“Гэты мілы чалавек, велізарнае дараванне…”

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Мастак, які першым напісаў партрэт Янкі Купалы з натуры

(Заканчэнне. Пачатак у № 50.)

...Тут ён сустрэўся і пасябраваў з некаторымі мастакамі мясцовага былога Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў (цяпер — дом № 17 па вуліцы К.Маркса), потым — Літаратурна-артыстычнага таварыства, сярод якіх былі Ф.Рушчыц, М.Сляпян, Л.Альпяровіч, Я.Кругер, Я.Тышынскі, К.Ермакоў, П.Мрачкоўская. Справа ў тым, што якраз на пачатку 1910-х у Мінску шмат разоў ладзіліся выстаўкі, на якія запрашаліся не толькі мастакі з гэтага горада ды беларускіх губерняў, але і з суседніх расійскіх ды польскіх рэгіёнаў. Магчыма, гэта была адна з прычын першага наведання Полазавым нашага горада. Яшчэ магу дапусціць, што Мінск і яго творчая атмасфера спадабаліся мастаку і ён разам з сям’ёй вырашыў праз нейкі час перабрацца сюды на сталае месца жыхарства. Дакладна вядома: у лютым 1914 г. ён ужо выкладаў рысаванне, жывапіс і чыстапісанне ў Мінскім рэальным вучылішчы.

Гэтае вучылішча было заснавана летам 1880 г. і знаходзілася на рагу вуліц Захар’еўская і Паліцэйская. У час настаўнічання Полазава тут займалася больш за 270 чалавек, сярод якіх быў і будучы народны артыст СССР Барыс Платонаў. А першым дырэктарам установы стаў І.Самойла, сын якога Уладзімір, крытык і публіцыст, рыхтаваў Янку Купалу да паступлення ў гэтае вучылішча, а потым дапамог яму надрукаваць першы верш на беларускай мове ў газеце “Северо-Западный край”. Вучылішча знаходзілася на перакрыжаванні цяперашняга праспекта Незалежнасці з вуліцай Янкі Купалы — там, дзе зараз невялічкі гастраном, на процілеглым баку (па дыяганалі) ад цырка…

/i/content/pi/cult/405/8291/1-1.jpeg

Першая сусветная вайна заспела Полазава на Падольшчыне, на расійска-аўстрыйскім памежжы, куды мастак выправіўся ў творчую паездку, так бы мовіць, на пленэр. Але задавальнення, мабыць, ён там не атрымаў, хаця шмат намаляваў пейзажаў ды эцюдаў. Дый фінансавыя цяжкасці і хваробы блізкіх людзей не давалі яму спакою. У Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца цікавае прашэнне Полазава на імя дырэктара Мінскага рэальнага вучылішча з просьбай аказаць яму грашовую дапамогу. Вось гэтае прашенне.

“Яго Экселенцыі Спадару Дырэктару

Мінскага Рэальнага вучылішча

выкладчыка чарчэння і малявання

Полазава Дзмітрыя Мікалаевіча

Прашэнне

Сёлета, у сакавіку месяцы, мне давялося панесці вялікія выдаткі на лячэнне жонкі і аперацыі, зробленыя двум дзецям (апендыцыт і аперацыя на горле) у Маскве, дзе я мусіў быў жыць на працягу паўтара месяца разам са сваёй сям’ёй. Пераезд са Смаленска ў Мінск, выкліканы маім пераводам, патрабаваў новых выдаткаў на маёмасць і арганізацыі свайго побыту на новым месцы, дзе цэны на кватэры значна вышэйшыя, чым у Смаленску. Летам мне давялося, пры ў найвышэйшай ступені неспрыяльных умовах, якія пацягнулі за сабой таксама буйныя выдаткі, зусім не прадбачаныя, пакінуць аўстрыйскую мяжу ў Падольскай губерні, каб пазбегнуць жудасцяў аўстрыйскага ўварвання.

