Ад “Псалтыра” да мультымедыя

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

Нацыянальная бібліятэка Беларусі — галоўная захавальніца нашай дакументальнай спадчыны. Толькі апошнім часам НББ набыла звыш 300 рэдкіх, каштоўных кніг і архіўных дакументаў. Закупка ажыццяўлялася пры падтрымцы самых розных арганізацый. Сярод вернутых кніжных помнікаў — “Псалтыр” 1782 года, выдадзены ў Вільні, “Жыція святых” Д.Растоўскага (Магілёў, 1702 г.), дзве кнігі К.Семяновіча, што пабачылі свет у XVII стагоддзі ў Амстэрдаме…

/i/content/pi/cult/407/8327/12-4.jpeg

А летась калектыў галоўнай кніжнай установы краіны выступіў з ініцыятывай аб правядзенні рэспубліканскай акцыі “Беларускую кнігу — у рэгіёны”. Бібліятэкам рэспублікі было перададзена больш за 140 тысяч выданняў.

/i/content/pi/cult/407/8327/12-5.jpeg

Неаспрэчна высокі аўтарытэт НББ і ў замежжы, куды цягам мінулага года накіравана каля шасці тысяч экзэмпляраў беларускіх друкаваных выданняў. З 1 кастрычніка пазамінулага года па 1 кастрычніка 2012-га супрацоўнікі ўстановы рэалізавалі каля дваццаці буйных культурна-асветніцкіх праектаў, арыентаваных на папулярызацыю кнігі ды чытання. Адзін з іх называўся “Бібліятэка” і прапанаваў цэлы комплекс выставак, на якіх экспанаваліся друкаваныя выданні, арт-кнігі, а таксама творы мастацтва, прысвечаныя Кнізе…

За гэты час прайшло больш за паўсотні кніжных выставак, прымеркаваных да юбілеяў класікаў беларускай літаратуры.

Шмат зроблена і па факсімільным узнаўленні. Перавыдадзены, да прыкладу, віленскі “Буквар” (1767 г.), “Шляхам жыцця” (1913 г.) Янкі Купалы, “Сымон-музыка” (1925 г.) Якуба Коласа, “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі" (1926 г.) Вацлава Ластоўскага, “Жыціе Ефрасінні Полацкай” (XV — XVI стагоддзі).

Электроннае ўзнаўленне кніжных помнікаў вядзецца, як вядома, у рамках фарміравання электроннай бібліятэкі — асновы будучай Нацыянальнай электроннай бібліятэкі Беларусі. Для яе падрыхтаваны і зараз рыхтуюцца электронныя мультымедыйныя рэсурсы.

На здымках: толькі частка калектыву Нацыянальнай бібліятэкі; акцыя "Беларускую кнігу — у рэгіёны" на Дзяржыншчыне.

Фота Юрыя ІВАНОВА і з архіва НББ