Свята ці крок наперад?

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Фестывальны рух Беларусі з кожным годам узбагачаецца новымі фарбамі. Сёлета адметнасцю нашых міжнародных форумаў сталі, на мой погляд, дзве рысы. Першая — акцэнт не толькі на асобных замежных удзельнікаў, якія ўкрапваюцца ў наш айчынны кантэкст, але і на цэлыя творчыя калектывы, што прывозяць да нас свае праграмы ды спектаклі (не антрэпрызныя, а менавіта фестывальныя, што азначае — эксперыментальныя) у поўным складзе. Другая ж рыса — імкненне сабраць з усяго свету не толькі яркіх прадстаўнікоў розных краін, але і тых беларусаў, якія жывуць у замежжы.

Першая адзначаная асаблівасць стала магчымай дзякуючы больш актыўнай спонсарскай дапамозе. І гэта прынесла шмат мастацкіх адкрыццяў! Асабліва “ўраджайнымі” на яркія ўражанні аказаліся Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАрт”, дзе было багата найсучасных нашумелых пастановак, і Калядны оперны форум, што завершыцца заўтра. На апошнім, дарэчы, быў усяго адзін “цалкам замежны” оперны спектакль. Але ж які! Ён каштаваў (не толькі ў фінансавым, але і, што куды больш важна, у мастацкім плане) куды больш за ўсё разам узятае. “Зігфрыд” Рыхарда Вагнера не ішоў у нас ніколі. Гэтак жа, як і трупа Сафійскай нацыянальнай оперы — ніколі ў нас не гасцявала. І раптам — фантастычны феерверк, дзе многія разлічвалі хіба на канфеці з хлапушкай: маўляў, чаго чакаць ад спрэчнай нямецкай класікі з балгарскім маўленнем? Дакрананне да сучаснай еўрапейскай эстэтыкі літаральна перавярнула ўсе нашы оперныя ўяўленні, прычым па ўсіх параметрах: ад відовішча да музычных тонкасцей і самога разумення азначэння “фестывальны спектакль”.

Лёсавызначальным, трэба спадзявацца, стаўся і Міжнародны музычны форум “Беларусы свету”. Галоўным яго здабыткам стала ўмацаванне думкі не толькі пра таленавітасць нашага народа (хто б сумняваўся?), але і пра тое, што ў сённяшніх умовах глабалізацыі (якую, дарэчы, нельга разглядаць адно праз негатыўны ракурс) ужо не з’яўляецца ісцінай у апошняй інстанцыі распаўсюджаная прымаўка “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Разлятаючыся па ўсім свеце, нашы суайчыннікі не толькі не страчваюць сваёй беларускасці, але і, наадварот, “прывіваюць” яе на разгалінаваным дрэве сусветнай культуры.

Так што сёлета, здаецца, яшчэ больш акрэсленым стаўся паварот ад фестывалю як “свята” да асэнсавання яго яшчэ і як творчага кроку наперад.

Н.Б.