Нарэшце, вылічэнне з майго заробку 137 руб. нібыта за кошт агульнага павелічэння майго акладу (хоць раней у агульнай суме меў утрыманне не меншае, чым цяпер) — канчаткова з’елі мае і без таго спустошаныя фінансы. У сувязі з гэтымі акалічнасцямі ў мяне склалася настолькі цяжкае матэрыяльнае становішча, што я да гэтага часу не здолеў цалкам вярнуць у Смаленскае крэдытнае таварыства ўзятую на лячэнне сям’і суму, а толькі частку яе, і ў Рэальнае вучылішча прыйшла праз паліцыю папера з прадпісаннем накласці арышт на маё ўтрыманне ў памеры 409 руб. з паметкай накласці арышт на маю рухомую маёмасць. Становішча, якое склалася, змушае мяне звярнуцца да Вашай Экселенцыі з просьбай хадайнічаць за мяне перад Яго Экселенцыяй Спадаром Апекуном Віленскай навучальнай акругі пра аказанне мне грашовай дапамогі, інакш я магу застацца да свята Народзінаў Хрыстовых не толькі без утрымання, але і без кватэрнай маёмасці.

 

Выкладчык Дзмітрый Полазаў

Г. Мінск-губ. 1914 г., снежня 5-га дня”.

Але афіцыйны адказ быў наступны: “З-за беднасці адмысловых фінансавых сродкаў, а таксама з-за нядоўгага тэрміну працы сп. Полазава ў Мінскім рэальным вучылішчы ў прадастаўленні грашовай дапамогі апошняму адмовіць”. І тады Дзмітрый Мікалаевіч, каб выбрацца з гэтай багны, пайшоў на дадатковую выкладчыцкую работу ў толькі што створаны Мінскі настаўніцкі інстытут. Тут ён прапрацаваў цэлы год і за гэты час пазнаёміўся з вядомымі ды паважанымі людзьмі горада: педагогам З.Сцяпурам, будучым першым прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі У.Ігнатоўскім, багасловам айцом М.Гамолкам, мікрабіёлагам К.Кудзіным, філосафам і журналістам У.Самойлам. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Полазаў вучыў сваіх выхаванцаў не толькі рысаваць і маляваць, але і самастойна думаць. Аднак найвышэйшую адзнаку — “выдатна” — нікому не ставіў. Лічыў, што і адзнаку “добра” трэба заслужыць нястомнай працай над сабой у галіне малюнка ды чарчэння. І часта сам маляваў у класе, прычым потым аддаваў работы на абмеркаванне сваім вучням.

Летам і восенню 1918-га, калі Мінск быў акупаваны немцамі, а праз год — і палякамі, Полазаў па-ранейшаму настаўнічаў і ў Рэальным вучылішчы, і, паралельна, — у некаторых іншых установах. А калі ў Мінску канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада, Дзмітрый Мікалаевіч быў залічаны ў штат Мінскага настаўніцкага інстытута (на рагу вуліц Захар’еўская і Садовая, 113, у раёне сучаснага парку імя Я.Купалы) у якасці выкладчыка рысавання і жывапісу. Гэтая сярэдняя навучальная ўстанова, якую ўзначальваў асветнік Зміцер Сцяпура, з лістапада 1914 года рыхтавала выкладчыкаў для вышэйшых пачатковых вучылішчаў. Акрамя таго, Полазаў разгарнуў тут буйную культурна-асветніцкую дзейнасць: вёў факультатыў па гісторыі сусветнага выяўленчага мастацтва, ладзіў вечары, прысвечаныя А.Уайльду, Д.Байрану і Ш.Бадлеру, ды шмат чаго іншага. Яго грамадскай актыўнасці можна было пазайздросціць. Разам з ім настаўнічалі такія знакамітыя ў тыя часы дзеячы, як філолаг-славіст Я.Карскі і У.Ігнатоўскі, аўтар цікавай праграмы выкладання гісторыі ў інстытуце. А яшчэ тут працаваў сумна вядомы Р.Астроўскі, будучы ўдзельнік Слуцкага паўстання 1920-га, які пазней, у гады Вялікай Айчыннай, запляміў сябе супрацоўніцтвам з фашыстамі.

