Хаджэнні ў оперу: форум-конкурс-баль

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Зімовыя святкаванні з размахам — адна з тых традыцый Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, што былі закладзены пасля яго рэканструкцыі. Заўтра там — Вялікі навагодні баль, ужо чацвёрты па ліку. А зусім нядаўна завяршыўся ІІІ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, які заслугоўвае асаблівай увагі. Што прынёс ён тэатру і ўсёй нашай нацыянальнай культуры? Таму-сяму, можа, і навучыў. І што, у рэшце рэшт, даюць навагоднія баляванні накшталт заўтрашняга?

Баль: на колькі балаў?

Асаблівасцю Балю-2013 стане (упершыню!) уручэнне Навагодняй тэатральнай прэміі камерцыйнага банка лепшым салістам. У балеце пераможцай за 2012 год прызнана Ірына Яромкіна, у оперы — Сяргей Франкоўскі. Яшчэ зусім, здавалася б, нядаўна падобныя прэміі, заснаваныя адной з буйных фірм, існавалі толькі ў балеце. Потым яны зніклі, а зараз, можна сказаць, “адрадзіліся”, толькі з іншым заснавальнікам ды з ахопам яшчэ і опернага мастацтва.

Адзначым і тое, што Вялікі тэатр першым пачаў адраджаць колішнія традыцыі балявання. Ды так паспяхова, што балі апошнім часам сталі ладзіцца паўсюль, дзе ёсць для гэтага адпаведны антураж: сёлета баль прайшоў і ў Нясвіжскім палацы, і, літаральна днямі, у Мірскім замку. Прычым імпрэзы імкнуцца спалучыць адпачынак з асветніцтвам і самымі шырокімі праявамі інтэрактыву.

/i/content/pi/cult/407/8319/8-3.jpeg

Як узрастаць і шліфаваць

Адметнасцю ж Каляднага форуму стала не толькі правядзенне ў яго рамках Міжнароднага конкурсу маладых оперных выканаўцаў, які вандруе па розных краінах. Новыя рысы мелі нават такія традыцыйныя складнікі, як прыезд замежнай трупы са сваёй уласнай пастаноўкай, запрашэнне салістаў для ўдзелу ў нашых спектаклях і гала-канцэрце. Ва ўсім гэтым акцэнт быў зроблены менавіта на новае ды найноўшае: і наш тэатр, і госці дэманстравалі прэм’еры. У тым ліку — нацыянальныя.

Адкрыццё форуму “Сівой легендай” Д.Смольскага, сімвалічнае ва ўсіх сэнсах, даказала, што нядаўняя прэм’ера не толькі не “пасівела” ад рэдкіх паказаў (цяперашні быў чацвёртым, пачынаючы з верасня), але і, нарэшце, канчаткова “сабралася” ў цэласную рэжысёрскую канцэпцыю. Зніклі ўсе псіхалагічныя “нестыкоўкі”, кожная, нават дробная, дэталь у паводзінах артыстаў набыла логіку, бо была імі цалкам асэнсавана, чаго, здаралася, бракавала раней. Набылі ўстойлівасць тэмпы, гучанне аркестра на чале з Віктарам Пласкінам папраўдзе “заззяла” каларытнымі фарбамі, пры гэтым не перакрываючы, што вельмі важна, спевы салістаў і хору. Галоўнае цяпер — гэты ўзровень (высока ацэнены, да ўсяго, замежнымі крытыкамі) не страціць. Бо імклівы тэмпарытм спектакля патрабуе адшліфаванасці ды пастаяннага трэнінгу.

Мадэль нацыянальнага тэатра

Запрашэнне на фестываль Сафійскай нацыянальнай оперы з “Зігфрыдам” Р.Вагнера не проста пазнаёміла нас “на свае вочы” з творам, што ў нас ніколі не ішоў, з артыстамі, якія ў нас ніколі не выступалі. Гэта было знаёмства з цэласнай мадэллю нацыянальнага тэатра, дзе ёсць што пераймаць.

