Біенале. Тэстамент і лабараторыя

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

“Неканцэптуальная канцэпцыя”, або Усё лепшае — у наяўнасці

Гэтая выніковая рэспубліканская мастацкая выстаўка, якая толькі што скончыла сваю працу ў сталічным Палацы мастацтва, называлася “Тэстамент. Трэцяе Беларускае біенале жывапісу, графікі, скульптуры”. І прысвечана яна была памяці таленавітага жывапісца Сяргея Цімохава, намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці: менавіта ён з’яўляўся натхняльнікам ды “ідэолагам” першых двух аналагічных біенале. Акрамя таго, “візуальны” арт-праект стаў і эксперыментальнай формай адкрытай мастацкай лабараторыі, у рамках якой уся прастора залаў была ператворана ў адну вялікую майстэрню, дзе аўтары выстаўкі ў рэжыме “тут і зараз” стваралі свае арт-аб’екты проста на вачах у гледачоў, ладзілі майстар-класы, чыталі лекцыі, на фоне мастацкіх твораў праводзілі музычныя праграмы...

/i/content/pi/cult/405/8298/1-1.jpeg

Я прыйшоў на выстаўку ў адзін з панядзелкаў, калі Палац не працаваў для гледачоў, але для мяне ветліва адкрылі ўсе залы, і я мог тры гадзіны ў поўнай адзіноце правесці час сам-насам з жывапіснымі творамі, скульптурнымі кампазіцыямі ды графічнымі экзерсісамі. Ведаеце, гэта так здорава, калі табе ніхто не перашкаджае глядзець мастацтва і моўчкі разважаць наконт убачанага! Шчыра кажучы, калі я ішоў на выстаўку, у мяне чамусьці былі сумневы: ну вось, чарговая “справаздача” Саюза мастакоў, будзе, як гэта неаднойчы бывала, “вінегрэт”, “хто як папала”, папрыносяць мастакі свае гадамі заляжалыя ў майстэрнях сырыя работы, каб выставіцца… Хіба можна за два мінулыя гады, пасля Другога біенале, стварыць нешта талковае, запамінальнае, прычым ведаючы, што твор наўрад ці хто купіць? На шчасце, я памыліўся: выстаўка мне ў цэлым спадабалася. Прынамсі, ад яе я атрымаў больш задавальнення, чым ад раскручанага і фінансава вельмі дарагога Першага Мінскага трыенале сучаснага мастацтва ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭКСПА”.

І вось, праходзячы па экспазіцыі ўсіх чатырох выставачных залаў, я падумаў: прыйшоў час, калі ў мастацтве ўсё стала дазволена. І здаецца, калі ўжо стары выставачны камітэт знік, а цэнзура сціпла скруцілася ў куце камячком, дык не існуе моцы, здольнай утрымаць нашых мастакоў, асабліва — маладых, у межах якіх-небудзь прымусаў. Кінуліся хто куды, і кожны паспяшаўся прысягнуць свайму ідалу ці нейкаму ідэалу ў мастацтве: ад “постмадэрнавых” зорак першай чвэрці ХХ стагоддзя да класікаў старога добрага рэалізму, ад пошукаў абстрактнага “філасофскага каменя” да “касмічных” “рэінкарнацый” забытых і зніклых з’яў ды прадметаў.

Паглядзіце, якія розныя асобы, розных узростаў і характараў, зусім не падобныя адно да аднаго па ўспрыманні мастацтва і рэчаіснасці, часта поўныя процілегласцей, стаяць побач: А.Кашкурэвіч і Ю.Хілько, Ю.Гаўрын і М.Басаў, В.Касцючэнка і М.Бушчык, С.Малішэўскі і С.Рымашэўскі, П.Амялюсік і А.Меранкоў, І.Козел і М.Бандарчук, Л.Макатун і Р.Цімохава, а таксама Ю.Мядзведзеў, П.Вайніцкі, С.Гумілеўскі і С.Аганаў (чаму, дарэчы, назвы скульптурных работ чатырох апошніх напісаны ад рукі і так неахайна?). Спіс “добрых і розных” можна доўжыць, але мне асабліва хочацца адзначыць творы С.Цімохава: трыпціх “Спас”, дыптых “Кантата” — вельмі пранізлівыя работы, а таксама адну з апошніх у яго жыцці карцін — “Прысвячаецца Максіму Багдановічу” як своеасаблівы рэквіем па аўтары “Вянка” і, як сталася, па сабе.