Розныя людзі акружалі Полазава. Але ў пачатку 1920-х самымі блізкімі яго сябрамі сталі Канстанцін Елісееў і Янка Купала. Пецярбуржац Елісееў да вайны вучыўся ў Школе падтрымкі мастацтваў у А.Рылова і І.Білібіна (пазней скончыў ВХУТЕМАС). Прыехаў у Мінск ужо будучы таленавітым газетным і часопісным графікам ды сцэнографам. Працаваў у Першым Беларускім драматычным тэатры (БДТ-1). Сярод лепшых яго работ — сцэнаграфія спектакля “Сон на Кургане” паводле Я.Купалы. Пазней, у 1930-я, рабіў эскізы касцюмаў для фільмаў “Ленін у 1918 годзе” і “Аляксандр Неўскі”. Вельмі сябраваў з С. Эйзенштэйнам. У 1945-м атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР. Пайшоў з жыцця ў Маскве ў 1968 годзе.

/i/content/pi/cult/405/8291/1-3.jpeg

Пра сваё знаёмства з Полазавым Елісееў пісаў: “…Да мяне прыйшоў мастак, што скончыў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, Дзмітрый Мікалаевіч Полазаў, па спецыяльнасці — жывапісец, які меў і другую прафесію — гісторыка… Д.М. Полазаў меў кватэру з трох пакояў, у якой жыў разам з жонкай, прыгожай дамай Аленай Іванаўнай, і дваімі дзецьмі — сынам Мікалаем і дачкой Аленай, смяшлівай і з запалам дзяўчынай 15 — 16 гадоў, з якой я хутка пасябраваў. Полазаў быў старэйшы за мяне на 10 — 12 гадоў (на самой справе — на 15. — Б.К.), і я лічыў яго сваім старэйшым таварышам. Апрача таго, як мінскі старажыл ён быў знаёмы з мясцовай інтэлігенцыяй: педагогамі, урачамі, партыйнымі работнікамі ды іншымі. Кожнага, пра каго ён распавядаў, больш-менш характарызаваў. Пра свайго сябра, віртуоза-хірурга, доктара Яўгена Уладзіміравіча Клумава, я даведаўся ад яго, што ў час Першай сусветнай вайны, калі ў Мінску сядзелі немцы, а Клумаў заставаўся ў горадзе, дзе ў яго былі хворыя, якіх ён не мог кінуць, разам з нямецкім лекарам рабіў аперацыю з дэманстрацыяй сшывання кішак…”

З Купалам было прасцей. Яны жылі побач, на Садова-Узбярэжнай вуліцы, якую мастак “апісаў” пэндзлем і алоўкам з розных бакоў. І нават потым, калі Полазаў ужо не жыў у Мінску, ён неаднойчы вяртаўся ў сваіх жывапісных опусах да гэтай вуліцы і тых блізкіх ды дарагіх людзей, якія жылі там на пачатку 20-х. Вось, да прыкладу, акварэль “Акно ў сад”: той самы драўляны дом па Садова-Узбярэжнай вуліцы, 5. Акно з аканіцамі і пераплётам белых рам. Над ім звісаюць зялёныя галінкі дрэў і кустоў, а на першым плане — невялічкі кусцік бэзу. У глыбіні, з правага боку, — агародчык з клумбай кветак... А вось яшчэ твор на тую ж тэму: “Сад”: тая ж Садова-Узбярэжная вуліца і дом № 5. Нагадаю, побач — дом Янкі Купалы. Так, восень 1922-га. На першым плане — разгалістае дрэва з пажоўклым лісцем, на зямлі — такая ж па колеры апалая лістота. Далей — тонкія шаравата-карычневыя дрэвы, за якімі — стары плот і апошняя зеляніна. Тут жыла ўся сям’я Полазавых, у якой асабіста вылучаўся сваёй таленавітасцю 18-гадовы сын Мікалай. Ён таксама ў Мінску скончыў Рэальнае вучылішча, потым, пры маральнай падтрымцы бацькі, Купалы і Елісеева, захапіўся калекцыянаваннем старых папяровых грошай (бонаў), паштовак, харчовых картачак ды іншых рэчаў. У 1922-м паступіў на паліграфічны факультэт ленінградскага ВХУТЕИНА, а яго дыпломнай работай стала афармленне кнігі “За Савецкую Беларусь” (пад кіраўніцтвам выдатнага мастака Лізаветы Круглікавай). Вось такая “времён связующая нить”…

