Ад сэрца да сэрца

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

27 снежня, у рамках штогадовай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», на Галоўную ёлку краіны будуць запрошаны юныя гледачы з усіх куткоў Беларусі. Па традыцыі, дзятва чакае наведання падзеі Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам.

Акцыя «Нашы дзеці» з кожным годам пашырае свае маштабы. Прадстаўнікі не толькі дзяржаўных устаноў, але і шматлікіх вытворчых, творчых, вучэбных калектываў, а таксама валанцёры накіроўваюцца ў дзіцячыя дамы, шпіталі, інтэрнаты, каб павіншаваць дзетак з Новым годам ды ўручыць падарункі. Кульмінацыяй святкаванняў становіцца ёлачнае прадстаўленне, што ладзіцца ў Палацы Рэспублікі. Сёлета яго назва — «Аднойчы ў Снежным Каралеўстве».

Апошні паказ прыпадзе на канец школьных канікул і пройдзе 6 студзеня. Першы ж адбыўся ўчора. А напярэдадні пра асаблівасці сёлетняй Галоўнай ёлкі распавёў рэжысёр гэтага спектакля Вячаслаў Панін:

— Хацелася зрабіць не проста яркае відовішча, а яшчэ і абавязкова казачнае — у лепшым сэнсе гэтага слова. Усё ж у Новы год, на маю думку, дзятва прагне не ўсялякіх павучанняў, крыху «прыхаваных» казачным аповедам, а — радасці, весялосці, сапраўдных цудаў! Усё гэта і будзе ў нашым спектаклі — сучасным, пазбаўленым штампаў, затое насычаным гумарам. З роставымі лялькамі, маскамі, спецэфектамі, спартыўна-цыркавымі нумарамі. Сярод удзельнікаў — найперш, маладыя, таленавітыя артысты Маладзёжнага тэатра эстрады, лепшыя дзіцячыя творчыя калектывы. Атрымаўся сапраўдны мюзікл, дзе сабраны дванаццаць музычных нумароў розных аўтараў — найперш, беларускіх. Сцэнарый напісала Ірына Гаранец, з якой наш тэатр эстрады супрацоўнічае ўжо не ўпершыню. Казка ў яе атрымалася вельмі добрай, з цудоўным фіналам, дзе ніхто нікога не знішчае. Вядома, ёсць героі-антаганісты — Снежная Каралева і Дзед Мароз. Але ўсё заканчваецца тым, што ў Снежнай Каралевы адтае халоднае, застылае сэрца. І адбываецца гэта — ад добрых слоў, якія яна чуе. Так што «павучанне», калі хочаце, засталося, толькі стала іншым: мы вучым дзяцей не цурацца ласкі, дабрыні, усмешак, здольных растапіць лёд у сэрцы любога чалавека…

Н.Б.