/i/content/pi/cult/405/8298/1-2.jpeg

Словам, тое, што я ўбачыў у экспазіцыі, зразумела, і тут ніякай натужлівай “канцэпцыі” не трэба: амаль усе мы выйшлі з той прасторы, якая была кожнаму прадвызначана лёсам, зыходзячы з прыроднага таленту, выхавання, менталітэту, жадання пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства і імкнуцца апынуцца ў віры невядомага. І таму мне здаецца, што гэтая выстаўка можа стаць памятнай вяхой у мастацкім жыцці Беларусі 2012 года не толькі па вялікай колькасці экспануемых твораў — больш за дзвесце (ці ж гэта жартачкі: усе чатыры залы Палаца былі аддадзены ста пяцідзесяці мастакам, сярод якіх — розныя пакаленні: ад старэйшых нашых аксакалаў да нядаўніх выпускнікоў БДАМ), але і таму, што паказала практычна ўсе новыя, яшчэ “цёпленькія”, работы 2011 — 2012 гадоў, часткова — 2010-га.

Канешне ж, пры павярхоўным знаёмстве з экспазіцыяй можа падацца, што творы сабраны выпадкова: ад кожнага аўтара — “па здольнасці”, дакладней, паўтаруся, канцэптуальнай арыенціроўкі тут няма. Хаця не: спроба паказаць усё лепшае, што адбылося ў станковым мастацтве за апошнія гады ў краіне, — хіба ж гэта не канцэпцыя?

Хачу адзначыць адну характэрную рысу экспазіцыі: абвостранае пачуццё гістарызму, пастаянныя дыялогі з мінулым, з “духам” калісьці страчаных маральных каштоўнасцей, з “цяплом” роднай зямлі. І вобразы гэтага напаўзабытага мінулага нібыта ўсплываюць у нашы дні; некаторыя з сучасных перажыванняў ды разважанняў выражаюцца гістарычнымі калізіямі і аналагамі. Відавочна, што ва ўсім гэтым адлюстроўваецца тое вострае развіццё гістарычнай памяці нашага грамадства, якое так дакладна і зразумела пачало высвятляцца гадоў пятнаццаць — дваццаць таму, калі мы сталі па-сапраўднаму ўсведамляць сваё нацыянальнае самаадчуванне, самасвядомасць. Таму я з такой увагай углядаўся ў “гістарычныя” і “міфалагічныя” рэмінісцэнцыі, у творы нацыянальнай і “сусветнай спагадлівасці”, у работы, скіраваныя да памяці продкаў (М.Басалыгі, Г.Паплаўскага, К.Камала, Ю.Несцерука, В.Мартынчука, Л.Хобатава, В.Нямцова, А.Мары)... Нарэшце, выстаўку літаральна захлынула гульнёвая стыхія іншасказанняў, прыпадабненняў, умоўных прыёмаў, метафар, асацыяцый. Разумны глядач міжволі ўцягваецца ў сутворчасць. Аўтары давяральна звяртаюцца да яго ўяўлення, фантазіі. Пасіўнасць успрыняцця пры гэтым выключаецца, а чараўніцтва мастацкага пераасэнсавання жыцця набывае нейкі свабодны палёт. Гэты свабодны палёт мыслення адчуваецца ў такіх творах, як “Поле” У.Савіча, “Стрэчанне зімы і вясны” В.Балтовіча, “Метамарфозы ночы” В.Герасімава, “Чужы супраць драпежніка” А.Некрашэвіча, “Карабель надзей” А.Концуба, “Менск. Спроба рэінкарнацыі” Р.Сітніцы, “Фамільны альбом” А.Сільвановіча, “Зямля” А.Грышкевіча, “Пражытыя гады” А.Вараб’ёва...

Так што патэнцыял нашых мастакоў — вялікі. І гэта радуе. Асабліва калі лічыць, што ў сённяшняе мастацтва арганічна і цудоўна ўлілася вялікая плынь таленавітых, а галоўнае — маладых мастакоў, якія думаюць, мысляць. За імі — будучыня...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"