/i/content/pi/cult/405/8291/1-4.jpeg

…Мастацкая студыя, арганізаваная Полазавым з дапамогай Елісеева і К.Ціханава ў Мінску, месцілася ў былым асабняку па вуліцы Вясёлай ды мела ў сваім складзе дзве групы маладых людзей: Елісееў кіраваў яшчэ няўмекамі-пачаткоўцамі, Полазаў — тымі, хто ўжо штосьці ўмеў у галіне рысавання. А Канстанцін Ціханаў у абедзвюх групах чытаў лекцыі, выкладаў перспектыву і рэдагаваў вучэбныя праграмы студыі.

Менавіта Дзмітрый Полазаў пазнаёміў Елісеева з Купалам, і Елісееў нейкі час нават працаваў з паэтам у Наркамасветы БССР. Потым разам з Купалам і мастаком Аскарам Марыксам выязджаў на Случчыну ды Міншчыну — збіраць фальклорна-этнаграфічны матэрыял для мастацкага афармлення спектакляў і касцюмаў. Прыкладна ў адзін час (пасля 1922-га) абодва яны — Елісееў і Полазаў — пакінулі Беларусь: першы з’ехаў у Маскву, другі — у Петраград, хаця сяброўскіх стасункаў з Купалам ды іншымі дзеячамі беларускай культуры ніколі не перапынялі.

Але, канешне ж, Д.Полазаў увайшоў у гісторыю нашага мастацтва перш за ўсё трыма партрэтамі Янкі Купалы, выкананымі з натуры і адметнымі дакладнасцю трактоўкі вобраза ды сугучнасцю з часам. Два пагрудныя, амаль аднолькавыя, намаляваныя ў стрыманай шаравата-карычневай гаме. Думаю, што яны ствараліся пасля выздараўлення паэта, калі ён на пачатку 1920-га перанёс цэлыя тры аперацыі і колькі месяцаў знаходзіўся ў шпіталі. У той жа час Купала зрабіў вершаваны пераклад на беларускую мову “Слова аб палку Ігаравым” і “Інтэрнацыяналу”, выдаў першы паслярэвалюцыйны зборнік “Спадчына”. А непасрэдна перад тым, як пазіраваць Полазаву, Купала ўжо працаваў намеснікам загадчыка аддзела Наркамата асветы БССР і загадчыкам літаратурна-мастацкай секцыі Навуковай камісіі Акадэмцэнтра. Як успамінае Аляксандра Шкляева, “…Полазаў у гэты час працаваў над партрэтам Янкі Купалы, рабіў эскізы і накіды алоўкам. Янка Купала прыходзіў да Полазавых пазіраваць. Паэт чытаў свае творы, Полазаў шмат расказваў пра антычнае мастацтва, пра мастакоў Расіі…”. Цікава, што 29 красавіка 1921 г., прыкладна ў гэты час, Купала запісаў у альбом дачцэ мастака Алене (Люсі) Бурсікавай прысвечаны ёй верш “Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі…”, напісаны даволі рэдкай у купалаўскай паэзіі страфой — двухрадковай (дыстых) з вельмі дакладнай і паўнагучнай сумежнай рыфмоўкай. Дарэчы, праз колькі дзён пасля гэтага ў Мінск прыехаў Якуб Колас, пасяліўся ў доме № 1 па вуліцы Старажоўская ў кватэры № 3, і неўзабаве нястомны Полазаў узяўся за яго партрэт. З Коласам жа мастака пазнаёміў, хутчэй за ўсё, менавіта Янка Купала.

/i/content/pi/cult/405/8291/1-5.gif

Такім чынам, пагрудны, у анфас, памерам 57х45, партрэт Янкі Купалы пэндзля Полазава быў напісаны ў тым жа 1921-м алеем на палатне. Фон — цёплы, зеленаваты. Светла-залацістыя валасы паэта зачасаны назад, высокі адкрыты лоб, карыя вочы ў ценю надброўных дугаў, пранізлівы позірк, прамы нос, светлыя вусы, чорны строгі пінжак з белай кашуляй і сіні з бэзавым ды чырвоным узорам гальштук — такім мастак пабачыў 39-гадовага паэта.

А вось і другі партрэт Песняра, “тыповага беларуса, праставатага мужыка” (словы К.Елісеева), год — той жа самы. Партрэт — таксама пагрудны, праўда, твар павернуты ўправа на тры чвэрці. Валасы паэта зачасаны на правы бок, цёмны пінжак, белая кашуля з гальштукам, але ўжо серабрыста-бэзавага колеру… Ох ужо гэтыя гальштукі! Калі ўгледзецца ў 90-гадовую выяўленчую Купаліяну, дык дух займае ад купалаўскіх гальштукаў розных колераў ды фасонаў: сапраўды, Песняр любіў гэтую дэталь касцюма. Ён заўсёды быў пры гальштуку (глядзіце фота, асабліва, цікавыя — 1922 і 1923 гг., таксама здымкі 1930-х, дзе паэт — вельмі прыгожы і натхнёны, проста красун!). На адваротным баку палатна, уверсе, надпіс карычневай фарбай: “Портрет Янки Купалы. Писан худож. Д.Полозовым в г. Минске в 1921 г. Д.Полозов”.

Што сказаць пра гэтыя партрэты, строгія і нават сціплыя па вобразна-пластычным увасабленні? Каб не былі намаляваны з натуры (хаця, магчыма, адзін з іх — версія, зробленая без “удзелу” паэта — па заказе Акадэмцэнтра Наркамсветы БССР), яны, з майго пункта гледжання, вялікай каштоўнасці ўласна для выяўленчага мастацтва не ўяўлялі б (няхай даруюць мне купалазнаўцы!). Так, дух значнай асобы ў іх перададзены добра, як і погляд, скіраваны на нас, гледачоў (адчуваецца класічная школа, якую прайшоў Полазаў), але кампазіцыйна і каларыстычна яны даволі сухаватыя — у стылі тых пагрудных “трафарэтаў”, якія пазней рабіліся для членаў савецкага палітбюро ды іншых “верных ленінцаў”.

Але трэці, кампазіцыйны, жывы партрэт для мяне больш цікавы. Паэт-рамантык Янка Купала паказаны на фоне шырокіх беларускіх зялёных палеткаў і воблачнага блакітнага неба. У правай вытанчанай руцэ — кніга ў чырвонай вокладцы, левая, нервова-напружаная, ляжыць на каленях. Пакутліва выгнуты бровы, напружаны лоб, насцярожаны погляд, расшпілены элегантны шэры пінжак — настрой зусім іншы, чым на пагрудных партрэтах. Тым больш, што гэты быў напісаны на пленэры, дзе свежы ветрык і кранае валасы Песняра, і гойдае адзінокую бярозку, якая ледзь бачыцца ў глыбіні поля на фоне згусцелых аблокаў. Мне здаецца, тут — той Купала, якім ён быў за дзесяць гадоў да наступлення “вялікага пералому” ў ягоным жыцці і творчасці…

