Храмы Беларусі

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

У апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў адкрылася фотавыстаўка “Храмы Беларусі”, прысвечаная святу Нараджэння Хрыстовага.

/i/content/pi/cult/405/8288/1-3.jpeg

Сем дзясяткаў фотаэцюдаў айчынных майстроў, прадстаўленых у праекце, дэманструюць прыгажосць і веліч праваслаўных ды каталіцкіх храмаў краіны. Па словах аднаго са стваральнікаў выстаўкі — галоўнага спецыяліста апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргея Вечара, гэта толькі невялікая частка багатай спадчыны айчыннай культавай архітэктуры розных эпох і стыляў.

/i/content/pi/cult/405/8288/1-1.jpeg

Усяго па стане на сярэдзіну гэтага года ў Беларусі дзейнічала 1 348 праваслаўных і 465 каталіцкіх храмаў. Дапамагогу апарату Упаўнаважанага ў вызначэнні найбольш знакавых аб’ектаў ды падборы адмысловых фотаздымкаў аказалі аддзелы па справах рэлігій і нацыянальнасцей, якія створаны ў кожным раёне краіны. У прыватнасці, на выстаўцы можна ўбачыць выявы як самых ранніх культавых збудаванняў, што датуюцца XII стагоддзем, так і ўзведзеных усяго некалькі гадоў таму. Сярод іншага, не могуць пакінуць абыякавым простыя і адначасова вытанчаныя сілуэты драўляных храмаў Палесся, іншых рэгіёнаў краіны, збудаваныя ў XVI — XVIII стагоддзях. Так, да ліку ўнікальных аб’ектаў можна аднесці царкву ў вёсцы Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна — адзіны трохкутны храм не толькі ў Беларусі, але, верагодна, і ва ўсёй Еўропе. Адметна, што алтар у царкве размяшчаўся ў цэнтры храма, а тры асобныя ўваходы былі прызначаны для праваслаўных, уніятаў ды каталікоў.

/i/content/pi/cult/405/8288/1-2.jpeg

Як адзначыў на адкрыцці выстаўкі загадчык аддзела катэхізацыі Інстытута тэалогіі БДУ, айцец Аляксандр Шымбалёў, нашы суайчыннікі павінны быць удзячныя продкам, у выніку нястомнай працы якіх маем такія ўнікальныя і каштоўныя храмы. А разам з гэтым — сумеснымі намаганнямі трэба плённа працаваць над аднаўленнем страчанай ды пашкоджанай часам храмавай архітэктуры. У сваю чаргу, ксёндз-пробашч Архікафедральнага касцёла ў Мінску, айцец Антоній падкрэсліў, што кожны з прадстаўленых на выстаўцы храмаў нясе велізарную духоўнасць, узбагачае і выхоўвае чалавека праз Слова Божае.