Цяпер — "двойня". Дзесяць — наперадзе

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Прэм’ера: свая і прадзюсарская

Новы год “Беларусьфільм” сустракае з асаблівым настроем. Не толькі таму, што яго папярэджвае прафесійнае свята — Дзень беларускага кіно. Сёлета святы ўзмацніліся пачаткам працоўных будняў, што ўжо само па сабе свята: распачаліся здымкі 3 — 12 серый тэлестужкі “Вой, ма-мач-кі!..”. Дарэчы, у трэцяй (і знятай другой) падзеі адбываюцца акурат пад Новы год.

Рэжысёр — Іван Паўлаў, вядомы па такіх фільмах, як “Свежына з салютам”, “На спіне ў чорнага ката”, “Усё, што нам трэба”. У галоўнай ролі — урача і загадчыка аддзялення — Вера Палякова. Першыя дзве серыі змаглі ацаніць журналісты. Сабраліся адно “мамачкі” — рэальныя і патэнцыйныя.

/i/content/pi/cult/407/8316/8-1.jpeg

Серыял блізкі да камедыйнай меладрамы, але гумар у ім не мае нічога агульнага з іроніяй, а тым больш пародыяй, — гэта добрая, ласкавая ўсмешка. Бо дзея адбываецца ў раддоме, ды яшчэ ў аддзяленні паталогіі. Хіба ж тут да залішніх жартаў?

Праект гэты — беларуска-расійскі, разлічаны на паказ па расійскіх жа тэлеканалах. З улікам патрабаванняў, якія выстаўляюць тамтэйшыя прадзюсары. Але яго сапраўдную нацыянальную прыналежнасць, яго “ментальнасць”, пры ўсёй агульначалавечай тэме, не схаваеш. Фільм — вельмі добры. Спагадлівы. Без мітусні. Без надакучлівых паўтораў. З недаказанасцю, што быццам ахінае вэлюмам беларускіх туманоў. Мяккі па сваім характары — і характарах сваіх герояў.

Гэта асабліва адчувальна ў тых момантах, што былі дададзены расіянамі. У раддом трапляе артыстка ТЮГа — з навагодняга ранішніка, дзе яна скакала зайчыкам. І ўрач, агледзеўшы цяжарную (а тая, вядома, у грыме) “фоткае” яе сваім мабільнікам, хаваючы смех. “Здымку на памяць” у сцэнарыі не было, гэта прыдумаў расійскі акцёр Аляксандр Макагон. Наша Алеся Пухавая запытала ў рэжысёра: “Адрэагаваць можна?” І — задрыжала вуснамі, хаваючы слёзы… Бурклівая санітарка-“камандзірша” таксама з’явілася з-за настойлівасці расіян, якія ўбачылі ў гэтым вобразе выяўленне народнай мудрасці. У нас, безумоўна, такіх “бабуль” хапае. Але ж народную мудрасць мы асацыіруем з іншымі постацямі — Галіны Макаравай, Стэфаніі Станюта, якія, пры ўсёй “сялянскай”, па савецкіх часах, скіраванасці беларускага мастацтва, заўсёды надавалі сваім гераіням адценне ўнутранай шляхетнасці. Адмаўляюцца нашы суседзі і ад залішняй, на іх думку, “паэтыкі”: “касмічнага” пралогу кожнай серыі, на фоне якога ідуць пачатковыя цітры, асобных назваў для кожнай часткі серыяла (а першыя дзве серыі аказаліся яшчэ і знітаванымі праз гэты прыём: назва другой спачатку “выпадкова” з’явілася ў першай — бы афіша спектакля “Трусишка зайка серенький…”). Дый будучая перастаноўка фінальнай песні Сяргея Сухамліна на пачатак, пэўна, пазбавіць серыі таго “настальгічнага шлейфу”, што дае ўласцівую беларусам звычку паступовасці пераходаў з аднаго стану ў другі, якая, у сваю чаргу, дапамагае спакойна, разважліва асэнсаваць убачанае.

Адна з найбольш адметных вартасцей фільма — не толькі шырокі ўдзел (і папраўдзе цудоўная ігра!) многіх і многіх беларускіх артыстаў, але і добры сцэнарый, чаго часам так бракуе іншым беларускім стужкам. Ён зроблены ў тандэме: да ўжо спрактыкаванай Юліі Ляшко, вядомай па сцэнарыях “Пяшчотная зіма”, “Рыфмуецца з каханнем” ды іншых, далучылася Людміла Перагудава, якая раней нічым такім не “забаўлялася”. Але ж абедзве аўтаркі — вядомыя журналісткі, калегі і паплечніцы, наўпрост звязаныя з кінамастацтвам: абедзве працуюць у часопісе “На экранах”. Таму адначасова могуць і сачыніць нешта — і тут жа гэта раскрытыкаваць. А на маю рэпліку (чым, маўляў, вас так пакрыўдзіла музычны крытык Святлана Берасцень, што вы далі ейныя імя і прозвішча не самай станоўчай гераіні?) яны нават спалохаліся. Бо, прызналіся, публікацый яе ніколі не чыталі, саму яе не ведалі, дый у гераіні, паводле сцэнарыя, было іншае прозвішча. Яго папрасілі замяніць — і раптоўна “ўсплыло” гэта. Хаця ў іншых выпадках яны наўмысна імкнуліся выкарыстаць “намёкі” на сваіх выкладчыкаў, пачынаючы з Ефрасінні Бондаравай — адной з заснавальніц беларускай кінакрытыкі.

Можа, гэты жыццёвы выпадак стане штуршком для новага сцэнарыя?..

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"