/i/content/pi/cult/405/8291/1-6.gif

Так атрымалася, што ў гады фашысцкай акупацыі Мінска гэтае палатно было вывезена з Карціннай галерэі БССР у Германію. Але, на шчасце, пасля разгрому ворага ў 1945-м партрэт быў знойдзены, адрэстаўраваны і перададзены ў Літаратурны музей Янкі Купалы, дзе і зараз знаходзіцца разам з іншымі работамі Полазава. Сярод іх, у тым ліку, — акварэльныя пейзажы старога Мінска, адлюстраванне ўзбярэжжа Чорнага мора і відаў Сочы, аловачныя замалёўкі, малюнкі-шаржы на пісьменнікаў, настаўнікаў мінскіх сярэдніх школ і Рэальнага вучылішча, блізкіх сяброў ды іншых асоб, у тым ліку пейзажыста Г.Пінуса, збіральніка старасветчыны, па прафесіі хіміка, Якава Сыркіна, дырэктара вучылішча Сяргея Сінякова, мастака Канстанціна Елісеева ў фетравым капелюшы з тытунёвай люлькай (адзін з лепшых партрэтаў у творчасці Полазава), таксама настаўніка, барадатага Уладзіміра Самойлы ў гімнасцёрцы са стаячым каўняром, настаўніцы французскай мовы Веры Мінкевіч, мастака Анатоля Тычыны, які працаваў у мінскай школе разам з Полазавым. А вось аловачны пагрудны партрэт Янкі Маўра ў пенснэ, зімовай шапцы і паліто…

Асобная старонка жыцця і творчасці Полазава звязана з сям’ёй Шкляевых: гісторыка Мікалая Паўлавіча і ягонай жонкі — педагога Аляксандры Сцяпанаўны. Іхнюю зусім маленькую дачку Таццяну ведаў Полазаў, але ейны партрэт ён намаляваў у Ленінградзе толькі ў 1950 годзе, па фатаграфіі. Шкляевы жылі на той жа Садова-Узбярэжнай вуліцы побач з Купалам і Полазавым. Таня хадзіла ў дзіцячы садок № 3, дзе выхавальніцай працавала “цёця Уладзя” — У.Ф. Луцэвіч. Яна часта прыводзіла Таню ў госці да свайго мужа — Янкі Купалы. У час Вялікай Айчыннай вайны Шкляевы жылі ў Казані. Таццяна была студэнткай медінстытута і, прыязджаючы ў Пячышчы, лячыла хворага паэта — Купала называў яе “наш мінскі лекар”. Таня з 4 курса пайшла добраахвотніцай на фронт і ў жніўні 1942-га загінула смерцю мужных пад Сталінградам…

Словам, у Купалаўскім музеі захоўваюцца творы Полазава, якія ахопліваюць час яго творчасці прыкладна з 1918-га па 1950 гады, але для мяне найбольш значнымі рарытэтамі з’яўляюцца менавіта партрэты Я.Купалы, а таксама ленінградскія лісты Полазава да У.Ф. Луцэвіч, бо яны падрабязна распавядаюць пра тое, як ішлі перамовы мастака з першым дырэктарам Купалаўскага музея наконт пакупкі тых самых двух пагрудных партрэтаў Песняра, пра якія гаворка ішла вышэй. Прывяду толькі адзін фрагмент гэтых лістоў Полазава да У.Луцэвіч (лістоў яе да Полазава я не знайшоў — мабыць, яны дзесьці ў Пецярбургу або наогул зніклі).

