"Эстафетны ключ": Нясвіж — Магілёў

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Цягам амаль года вялікая колькасць запамінальных падзей і праектаў прайшла ў Нясвіжы — Культурнай сталіцы Беларусі 2012 года. У апошніх прынялі ўдзел тысячы мясцовых жыхароў і турыстаў з розных краін свету. Скажам, больш за 420 тысяч чалавек наведалі сёлета Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль. 21 снежня адбылося закрыццё акцыі.

З удзелам міністра культуры краіны Барыса Святлова, намесніка старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Юшкевіча ў Нясвіжскім РЦКіА адбылася перадача статуса «Культурная сталіца Беларусі» Магілёву, які ў наступным годзе стане і Культурнай сталіцай СНД.

Барыс Святлоў зазначыў: “У рамках акцыі не было выпадковых мерапрыемстваў. Сёлета ў Нясвіжы адбыліся знакавыя фестывалі і выстаўкі. Прайшлі праекты для дзяцей”. Міністр выказаў спадзяванне, што цікавасць да Нясвіжа не зменшыцца, а Магілёў годна прыме эстафету.

На думку Аляксандра Юшкевіча, такая маштабная акцыя спрыяла раскрыццю творчага патэнцыялу калектываў вобласці, прыцягненню турыстаў на Міншчыну. Акрамя таго, дзякуючы маштабным мерапрыемствам, пазнавальнымі для гасцей Нясвіжа сталі не толькі Палацава-паркавы ансамбль, але і мясцовы краязнаўчы музей, цэнтры культуры, бібліятэкі.

/i/content/pi/cult/405/8272/1-1.jpeg

Як падкрэсліў намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі ў час прэс-канферэнцыі, акцыя стала адметнай традыцыяй краіны. Сёлета ўдалося максімальна выкарыстаць патэнцыял Нясвіжа як горада з багатай гісторыяй, прэзентаваць культурную самабытнасць, актывізаваць творчую ініцыятыву. Ды і колькасць турыстаў павялічылася ў два з паловай разы ў параўнанні з мінулым годам. Шэраг мерапрыемстваў быў скіраваны на падтрымку таленавітай моладзі.

Старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко адзначыў, што праз значнае павелічэнне турыстычнай плыні будзе створана пешаходная вуліца ў цэнтры горада. Сёлета знята пытанне з харчаваннем і часткова —- з пражываннем для гасцей Нясвіжа. Таксама Іван Крупко адзначыў вялікую дапамогу ў правядзенні акцыі мясцовых прадпрыемстваў.

/i/content/pi/cult/405/8272/1-2.jpeg

Для гасцей і жыхароў Нясвіжа 21 снежня была падрыхтавана багатая праграма. У прыватнасці, у мясцовым Гісторыка-краязнаўчым музеі прайшоў дзень адкрытых дзвярэй, у рамках якога можна было пазнаёміцца з сапраўднымі скарбамі нашай мінуўшчыны. Далучыўся да акцыі і Палацава-паркавы ансамбль, дзе з аншлагам адбыўся канцэрт класічнай музыкі ў выкананні квартэта Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь.

У год Кнігі Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка правяла не адзін дзясятак мерапрыемстваў. Апошнія з іх — прэзентацыя кнігі пра родны горад «Нясвіжскага краю напеў векавы... Народная духоўная культура Нясвіжчыны» і адкрыццё выстаўкі «Культурнае жыццё бібліятэкі 2012 года».

РЦКіД, нягледзячы на марознае надвор’е, паспрабаваў стварыць навагодні, святочны настрой праз фаер-шоу, тэатралізаваныя прадстаўленні з удзелам самога Пане Каханку ды яго світы і, вядома ж, Дзеда Мароза і Снягуркі. Акрамя таго, Цэнтр прапанаваў пазнаёміцца з дакументальнай стужкай пра Нясвіж, выступленнем народных і ўзорных калектываў раёна, выстаўкай работ мастакоў-землякоў Я. Ждана і М.Сеўрука. Завяршыў жа акцыю «Нясвіж — Культурная сталіца Беларусі-2012» канцэрт Прэзідэнцкага аркестра.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Нясвіж — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"