Не страціць, а прыдбаць

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Беларускай дзяржаўнай філармоніі — 70! Больш як трэць гэтага тэрміну яе мастацкім кіраўніком з’яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар Юрый ГІЛЬДЗЮК.

 /i/content/pi/cult/138/827/Gildjuk.jpg
— Юрый Мікалаевіч! Вы ж не толькі кіраўнік, але і бліскучы канцэртуючы піяніст, тонкі канцэртмайстар, прычым кожнае ваша выступленне выклікае шчырае захапленне публікі і прызнанне прафесіяналаў. А яшчэ вы — цудоўны педагог, бо менавіта з вашага класа выйшаў Андрэй Паначэўны — адзіны на сённяшні дзень лаўрэат-піяніст найпрэстыжнага Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага, многія іншыя пераможцы. Як вам удаецца спалучаць усе гэтыя ролі?
— Гэткае адзінства трох складнікаў маёй творчай біяграфіі пабудавана на ўзаемадапаўненні адно аднаго. Бо пасля заканчэння Маскоўскай асістэнтуры-стажыроўкі, дзе я сустрэўся з выбітнымі майстрамі, філармонія адкрыла мне стасункі з новымі таленавітымі людзьмі, сустрэчы з якімі ўзбагачалі мяне як музыканта, і ўсё гэта я намагаўся перадаваць сваім вучням.
— А не было сумневу, што арганізацыйная праца, шматлікія службовыя абавязкі не дадуць далейшага разгорту творчай дзейнасці?
— Мяне запрасілі на гэтую пасаду, калі мне было 34 гады. На той час я ўжо ўзначальваў кафедру канцэртмайстарскага майстэрства Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, а сярод маіх вучняў быў знакаміты цяпер саліст Андрэй Сікорскі. Шчыра кажучы, кідаць выкладчыцкую працу зусім не хацелася. Тым больш, што кіраўніцтва гэткай махінай, як філармонія, уяўлялася не проста цяжкім, але і цалкам не зразумелым. І я вельмі ўдзячны тагачаснаму дырэктару нашай установы Уладзіміру Пятровічу Ратабыльскаму, пры дзейснай дапамозе якога адбывалася маё станаўленне як арганізатара канцэртнай дзейнасці. Сёння ж я ніколькі не шкадую, што ўсё склалася менавіта так. Бо іначай усё было б крыху іншым: і я сам, і цяперашняя філармонія...
— ... і, шырэй, гісторыя айчыннай музычнай культуры. Папраўдзе, наша філармонія не толькі не страціла за цяжкія часы перабудовы ніводнага мастацкага калектыву, але і прыдбала новыя. І працягвае аб’ядноўваць самыя, здавалася б, несумяшчальныя творчыя памкненні, знаходзячы для кожнага “месца пад сонцам” і сваю публіку. А ці ёсць у вас асабіста нейкія прыярытэты?
— Музыка — паняцце ўсеабдымнае. Сёння ж увогуле актуальна ўсё. І, мабыць, найбольш, — квартэтнае музіцыраванне. Ва Украіне зараз існуе 5-6 такіх камерных калектываў з дзяржаўным статусам. У Літве — 3-4, таксама няблага. А ў нас пакуль толькі адзін. Так, у сусветным разуменні філармонія — гэта, найперш, сімфанічны аркестр. У Санкт-Пецярбургскай філармоніі існуюць два аркестры, хор — і ўсё. Наша становішча больш нагадвае Маскву, дзе ў філармоніі таксама “ёсць усё”. Але мы не можам ні ад чаго адмовіцца, нават наадварот — імкнёмся ўзяць пад сваю апеку ўсё таленавітае, што з’яўляецца ў нашай культуры. Вядомыя эстрадныя спевакі Якаў Навуменка і Марына Васілеўская працуюць салістамі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча. Тэатр песні Ірыны Дарафеевай, ансамбль “Сябры” на чале з Анатолем Ярмоленкам — таксама нашы філарманічныя калектывы (як, дарэчы, ім быў пры сваім стварэнні цяперашні Нацыянальны канцэртны аркестр на чале з Міхаілам Фінбергам). У іх свая бухгалтэрыя, але лепшая беларуская эстрада — гэта зусім не расійскі шоу-бізнес, і адмаўляцца ад яе нельга, бо гэта таксама частка нашай прафесійнай культуры. За тры апошнія гады да нас прыйшлі 42 маладыя спецыялісты, у тым ліку знаныя выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэаты шматлікіх міжнародных конкурсаў: піяніст Аляксандр Музыкантаў, выхаванец прафесара Зоі Качарскай, працуе камерным салістам, дамрыстка Наталля Корсак — у Філармоніі для дзяцей і юнацтва, баяніст Павел Неўмяржыцкі — у народным аркестры, усе яны працягваюць навучанне ў магістратуры.
— Вось ужо адзін з прыярытэтаў намеціўся — творчая моладзь. А то казалі — маўляў, няма прыярытэтаў.
— Не, усё ж-такі ёсць, і нават больш шырэйшыя за ўласна моладзь. Наш галоўны кірунак — нацыянальная музычная культура, і без новай беларускай музыкі ўявіць яе немагчыма. Філарманічныя калектывы выканалі ледзь не ўсё, што выходзіла з-пад пяра нашых кампазітараў. Філармонія заўсёды працавала і працуе ў шчыльным з імі кантакце. Дастаткова сказаць, што мастацкімі кіраўнікамі нашай установы працавалі і Анатоль Багатыроў, і Яўген Цікоцкі, стваральнікам і кіраўніком камернага аркестра доўгі час працаваў Алег Янчанка. Зараз сярод нашых супрацоўнікаў таксама нямала кампазітараў: Алег Залётнеў — у тэатры “Зніч”, які робіцца ўсё больш музычным (сярод пастановак тэатра, дарэчы, — яго монаопера “Адзінокі птах”, прысвечаная Адаму Міцкевічу), Ларыса Сімаковіч — у ансамблі салістаў “Класік-Авангард” і адначасова ў рэкламна-інфармацыйным аддзеле, Уладзімір Саўчык і Валянціна Сярых — у Філармоніі для дзяцей і юнацтва. Дый Алег Хадоска як выбітны харавы творца “выхоўваўся” ў свой час менавіта ў нас, яшчэ з гадоў кампазітарскага студэнцтва працуючы артыстам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы.
Дарэчы, цяперашнія святкаванні мы вырашылі спалучыць з юбілейнымі ўрачыстасцямі кампазітараў — аднагодкаў філармоніі. Таму ў афішы нашага Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Беларуская музычная восень” багата лепшых твораў і прэм’ер Дзмітрыя Смольскага і Андрэя Мдзівані.

Матэрыялы падрыхтавала
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА