Дачакаемся пераможцаў!

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Сёння, позна ўначы, будуць падведзены вынікі Міжнароднага конкурсу вакалістаў «Competizione dell’Opera», які сёлета праходзіць у рамках III Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму. Трое лаўрэатаў конкурсу прымуць удзел у заўтрашнім заключным гала-канцэрце форуму разам з вядучымі майстрамі свету.

Для ўдзелу ў конкурсе члены журы праслухалі ў розных краінах каля 150 маладых салістаў ва ўзросце да 31 (сярод жанчын) — 33 (сярод мужчын) гадоў. З іх было адабрана больш за 60 чалавек. У Мінск прыехала каля 50. У другі тур прайшлі 26 вакалістаў, у фінал трапілі толькі 12. Сярод іх — двое беларускіх спевакоў, ужо добра вядомых не толькі ў нас, але і за межамі краіны: лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ілья Сільчукоў, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, і Анатоль Сіўко, студэнт Маладзечанскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які неаднаразова браў удзел у разнастайных нацыянальных ды замежных праектах.

Асаблівасцю конкурсу з’яўляецца, па-першае, яго выключна італьянскі і італьянскамоўны рэпертуар. Па-другое, усе ўдзельнікі павінны падрыхтаваць па шэсць арый з розных опер: чатыры з іх — з абавязковага спіса, яшчэ дзве — па ўласным жаданні. Але выкананне тых або іншых нумароў адбываецца па жаданні самога журы: яно замаўляе, што канкурсанту спяваць, калі ён ужо выйшаў на сцэну.

Ды ўсё ж галоўная асаблівасць гэтага конкурсу ў тым, што, акрамя грашовых прызоў, оперныя салісты маюць магчымасць атрымаць запрашэнні ў лепшыя тэатры свету, сярод якіх — Вялікі тэатр Расіі, тэатры ў Варшаве, Сафіі, Эрфурце, а таксама на Дрэздэнскі баль. Менавіта для гэтага ў склад журы запрошаны дырэктары тэатраў, менеджары, арганізатары фестываляў. А ўзначальвае яго прафесар Ханс-Ёхім Фрай.