямі Прэзідэнта нашай краіны. Высокую дзяржаўную ацэнку атрымалі ў свой час і канцэртныя выступленні, зладжаныя, у тым ліку, ля сцен Мірскага замка дырыжорам Вячаславам Волічам, і пастаноўка адноўленай беларускай оперы ХVІІІ стагоддзя “Чужое багацце нікому не служыць”. Нарэшце, прэміяй адзначана ўся дзейнасць тэатра і новая пастаноўка оперы Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” паводле Уладзіміра Караткевіча.

/i/content/pi/cult/407/8328/DSC05982_opt.jpeg

Сапраўды, тэатр з такой актыўнасцю “абжывае” адноўлены рэпертуар, што гэта выклікае паралелі хіба з пасляваенным часам, калі гэтак жа спяшаліся “вярнуцца” (зразумела, на новым узроўні) да ранейшых, даваенных, найменняў на афішы. Дзясятак пастановак (опер і балетаў, шматактовых і аднаактовых, на вялікай і камернай сцэнах), а ў “дадатак” — некалькі фестываляў рэспубліканскага і міжнароднага кшталту, імклівае развіццё ўзаемавыгадных стасункаў з замежнымі тэатральнымі калектывамі… Колькасныя паказчыкі працы тэатра, якія генеральны дырэктар Уладзімір Грыдзюшка агучвае ледзь не на кожнай прэс-канферэнцыі, не могуць не ўражваць! Але спецыяльная прэмія, што вельмі важна, — гэта яшчэ і сведчанне павагі да нацыянальнай спадчыны.

/i/content/pi/cult/407/8328/_MG_1854_opt.jpeg

— Гэтая прэмія, — кажа галоўны рэжысёр тэатра, пастаноўшчык “Сівой легенды” Міхаіл Панджавідзэ, — выклікае жаданне працаваць больш. Я вельмі ўдзячны ўсім, з кім ставіў оперу Дзмітрыя Смольскага. Менавіта дзякуючы іх зацікаўленасці, працаздольнасці, прафесійнаму майстэрству і творчай апантанасці, усё атрымалася. З’явіліся ўжо і новыя планы — вядома, звязаныя з увасабленнем іншых беларускіх твораў. Так, вельмі хацелася б паставіць оперу Сяргея Картэса “Матухна Кураж”. У нашым тэатры яна ніколі не ішла, але адразу пасля напісання была пастаўлена ажно ў трох тэатрах былога Саюза. Ёсць і іншыя планы — наконт новых беларускіх твораў...

На здымках: генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка і галоўны дырыжор Віктар Пласкіна; сцэны са спектакляў "Сівая легенда" і "Чужое багацце нікому не служыць".

Фота Юрыя ІВАНОВА, Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА і Ігара КУЗНЯЦОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"