Добра бачыць

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Інтэрпрэтатар навакольнага свету

Пад назвай “Свет рэчаў і пачуццяў” у Нацыянальным мастацкім музеі адбылася выстаўка заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, Ганаровага члена Расійскай акадэміі мастацтваў, прафесара Уладзіміра Зінкевіча. У экспазіцыі прадстаўлена каля сямідзесяці жывапісных кампазіцый, створаных мастаком за апошнія шэсць гадоў.

У сваёй творчасці Уладзімір Леанідавіч асэнсоўвае рамантычныя якасці навакольнага свету. Ім створана ўласная вобразна-пластычная сістэма, заснаваная на сімвалічнай інтэрпрэтацыі вобразаў. Мастак у сваіх работах перадае цэласную сувязь чалавека з прыродай, дасягаючы ўздзеяння на гледача пры дапамозе выразных колеравых рашэнняў, вывераных форм і арыгінальных кампазіцыйных пабудоў.

/i/content/pi/cult/405/8301/2-2.jpeg

Творчасць Уладзіміра Зінкевіча вылучаецца ўнікальнай змястоўнасцю і незвычайным тлумачэннем дзіўных з’яў навакольнага свету. Створаныя ім вобразы напоўнены вялікімі пачуццямі і не паддаюцца спрошчанай інтэрпрэтацыі. Мастак карыстаецца ўласнай, уласцівай толькі яму, мастацкай мовай, унікальным арсеналам выразных сродкаў працы з колерам і лініяй. У кожнай кампазіцыі заўсёды прысутнічае сам прадмет творчага даследавання альбо намёк на яго. Творчасць Уладзіміра Зінкевіча не падлягае тыражаванню — яна заўсёды аўтарская, індывідуальная. Пластычна-вобразныя задумы ўвасоблены ў серыях жывапісных работ, сярод якіх — найбольш вядомыя “Старое віно”, “Забавы Вадалея”, “Гарбата каля мора”, "Пара туманоў", "Зімовыя пейзажы" ды іншыя.

Мастацтва Уладзіміра Зінкевіча — з традыцыямі і бляскам навізны — займае годнае месца ў мастацкай іерархіі сучаснага мастацтва Беларусі. Сам творчы шлях майстра з’яўляецца прыкладам надзвычай яснай і лагічна абумоўленай творчай стратэгіі. Палітра мастака валодае дзіўным магнетызмам і асацыятыўнай змястоўнасцю. Яму ўласціва тонкае пачуццё колеру, бліскучае кампазіцыйнае майстэрства, прафесійная культура і глыбокая інтэлігентнасць. Палотны Уладзіміра Зінкевіча адзначаны рэдкай мастацкай самабытнасцю, асаблівай філасофіяй, унікальнасцю пластычнай мовы, глыбокім веданнем і пачуццём прыналежнасці да культуры свайго народа. Ён заўсёды “добра бачыць” не толькі саму прастору палатна, але і прастору ўсёй мастацкай сцэны.

/i/content/pi/cult/405/8301/2-3.jpeg

Жывапісная творчасць Уладзіміра Зінкевіча зведала мноства трансфармацый на шляху адкрыцця лёгкапазнавальнага почырку. Пышная манатоннасць жывапіснай манеры аўтара не стварае адчування "цяжкаважнасці". Яго карцінам, як невялікага памеру, так і буйнафарматным, уласціва надзвычай свежае эмацыйнае ўспрыманне, глыбокае стаўленне да адбору ўражанняў, выразнасць рытмічнай структуры і заканамернасць усіх дэталей ды элементаў. Вялікае значэнне мае паўтаральнасць матываў у цыклах. Да іх адносяцца дрэвы, заслона туману, таямнічы жаночы вобраз. Такая ўзаемная сувязь сведчыць пра пастаяннае развіццё канцэпцыі творчасці.

Уладзімір Зінкевіч стварае свае работы, зыходзячы з назіранняў і вывучэння ўласных эмоцый. Яго творы сталі выразным адлюстраваннем свету пачуццяў і рэчаў. Што б мастак ні пісаў — партрэт, пейзаж або нацюрморт, — мэта яго ў тым, каб выявіць імкненне да гарманічнага адзінства з навакольным светам.

Міхаіл БАРАЗНА, кандыдат мастацтвазнаўства, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў