Прастора “Люцыяна Таполі”

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Прэм’ера, “Супер!” і “Так, але…”

Да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка кампазітар Ларыса Сімаковіч, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча на чале з народным артыстам Беларусі Міхаілам Казінцом, Дзяржаўная харавая капэла імя Р.Шырмы, салісты, сярод якіх былі і ўдзельнікі фольк-тэатра “Госціца”, прадставілі прэм’еру rondo-оперы “Люцыян Таполя”.

Твор атрымаўся незвычайны. І справа зусім не ў яго дзіўным жанравым азначэнні, якое не мае аналагаў у сусветнай практыцы. Такая назва — хутчэй, для “рэкламы”. А твор і папраўдзе новы — не толькі па часе напісання (партытура ўзнікла сёлета, акурат да пачатку новага канцэртнага сезона), але і, галоўнае, па сваім музычным напаўненні.

Творчыя адкрыцці ў ім, маленькія ды вялікія, — літаральна на кожным кроку. Твор літаральна фантануе кампазітарскімі знаходкамі! Аўтарская аркестроўка рэзка адрозніваецца ад звычайнага раскладу. Часам аркестр гучаў папраўдзе імпрэсіяністычна, быццам стаўшы часткай прыроды. Інструментальныя групы давялося крыху падгучваць, але мы пачулі надзвычай каларыстычныя цымбалы, трактаваныя не як “ударныя” інструменты, па якіх трэба біць палачкамі колькі хопіць моцы (разнастайных ударных у партытуры, дарэчы, столькі, што музыканты ледзь паспяваюць пераходзіць ад аднаго да другога — літаральна рук не хапае), а як чуллівыя струнныя, здольныя не толькі выдаць безліч разнастайных фарбаў, але і стварыць атмасферу “агучанага паветра”, што быццам само па сабе дыхае музыкай. Ледзь не ўпершыню ў музыцы для народнага аркестра на першы план выйшла не чаргаванне цымбальных “трымценняў” з баянным раздоллем ды, асабліва ў апошніх аранжыроўках, панаваннем электрагітары, а сама прырода цымбалаў — струнная і… драўляная, што так цудоўна адцяняла і дапаўняла сола драўляных духавых. Па-новаму былі прачытаны фальклорныя павевы, у агульную канву твора ўдала ўплялася аўтэнтычная манера народных спеваў. А яшчэ — эстрадны вакал. Оперны. Энергетыка “скарагаворкі”, блізкай да рэпа, што, як высвятляецца, працягвае традыцыі “вечнага руху”. І сольныя вакалізы, і спевы з закрытым ротам, часам больш красамоўныя за “падтэкставаныя”.

/i/content/pi/cult/405/8299/1-3.jpeg

Праца з літаратурным тэкстам — на ўзроўні фантастыкі. Адштурхнуўшыся ад паэмы “Люцыян Таполя”, кампазітар стварыла ўласнае лібрэта, дзе выкарыстала і іншыя вершы. Шчодра выкарыстала гульню слоў, калі асобныя склады, часткі слоў, спалучэнні канчатка аднаго слова і пачатку наступнага ўтвараюць новыя сэнсавыя адценні ці працягваюць музычную санорыку, узбагачаючы яе на ўзроўні яшчэ і фанетыкі.

Дадайце сюды развітую сістэму лейтматываў, сапраўднае сімфанічнае развіццё, незвычайную музычную драматургію, дзе ронда трактавана не як музычная форма, а як колаварот-кругазварот — пор года і самога жыцця. Ды толькі ўсё гэта — дробязь у параўнанні з той сэнсавай філасофскай глыбінёй, на якую ўзнята амаль анекдатычная сітуацыя: маўляў, забаранілі мастаку працаваць, а потым не пазналі яго — і замовілі надзвычай адказны “праект”, дзе ён на эзопавай мове выказаў усё, што думае пра “заказчыкаў”. Паслядоўнае развіццё падзей — толькі фон, на якім паўстае Праўда — галоўная гераіня оперы. У кампазітара яна была пазначана як Голая праўда, што адразу выклікала паралелі са старадаўнім жывапісам на біблейска-міфалагічныя тэмы. Але засталася — проста Праўда, бо “голым” атрымалася ўвасабленне оперы: проста канцэртнае выкананне. Нават без аніякай тэатралізацыі і элементаў рэжысуры, падрыхтаванай самой Ларысай Сімаковіч.

