Студзень у Брэсце заўсёды “гарачы”

№ 1 (1075) 05.01.2013 - 12.01.2013 г

8 — 12 студзеня ў Брэсце пройдзе XXV Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”. У адпаведнасці з юбілейнай лічбай, у ім, як плануюць арганізатары (а гэта Міністэрства культуры Беларусі, Брэсцкія абласны і гарадскі выканкамы, мясцовае аддзяленне Саюза музычных дзеячаў, абласное музтаварыства), возьмуць удзел прадстаўнікі 25-і краін свету.

Дырэктар фестывалю Лілія Батырава, займаючыся складаннем фестывальных праграм, практыкуе своеасаблівыя “гала-канцэрты”, калі за вечар, змяняючы адно аднаго, выступаюць некалькі калектываў і знаных салістаў. Сярод іх — спявак Уладзіслаў П’яўко, піяніст Барыс Блох, скрыпачка Ліяна Ісакадзэ, трыа італьянскіх тэнараў, духавы квінтэт з Германіі, Львоўскі камерны аркестр “Акадэмія” ды іншыя. Весці канцэрты ўпершыню запрошаны народны артыст Расіі Святаслаў Бэлза, які летась справіў 70-годдзе і 40-годдзе працы на тэлебачанні. Шырока будуць прадстаўлены сёлета і беларускія музыканты.

— Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы, — адзначае намеснік дырэктара Аліцыя Манькоўская, — неаднойчы ўдзельнічаў у фестывалі. Але звычайна гэта былі асобныя нумары некаторых нашых калектываў ды навучэнцаў. Сёлета ж дзвюхгадзінны “сольнік” нашай навучальнай установы з’яўляецца першым канцэртам форуму і праходзіць пад назвай “Уверцюра фестывалю”. Выступяць усе чатыры аркестры каледжа, два хоры, наш ансамбль цымбалістаў “Лілея”, ансамбль народнай песні “Купавушка”, іншыя камерныя склады, а таксама пераможцы нядаўняга Міжнароднага конкурсу ў Эстоніі “Нарва запальвае зоркі”. Фіналам стане Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Ф.Ліста, дзе з нашым студэнцкім калектывам будзе саліраваць народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў. Такая вечарына — не толькі вялікі гонар для нас, а яшчэ і прызнанне высокага прафесіяналізму нашых выхаванцаў і, зразумела, усяго педагагічнага складу каледжа.

Прымаюць удзел у свяце і прафесійныя мясцовыя калектывы: сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, камерны аркестр Брэсцкай абласной філармоніі, Брэсцкі гарадскі духавы аркестр. Запрошаны і вядучыя сталічныя склады: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, а таксама абодва Нацыянальныя акадэмічныя народныя — аркестр імя І.Жыновіча і хор імя Г.Цітовіча.

— Для юбілейнага фестывалю, — распавядае народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец, — мы прапанавалі разнастайную па жанрах ды стылях праграму, дзе ёсць і творы беларускіх кампазітараў: “Святочная паэма” Яўгена Глебава, “Дзівосы Купалля” Уладзіміра Кур’яна. Падрыхтавалі і сюрпрыз: Аляксандр Крамко зрабіў для народнага аркестра пералажэнні і апрацоўкі твораў Ігара Карнелюка, бо той, як вядома, — ураджэнец горада над Бугам. Атрымалася сюіта з яго музыкі да фільма “Майстар і Маргарыта”...

— Прыемна, — кажа народны артыст нашай краіны Аляксандр Анісімаў, які ўзначальвае “сімфанічны філарманічны”, — што арганізатары фестывалю знаходзяць грошы для прыезду такіх буйных калектываў. Наш аркестр стаў ужо амаль пастаянным удзельнікам “Студзеньскіх музычных вечароў”, у Брэсце нас заўсёды прымаюць вельмі цёпла…

Н.Б.