Прыйсці, паслухаць, палюбіць

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

2012-ы аказаўся даволі багатым на музычныя падзеі. Але Другая Нацыянальная музычная прэмія тут зусім не пры чым. Справа ў іншым — у зрухах свядомасці, якія, у сваю чаргу, і спрадукавалі новыя беларускія творы да прэм’еры.

За год такіх прэм’ер збеглася некалькі. У аднаго толькі народнага артыста краіны Дзмітрыя Смольскага — новая пастаноўка оперы (дакладней, новай рэдакцыі оперы) “Сівая легенда” і першае выкананне Сімфоніі № 15. У Вячаслава Кузняцова — прэм’ера Сімфоніі № 4 (напісанай, дарэчы, чатыры гады таму). У Сяргея Картэса — новая, чацвёртая па ліку, пастаноўка (праўда, усе яны былі на рознага маштабу сцэнах) камічнай аднаактовай оперы “Юбілей”. У Алега Хадоскі — аднаактовага балета “Зала чакання”. Нарэшце, у Ларысы Сімаковіч — rondo-оперы “Люцыян Таполя” паводле аднайменнай паэмы Максіма Танка, да 100-годдзя з дня яго нараджэння. Далучыце сюды чатыры аўтарскія вечары беларускіх кампазітараў. Ну проста нейкія “беларус-муз-навіны”, дый годдзе!

Усё гэта не можа не радаваць. Тым больш, што ініцыятарамі згаданых “прэзентацый” беларускай музыкі (і нават самога яе нараджэння) усё часцей выступаюць не аўтары, а выканальніцкія калектывы. Так і павінна развівацца нацыянальнае мастацтва! Але не будзем ідэалістамі. І ўзгадаем для пачатку тыя ж 1970 — 80-я. Тое, што сёння ўспрымаецца звышвялікім творчым “ураджаем”, тады было з’явай абсалютна звычайнай. Ды і прэм’ер збіралася куды больш! Кожная са значных ды буйных суправаджалася і трансляцыяй у прамым тэлеэфіры, і шэрагам праграм, публікацый — не інфармацыйных, а аналітычных. Таму сённяшняя сітуацыя — гэта, хутчэй, перыяд Адраджэння. І надзея на яго плён. Галоўнае, каб не паўтарылася ранейшая памылка: амаль усе прэм’еры трыццаці-саракагадовай даўніны ішлі пры напаўпустых залах. Таму сённяшняе “вяртанне” да былых напрацовак, так званы, па вызначэнні навукоўцаў, этап “дагаворвання” павінен суправаджацца больш уважлівым стаўленнем да публікі. У кампазітарскай творчасці для гэтага ёсць усё неабходнае, бо пачатак новага тысячагоддзя спалучаецца з паваротам да “новай прыгажосці”, асэнсавання мастацкай гармоніі як сэнсу быцця. Трэба толькі данесці гэта да аўдыторыі. Бо перш чым штосьці палюбіць, яго трэба як мінімум спазнаць.

Н.Б.