У жніўні 1952-га, за паўгода да сваёй смерці, мастак паведамляў, што некаторыя яго палотны набыты музеямі Мікалая Астроўскага ў Сочы і ў Маскве. А трошкі раней ён звярнуўся да Уладзіславы Францаўны: “Яшчэ раз перапрашаю за затрымку партрэтаў, з прычыны як маёй хваробы, так і рэстаўрацыі, якую давялося зрабіць (эрмітажнаму рэстаўратару), каб прыбраць невялічкую дэфармацыю, што выклікалі трыццацігадовая даўніна і неспрыяльныя ўмовы захавання пад час блакады Ленінграда, ды прывесці іх у першапачатковы выгляд… Я вельмі прасіў бы Вас устанавіць партрэты ў рамы (на маю думку, з пацямнелай бронзы) і пад шкло. Гэта гарантуе захаванне партрэтаў і ўвогуле карцін як ад пылу, так і ад розных атмасферных уздзеянняў… Ваша думка для мяне за ўсё даражэй, дык я прасіў бы неадкладна паведаміць мне яе”.

/i/content/pi/cult/405/8291/1-2.jpeg

…Пасля Полазава Купалу малявалі з натуры і іншыя мастакі — Я.Кругер, П.Гуткоўскі, В.Волкаў, ды амаль усе работы зніклі ў час Вялікай Айчыннай. Але лёс захаваў менавіта першыя жывапісныя вобразы Песняра, створаныя Полазавым у 1921-м. Так, ведаю, што мастак Мікалай Міхалап яшчэ ў 1912-м, сябруючы ў Пецярбургу з маладым Купалам, зрабіў афорт з натурнай выявай паэта, але афортная дошка, мабыць, таксама знікла ў гады вайны.

Але вернемся назад. Вышэй я ўжо казаў пра этнаграфічныя экспедыцыі Полазава і яго сяброў па Беларусі ў 1921 годзе. Так, Полазаў пісаў у сваёй службовай запісцы кіраўніцтву Акадэмічнага цэнтра пры Наркамасветы БССР: “…Ініцыятары арганізацыі экспедыцыі прыйшлі да думкі, што непасрэднае знаёмства з народнай мастацкай творчасцю дасць грунт для развіцця беларускага нацыянальнага мастацтва, у дачыненні ж да саматужнай прамысловасці ў галіне ткацкай, дрэваапрацоўчай, ганчарнай ды іншых можна ўзняць высока мясцовую вытворчасць…”. Буйны беларускі гісторык і грамадскі дзеяч Усевалад Ігнатоўскі, тагачасны наркам асветы БССР, падтрымаў гэтую ідэю, і ў верасні таго ж года такая экспедыцыя адбылася ў складзе Д.Полазава (кіраўніка), М.Шкляева, К.Елісеева, Я.Кругера, М.Равенскага, П.Гуткоўскага, І.Маляванай-Зарэцкай і У.Тэраўскага. Яны сабралі багаты матэрыял, чым папоўнілі музейныя зборы і далі шмат унікальнай інфармацыі для беларускіх мастакоў, этнографаў, фалькларыстаў, гісторыкаў ды мастацтвазнаўцаў. Але так здарылася, што на гэтым экспедыцыйная праца была спынена: амаль усе удзельнікі экспедыцыі, у тым ліку Полазаў, былі звольнены з Акадэмцэнтра пры Наркамасветы БССР.

Што было рабіць? Тады Полазаў уладкаваўся ў секцыю мастацтва Знешгандлю БССР у якасці эксперта па ацэнцы каштоўнасцей на продаж за мяжу. Захаваўся фрагмент яго чарнавога накіду, дзе ён кажа наконт работы гэтай секцыі (цытую па артыкуле “Забытае імя” Ф.Ваданосавай, І.Каранкевіч, У.Ляхоўскага, часопіс “Мастацтва”, № 3 за 2003 г.): “Знешгандаль Беларусі. Думка, пакладзеная ў свой час (жнівень 1921 г.) у аснову пры ўтварэнні гэтай секцыі, была: як-небудзь урэгуляваць у інтарэсах Расіі ды і гаротных уладальнікаў такіх каштоўнасцей хаатычны адток апошніх падпольнымі шляхамі. Вырашана было каналізаваць гэты адток праз дзяржаўныя ўстановы шляхам набыцця па вышэйшых цэнах, параўнальна з тымі, што плаціла вольная ад канкурэнцыі кантрабанда спекулянтаў. Гэта часткова ўжо ўдалося, і ў руках Знешгандлю сабралася нямала рэчаў, захаванне якіх за Расіяй будзе вітацца ўсімі. Выдаткі з лішкам будуць кампенсаваны праз продаж іншых. Справа знаходзіцца ў стадыі развіцця; энергічная дзейнасць…”