Творы нямецкага класіка, які ў ХІХ стагоддзі быў сапраўдным рэвалюцыянерам опернага мастацтва, застаюцца неверагодна складанымі для выканання. Невыпадкова кампазітар яшчэ пры жыцці паклапаціўся пра іх далейшы лёс і адкрыў тэатр у Байрэйце, што будзе дбаць пра гэта. Там і практычна па ўсім свеце оперы Р.Вагнера, асабліва з яго тэтралогіі “Кольца нібелунга”, ідуць з запрошанымі салістамі. Гэта натуральна! Спевакоў, згодных узняць гэткі гмах (і пры гэтым не страціць голас, на што ўсе скардзіліся яшчэ самому аўтару), не так шмат. А рэжысёраў, здольных цікава паставіць быццам бы “нетэатральныя” паводле сваёй сутнасці творы, яшчэ менш. Бо адна опера — гэта амаль пяць гадзін музыкі ды мінімум актыўнага дзеяння: героі толькі і робяць, што распавядаюць пра заблытаныя падзеі нямецкай міфалогіі.

Мы ж убачылі не “зборны” міжнародны склад, а цалкам балгарскі спектакль. Уся пастановачная група — сафійская. Да таго ж, у тэатры ставіцца ўся тэтралогія, усе чатыры оперы цыкла (прэм’ера апошняй — “Гібель багоў” — запланавана на май). Усе выканаўцы — салісты аднаго тэатра. І на кожны з вагнераўскіх спектакляў іх не адзін склад, а два! У тым, што другі не толькі не горшы, а ў чымсьці яшчэ і лепшы, пераканаў заключны гала-канцэрт фестывалю, дзе выступіла яшчэ адна пара салістаў. А галоўнае, “Зігфрыд” атрымаўся не проста сучасным, а папраўдзе… славянскім, “нацыянальным балгарскім”. Абстрактныя філасофскія хітраспляценні “па-нямецку” з выбухамі экспрэсіянізму саступілі месца эмацыйнаму псіхалагізму, паслядоўнасці ў разгортванні падзей, акцэнтаванню не столькі ўласцівых тэтралогіі тэм золата і ўлады, колькі тых прыродных сімвалаў, на якіх трымаецца міфалогія ўсіх славянскіх народаў.

Быццам бы простая і надзвычай сімвалічная сцэнаграфія, дзе кожная дробязь “трапляе ў дзясятку”, а любая рэч на сцэне складаецца-раскладаецца-пераўвасабляецца безліч разоў, паглыблена рэжысурай Пламена Карталава (ён жа — дырэктар тэатра). Увесь спектакль атрымаўся надзвычай натуральным: артысты спяваюць, рухаюцца — як дыхаюць (а там ёсць такія найскладаныя выбрыкі, што пад сілу, здавалася б, хіба прафесійным спартсменам ці артыстам цырка). Гэтак жа мякка, аксамітна, з неверагоднай славянскай любоўю “дыхае” аркестр. І ўвесь спектакль нібыта напаўняецца водарам балгарскіх зёлак ды руж...

Падумалася: а ці ўмеем мы гэтак жа “па-беларуску” (і адначасова на найвышэйшым еўрапейскім ды сусветным узроўні) ставіць замежную оперную класіку? Узгадаўся і колішні, пастаўлены яшчэ ў 1984-м нашай М.Ізворска-Елізар’евай “Воўк і сямёра казлянят” балгарскага кампазітара А.Уладзігерава. Пэўна, самы час прадоўжыць беларуска-балгарскае супрацоўніцтва.