Тут і пачынаюцца гульні ў “так, але…”. Так, усе салісты былі — супер. Акрамя самой Сімаковіч, што паўстала згаданай Праўдай, гэта Ян Жанчак, які спалучаў рэпетыцыі партыі Люцыяна Таполі з удзелам у фінале нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне”. Гэта і салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Дзіяна Трыфанава, якая ўзняла сваю Тэклю на вяршыню оперных спеваў. Гэта і надзвычай артыстычны, здольны без слоў, адно інтанацыяй адлюстраваць усю гаму пачуццяў і супярэчлівасць характару Біскупа, саліст аркестра Ігар Задарожны, які літаральна напярэдадні прэм’еры зладзіў свой чарговы сольны вечар з новай праграмай. І, канешне ж, дзяўчаты з “Госціцы"...

Але… Яшчэ задоўга да прэм’еры артысты хору не хавалі сваёй іроніі і нават абурэння на адрас партытуры. Не сцішылі яны свой негатыў і пасля выканальніцкага поспеху. Можа, ва ўсім вінаваты далёка не “цукровы” характар літаральна любога з творцаў? Ці разгадка — у гістарычных паралелях? Узгадалася, як у свой час выканаўцы адмаўляліся ўдзельнічаць у операх Р.Вагнера. Узгадалася і тое, з якім піетэтам нашы музыканты неаднойчы звярталіся да найскладаных твораў замежных кампазітараў. Можа, яшчэ і са спадзяваннем, што з гэтым рэпертуарам іх запросяць на гастролі? Цікава, ці змянілася б стаўленне да нацыянальнага твора, калі б з ім і сапраўды ехалі на замежны фестываль?

Апошняя думка, дарэчы, патрабуе асобнага абмеркавання. Сапраўды, мы неяк прызвычаіліся, што нашы нацыянальныя творы — для “ўнутранага карыстання”. А яно, між тым, надзвычай кароткае. І, за рэдкім выключэннем, не выходзіць за рамкі аднаго-адзінага сталічнага паказу. Можна, вядома, скардзіцца на густы публікі, на недахоп грошай, неабходных для паездкі вялікага калектыву (а ў выпадку з “Люцыянам Таполяй” — нават двух). А можна падумаць пра іншае: як зрабіць “нацыянальны прадукт” не толькі канкурэнтаздольным, але і вядомым. Гэтым разам кампазітар не займалася распаўсюджваннем білетаў. Ці займаўся хто-небудзь гэтым увогуле? Так, былі афішы. Быў і ролік на тэлебачанні. Але не было пошуку так званай мэтавай аўдыторыі. Таму абышлося без звыклага аншлагу.

Шкада. Тым больш, што гэты твор адкрывае новыя шляхі развіцця і народнага аркестра, і самога жанру оперы. А значыць, лёс прэм’еры будзе ў той або іншай меры ўплываць на далейшы разгорт падзей: дасць пачатак новым шляхам у мастацтве — ці застанецца “спыненай лініяй”, якая будзе чакаць свайго працягу дзесьці ў аддаленай будучыні. Пра беларускую оперу з народным аркестрам марылі ў 1930-я гады. Узнікла такая опера — у 2012-м. А калі будзе пастаўлена? Можа, яе “адкрые” які-небудзь замежны фестываль? Здаецца, гэта больш рэальна, чым усё астатняе…

На здымку: у час прэм'еры.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"