Хто паедзе ў Вену?

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

18 снежня пераможцам праекта "Музейныя лабірынты" — сям’і Кернажыцкіх быў уручаны сертыфікат на наведанне Венскага музейнага квартала.

Як вядома, гэты культурны праект ладзіўся ў Мінску з 20 кастрычніка па 9 снежня. Як распавяла куратар праекта ад Міністэрства культуры — намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Святлана Гаўрылава, такая акцыя ў Беларусі арганізоўваецца другі год запар.

— У леташнім праекце ўдзельнічалі літаратурныя музеі нашай сталіцы, — адзначыла Святлана Гаўрылава. — Ідэю такога арыгінальнага і цікавага праекта мы, дарэчы, "падгледзелі" на Міжнародным фестывалі "Інтэрмузей". І, заўважу, наша акцыя ўсё больш і больш карыстаецца попытам у жыхароў сталіцы. Напрыклад, калі летась у ёй прынялі ўдзел звыш ста каманд, то сёлета іх было больш за трыста…

Галоўная мэта праекта, які ўяўляе з сябе падарожжа па музеях з шэрагам інтэрактыўных культурных мерапрыемстваў, — прыцягнуць сем’і ў музеі ды пазнаёміць іх з цікавымі і багатымі экспазіцыямі.

Літаратурны музей Янкі Купалы цягам двух гадоў курыруе праект, і варта адзначыць, што акцыі паказалі: літаратурныя музеі не прайграюць ні мастацкім, ні гістарычным. Вядома ж, калі дзіця прыходзіць у музей не з настаўнікам, а з бацькамі, то ў яго зусім іншае ўспрыманне экспазіцый…

Пераможцы Вольга і Мікалай Кернажыцкія, якія ўдзельнічалі ў праекце разам з сынам Кастусём, падкрэслілі, што перамагчы ў гэтым музейным падарожжы было не так ужо і складана.

— У нас гістарычная адукацыя, таму нам было даволі лёгка адказваць на пытанні, якія прапаноўваліся ў кожным музеі, — адзначыла Вольга Кернажыцкая. — А галоўнае — сыну сапраўды цікава даведацца пра тыя або іншыя музейныя экспанаты, што прадстаўлены ў сталічных музеях. Таму ідэя "сямейных паходаў" у музеі сталіцы, на мой погляд, спрацавала на ўсе сто!..

Па словах Святланы Гаўрылавай, з трохсот каманд да фіналу дайшлі сто дваццаць восем, якія правільна адказалі на ўсе пытанні. Пераможцу абралі пры дапамозе лататрона. Цяпер сям’ю Кернажыцкіх чакае паездка на некалькі дзён у Вену з наведаннем вядомага на ўсю Еўропу Музейнага квартала. Дарэчы, паездка фінансава падтрымана спонсарамі "Музейных лабірынтаў".

Як адзначыла "К" Святлана Гаўрылава, магчыма, падобныя праекты з цягам часу будуць ладзіцца і ў абласных цэнтрах нашай краіны. Прынамсі, поспех сталічнай ініцыятывы засведчыў, што запатрабаванасць у такіх акцыях існуе, і, натуральна, цяпер толькі ад рэгіянальных музейшчыкаў залежыць, ці будзе вопыт Мінска ўзяты на ўзбраенне ды рэалізаваны ў іншых гарадах Беларусі.