/i/content/pi/cult/407/8319/8-4.jpeg

Усё, што нам трэба

“Уводы” ў спектаклі салістаў-гастралёраў, своеасаблівае “спаборніцтва” на фестывальных гала-канцэртах нашых і замежных зорак — усё гэта даўно даказала, што прафесійны ўзровень нашых артыстаў (як вакальны, так і акцёрскі) не выклікае ніякага сумневу. Паказаны ж на форуме “Яўгеній Анегін”, у якім усю чацвёрку цэнтральных герояў спявала пецярбургская моладзь, пераканаў яшчэ і ў рэжысёрскіх здольнасцях — не гасцей, а нашых салістаў. Бо стала канчаткова відавочна, што псіхалагічнае жыццё іх герояў было распрацавана і ўвасоблена самімі спевакамі, кожным па-свойму. І тым спектакль быў цікавы! Дый Міхаіл Сінькевіч за дырыжорскім пультам усяляў куды больш надзей, пакуль быў “нашым”. Цяпер ён — маэстра Марыінкі, але гэта не дапамагло яму “сабраць” спектакль: той папросту разваліўся-рассыпаўся на асобныя нумары, тыя, у сваю чаргу, — на асобныя фразы, а фразы — на салістаў, хор і аркестр “паасобку”, дзе кожны існаваў ва ўласным драматургічным вымярэнні ці ўвогуле па-за ўсялякімі межамі.

Тое ж і з конкурсам “Competizione dell’Opera”. Месяцам раней у сталічнай філармоніі прайшоў конкурс вакалістаў, зладжаны Міністэрствам культуры і Акадэміяй музыкі. Шмат нараканняў выклікаў яго арганізацыйны бок. Але ў параўнанні з цяперашнім “замежным” спаборніцтвам наша было — ледзь не “ідэальнае”! Бо “форумны” конкурс нагадваў, хутчэй, кастынг: кожны выбіраў таго, каго хацеў бы запрасіць у свой тэатр. І… галоўны прыз у больш як дзевяць тысяч еўра раптоўна атрымаў самы, здавалася б, шараговы спявак. Затое нашы Ілья Сільчукоў ды Анатоль Сіўко “пабагацелі” не на грошы, а на творчыя праекты ў Таліне і Лондане.

Форум чарговы раз паказаў, што галоўны здабытак тэатра — яго трупа. І калі ўжо папаўняць кімсьці з цяперашніх гасцей (а любы фестываль ці конкурс звычайна спрыяе далейшаму папаўненню трупы найбольш паспяховымі ўдзельнікамі), дык хіба… контр-тэнарам Арцёмам Круцько з Чэлябінска, які ўдзельнічаў у гала-канцэрце. Такога голасу ў нас і сапраўды няма. А калі б з'явіўся, дык узраслі б рэпертуарныя магчымасці тэатра (асабліва сярод барочных опер, ніводная з якіх у нас пакуль не ставілася) — і цікавасць публікі. У тым ліку замежнай!

Пад грукат абцасаў ці шквал апладысментаў?

Што ж да публікі нашай, дык яе трэба выхоўваць і надалей. І не лічыць праславутую “запаўняльнасць залы” галоўным паказчыкам мастацкасці. Бо з “Зігфрыда”, на які прыехалі і замежныя оперныя знаўцы, слухачы сыходзілі цэлымі натоўпамі: маўляў, нязвыкла. А на “Яўгеніі Анегіне”, дзе дасведчаныя прыхільнікі пазяхалі ад самоты, апладысменты зашкальвалі. І ніхто не сышоў! Можа, хацелі даведацца, чым скончыцца сюжэт?

Расійскія ж крытыкі, ухваліўшы нашу “Сівую легенду”, даволі скептычна ўспрынялі прэм’ернага “Князя Ігара”, наноў пастаўленага расійскім жа рэжысёрам Юрыем Аляксандравым. Удумлівае паглыбленне ў гістарычнае супрацьпастаўленне Расіі і ўсходніх плямёнаў, адпаведнае музыцы А.Барадзіна, дзе канфліктнасць заменена яркай кантраснасцю, падалося ім… непатрыятычным. “Пэўна, у вас іншая ментальнасць”, — канстатавалі яны. Трэба спадзявацца, з цягам часу талерантнасць беларусаў распаўсюдзіцца і на оперы Р.Вагнера. Асабліва пасля таго, як адна з найбольш “простых” — “Лятучы Галандзец” — хутка будзе пастаўлена ў нашым тэатры.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"