Эталон беражлівасці

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

У сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны амаль прамінулы ўжо год запомніцца перадусім па дзвюх прычынах. 20 ліпеня адбылося доўгачаканае адкрыццё Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу — лагічнае завяршэнне доўгатэрміновай рэстаўрацыі. А крыху раней, 6 студзеня, — афіцыйны старт новага маштабнага пачыну: Савет Міністраў зацвердзіў Дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі”.

Шмат у чым гэты дакумент вызначае новыя акцэнты палітыкі ў сферы аховы спадчыны. Апрача буйнамаштабных рэстаўрацыйных праектаў у Лідзе і Гродне, Дзяржпраграма прадугледжвае таксама і куды менш затратныя ды, без сумневу, эфектыўныя захады па захаванні і “турыстызацыі” ледзь не ўсіх ацалелых замкаў ды замчышчаў краіны — агулам 38 аб’ектаў! Досыць часта ў яе тэксце сустракаецца слова “кансервацыя”, а ў “фінансавай” графе фігуруюць зусім не фантастычныя лічбы. Хочацца верыць, што такі падыход стане сапраўды эталонным у наступны Год беражлівасці.

Пакуль жа пералік праблемных помнікаў спадчыны, што апынуліся нібы паміж жыццём і смерцю, скарачаецца зусім не так хутка, як многім з нас хацелася б. Дзяржаўная ініцыятыва пошуку інвестараў для закінутых палацава-паркавых ансамбляў, якая актыўна працягвалася сёлета, прынесла супярэчлівыя вынікі. На некаторых з такіх аб’ектаў ужо ідуць праектна-даследчыя работы, тыя-сія ўсё яшчэ стаяць “без руху”, нават змяніўшы гаспадара, для некаторых апошні дагэтуль не знайшоўся, нягледзячы на высілкі мясцовых улад... А ў асобных выпадках — зусім не адзінкавых — гэтыя высілкі пакуль нават усур’ёз і не рабіліся. Без сумневу, лёс тых 46-і сядзіб, што трапілі ў спецыяльны пералік, патрабуе ўважлівага аналізу.

Тым не менш, вынікі конкурсу “Лепшы прыклад аховы гісторыка-культурнай спадчыны”, упершыню праведзенага сёлета Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, выявілі, што ў нас ужо з’явіліся руплівыя прадпрымальнікі, здатныя пераўтварыць руіны ў тураб’екты, якімі можна ганарыцца перад замежнікамі. Праз уручэнне ім прызоў дзяржава яшчэ раз засведчыла: такім ініцыятывам заўсёды будзе “зялёнае святло”.