Зразумела, Полазаў ні ў якім разе не кідаў працу над жывапіснымі работамі, шмат займаўся графікай і акварэллю. У тыя часы ён быў на Беларусі ледзь не самым папулярным мастаком. Так, у “Каталогу Першай мастацкай выстаўкі пададдзела “ИЗО” мастацкага аддзела Галоўпалітасветы С.С.Р.Б. Верасень. 1921” пералічаны трыццаць (!) твораў Полазава: пейзажы, малюнкі, эцюды, партрэтны жывапіс. Многія з гэтых ды іншых работ Полазава згінулі, зніклі ў бурах часу. Калі ён з сям’ёй ад’язджаў з Мінска ў Петраград, большасць сваіх твораў ён пакінуў на часовае захаванне ў свайго сябра Мікалая Шкляева: маўляў, хутка вернецца, забярэ. Але — не вярнуўся… І гэты архіў сям’і Шкляевых будзе цягам доўгіх гадоў пільна зберагацца ў Казані, хаця ацалеюць не ўсе работы. Пазней некаторая частка спадчыны Полазава будзе перададзена жонкай Мікалая Шкляева — Аляксандрай Шкляевай і яе сяброўкай Ганнай Фідроўскай у наш Купалаўскі музей. Дарэчы, сярод апошніх твораў, якія былі перададзены гэтымі цудоўнымі жанчынамі, былі “Партрэт Лідзіі Яўгенаўны Шкляевай у дзіцячым узросце” (студзень 1950 г.) і пагрудны, профільны партрэт самой Ганны Фідроўскай (прыкладна таго ж часу).

…Што вымусіла Полазава назаўжды з’ехаць з Мінска ў Петраград? Дакладна невядома. Мая версія такая. Менавіта ў 1922 годзе стары сябра Полазава, намеснік старшыні Вышэйшага Савета Народнай гаспадаркі РСФСР і старшыня Прамыслова-эканамічнага савета прамысловага плана ВСНГ СССР Сямён Серада прапанаваў мастаку рэарганізаваць у Петраградзе Школу народнага мастацтва з умовай прызначэння яго загадчыкам створанага на базе гэтай школы тэхнікума саматужнай прамысловасці. Мастак даў згоду і прапрацаваў на гэтай пасадзе да пачатку 1929-га, а потым, стаўшы членам ЛенИЗО, перайшоў цалкам на творчую працу, якая працягвалася да пачатку 1950-х. Да вайны шмат часу пражыў на поўдні, дзе муж яго дачкі — інжынер-будаўнік Сяргей Бурсікаў кіраваў найбуйнейшымі будоўлямі ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе. Большая частка работ Полазава 30-х гадоў напісана менавіта ў гэтых рэгіёнах. Але ў час ленінградскай блакады разам з сям’ёй і сынам, мастаком-картографам, ілюстратарам дзіцячых кніг, былым удзельнікам Савецка-фінскай вайны Мікалаем Дзмітрыевічам, разам з тысячамі ленінградцаў, заставаўся ў асаджаным Пецярбургу і ў сваім доме па вуліцы Махавой перажываў усе тыя беды ды няшчасці, што выпалі на долю гэтага шматпакутнага горада. Працаваў санітарам у ваенна-марскім шпіталі, рабіў па меры сіл альбомныя накіды таго, што бачыў, перажыў голад ды холад, і там, канешне ж, падарваў сваё здароўе, якое ў рэшце рэшт і прывяло яго да слепаты, а потым, вясной 1953-га, — і да смерці. Пахавалі Дзмітрыя Мікалаевіча на Піскароўскіх могілках у Ленінградзе…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"