Камедыя ў маштабе

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

Пастаноўка ў Тэатры-студыі кінаакцёра неўміручай п’есы К.Крапівы “Хто смяецца апошнім” стала летась значнай падзеяй у культурным жыцці краіны.

/i/content/pi/cult/407/8325/7-1.jpeg

— У нашым тэатры, — распавядае рэжысёр Алег КІРЭЕЎ, — ужо дваццаць гадоў не ставіліся спектаклі на беларускай мове. Апошняй (і, дарэчы, адзінай) такой пастаноўкай да цяперашняга часу заставаўся “Тэатр купца Япішкіна”. Зваротам да твора Кандрата Крапівы хацелася падтрымаць і беларускую мову, і нацыянальную драматургію. Тым больш, што тэма, закранутая ў п’се, застаецца актуальнай і сёння, а дзея, нягледзячы на ўсе яе рэаліі, набывае агульначалавечыя маштабы.

Дый дзеючыя асобы надзвычай добра “раскладаліся” на нашых артыстаў, праблем з выбарам на тую або іншую ролю практычна не было, бо я адразу “ўбачыў”, хто каго павінен сыграць. Вельмі хацелася б вывезці гэты спектакль за межы сталіцы, паказаць і па Беларусі, і, можа, у замежжы…

— Я шчаслівы чалавек, — усміхаецца заслужаны артыст Беларусі Уладзімір МІШЧАНЧУК, — бо з драматургіяй Кандрата Крапівы мне даводзілася сустракацца неаднойчы. Вядома, у школе, але ў мяне быў і годны працяг. Калі я працаваў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, дык іграў у ягонай п'есе “Мілы чалавек”. Гэтую пастаноўку мы прывозілі ў Мінск, паказвалі ў час гастролей на сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў. Кандрат Кандратавіч хварэў, але ў зале прысутнічалі яго родныя. Яны шчыра дзякавалі за спектакль і запрасілі мяне ды рэжысёра ў госці. Мы пілі з нашым класікам гарбату, размаўлялі — нават дакументальныя кадры пра тую сустрэчу былі зняты. І тое, што зараз драматургію Крапівы ўвасобіў Тэатр-студыя кінаакцёра, шмат у чым сімвалічна: гэта зварот да нашай нацыянальнай спадчыны, што адначасова і вельмі адказна.

Іграць прафесара Чарнавуса, прызнаюся, складана, бо спектакль — камедыйны, а гэтая роля ў ім — сур’ёзная, і трэба не толькі знайсці адпаведны баланс, але і не “згубіць” станоўчага героя на фоне яркіх характарных персанажаў. Але творчая група ў нас падабралася добрая, усе мае партнёры — выдатныя, абодва акцёрскія склады ставяцца да пастаноўкі з асаблівай любоўю і цеплынёй. Разам са мной іграюць і мае выхаванцы з Акадэміі мастацтваў, дзе я выкладаю. Таму гэтую ролю “прафесара” можна лічыць для мяне ў чымсьці крыху аўтабіяграфічнай. І тое, што ад спектакля да спектакля яна развіваецца, цалкам заканамерна. І гэта дае надзею, што так будзе і надалей: толькі тая роля папраўдзе жывая, якая працягвае развівацца…

— Спектакль вымушае думаць, — працягвае Аляксандр КАШПЕРАЎ, — а гэта галоўнае. Усе мы людзі, і мне хацелася намаляваць Гарлахвацкага не плакатна — адно сатырычнымі фарбамі, — а знайсці ў ягоным характары таксама штосьці добрае, чалавечае. Жыццёвыя абставіны, пэўнае асяроддзе, уключаючы жонку, якая прагне побытавых выгод і дабрабыту любой цаной, — усё гэта вымушае героя стаць такім, якім мы яго бачым. Прычына  не толькі ў ім самім — яна глыбейшая. Але ў адных і тых жа абставінах, у аднолькавай сітуацыі кожны выбірае свой шлях — той, што падказвае яму сумленне, на якое, на жаль, сёння многія пачалі забывацца. І гэтым спектаклем, маёй роляй Гарлахвацкага хацелася нагадаць: сумленне — той унутраны камертон, які павінен кіраваць учынкамі людзей. Некаторыя гледачы былі незадаволены зменай фіналу: маўляў, ён атрымаўся нешчаслівым. Насамрэч, гэта так званы адкрыты фінал, дзе кожны можа дадумаць свой канчатак. Бо праўда ўсё роўна, раней ці пазней, затрыумфуе…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"