Эпізоды Радзівілаў

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

“Легенды…” на службе ў скарбніцы

Напярэдадні свята Божага Нараджэння ў каталікоў тэлеканал “АНТ” прадэманструе новую стужку “Белвідэацэнтра” “Легенды Нясвіжскага замка”. Прэзентацыя карціны адбылася крыху раней — 19 снежня — у старажытных мурах Нясвіжскага палаца. Урачыстая атмасфера, старадаўняя музыка, артысты ў магнацкіх строях... На месцы, дзе цягам чатырохсот гадоў развіваліся найбольш важныя падзеі айчыннай гісторыі, аповед пра іх удзельнікаў успрымаўся з асаблівымі эмоцыямі.

Зрэшты, “Легенды...” — не чарговы “відэападручнік” гісторыі, а захапляльнае і часам вельмі кранальнае відовішча з жыцця самага вядомага магнацкага роду Беларусі. Рэжысёр Настасся Мірашнічэнка і аўтар сцэнарыя Алена Антанішына вырашылі ўвасобіць на экране найбольш цікавыя эпізоды, звязаныя з Радзівіламі ды іх Нясвіжскай “штаб-кватэрай”. Сярод дзеючых асоб стужкі — Барбара Радзівіл, ейны каханы Жыгімонт Аўгуст і постаць яе двайніка — Чорнай Панны, заснавальнік ардынацыі Мікалай Радзівіл “Сіротка” і Дамінік Геранім Радзівіл, італьянскі архітэктар Джавані Бернардоні і перадапошні гаспадар Нясвіжа — Антоній Альбрэхт, юная Марыся ды яе гаротны каханы. Гісторыі з іх жыцця прадстаўляюць прафесійныя гісторыкі ды знаўцы роду Радзівілаў.

/i/content/pi/cult/405/8300/2-1.jpeg

Кожны з герояў карціны, нават легендарныя асобы, прадстаўлены ў сваім дакладна прапрацаваным гістарычным вобразе — стваральнікам карціны ўдалося знайсці баланс паміж ігравым і дакументальным, навуковым і забаўляльным. Аўтары фільма прыдумалі драматургічны ход: чатыры з паловай стагоддзі радзівілаўскага Нясвіжа ўдалося звязаць у адзінае праз старыя фотаздымкі. Галоўная гераіня стужкі — дзесяцігадовая Эльжбетка, якая прыязджае да бацькі ў палац на летнія канікулы і атрымлівае ў падарунак фотакамеру. Постаці айчыннай гісторыі праяўляюцца на ейных здымках. А сама Эльжбетка паўстае ў фінале карціны ўжо зусім дарослай кабетай пад час свайго наведання родавага гнязда...

Для творчага дуэта Настассі Мірашнічэнка і Алены Антанішынай дадзеная стужка — ужо другі зварот да гісторыі нясвіжскіх магнатаў: колькі месяцаў таму “К” пісала аб прэм’еры іх карціны “Фаўст Радзівіла” пра знакамітага стваральніка першага музычнага твора паводле вядомай паэмы Гётэ. Як і першы фільм, “Легенды Нясвіжскага замка” — вельмі якасная ў мастацкім плане карціна, з прафесійнымі акцёрамі, шыкоўнымі касцюмамі ды здымкамі ў інтэр’ерах, якія памятаюць персанажаў карціны. Пры яе праглядзе цяжка паверыць у тое, што пастановачныя эпізоды былі зняты ўсяго за тры дні: здымачная група на чале з Настассяй Мірашнічэнка літаральна зрабіла цуд і даказала, што ёй пад сілу поўнаметражнае мастацкае кіно. Менавіта высокім мастацкім узроўнем вылучаюцца стужкі “Белвідэацэнтра” сярод мноства тэлеперадач аб Радзівілах, якіх асабліва шмат было створана за апошні час.

— Нашы супрацоўнікі з асаблівым імпэтам працавалі над гэтым фільмам, бо ведалі, што яго будуць глядзець не толькі ў Нясвіжы і нават не толькі ў Беларусі, — распавёў на прэзентацыі дырэктар РУП “Беларускі відэацэнтр” і прадзюсар карціны Юрый Ігруша. — “Легенды Нясвіжскага замка” ствараліся пры фінансавай падтрымцы найбуйнейшага айчыннага банка, што адразу замовіў тыраж у 3,5 тысячы дыскаў. Адзін з іх ужо падораны прадстаўнікам роду Радзівілаў, якія паабяцалі паказаць стужку спадарыні Эльжбеце — дачцэ перадапошняга ўладальніка Нясвіжскага замка. Так, яна і стала прататыпам галоўнага вобраза ў нашым фільме…

Дыск са стужкай ужо могуць набыць усе наведвальнікі Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу ў шапіку з фірменнымі радзівілаўскімі сувенірамі. Пакуль гатова толькі рускамоўная версія стужкі, але ў бліжэйшых планах — і беларускамоўны варыянт.

— Мы вельмі задаволены супрацоўніцтвам з “Белвідэацэнтрам”, — кажа дырэктар Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу Сяргей Клімаў. — Новая стужка стане добрым дадаткам да таго, што ўжо напісана і знята аб Нясвіжы. Думаю, кінематаграфісты і надалей не пакінуць родавае гняздо Радзівілаў па-за сваёй увагай — будзе вельмі цікава, нарэшце, убачыць і ігравы поўнаметражны праект, прысвечаны гісторыі славутай фаміліі…

Сапраўды, цікавы падыход да гісторыі і майстэрства аўтараў “Легенд Нясвіжскага замка” можна ставіць толькі ў прыклад: нясвіжская калекцыя атрымала яшчэ адзін каштоўны экспанат...