Слуцкі брэндавы прарыў: з грамады па нітцы — краіне марка

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Раён у кантэксце скарбу

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Гэтым артыкулам мы завяршаем сёлетні рэдакцыйны праект, прысвечаны развіццю рэгіянальнага сацыяльнага партнёрства, спонсарства і мецэнацтва. Але, зразумела, што названая тэма застанецца для “К” адной з прыярытэтных і ў 2013-м.

Чаму для гаворкі пра ўдасканаленне сацыяльна-культурных стасункаў абралі менавіта Случчыну? Адказ даволі просты: мясцовы аддзел культуры цягам апошніх гадоў не стамляецца здзіўляць нестандартнымі падыходамі да працы.

Першыя істотныя вынікі на рэспубліканскім фоне, да прыкладу, тут былі дасягнуты ў справе аказання насельніцтву платных культурных паслуг. Мы напісалі пра тое, як уважлівае стаўленне да калькуляцыі будучых прыбыткаў паўплывала на рост аўтарытэту ўстаноў культуры Случчыны. Эфектыўная пазабюджэтная дзейнасць дазволіла якасна палепшыць і матэрыяльна-тэхнічную базу: набыць для клубаў, ДШМ ды бібліятэк сучаснае абсталяванне, музычныя інструменты, сцэнічныя касцюмы. У іншых раёнах пачалі браць на ўзбраенне менавіта слуцкі “пазабюджэтны” досвед.

Наступны слуцкі прыярытэт. Ён звязаны з бібліятэчным крэатывам. “К” неаднойчы пісала пра рэалізаваныя задумкі дырэктара Слуцкай раённай сеткі публічных бібліятэк Людмілы Гурыновіч і лічыць яе адным з уплывовых экспертаў нацыянальнай бібліятэчнай справы. Не будзем паўтарацца пра шматлікія новаўвядзенні мясцовых кніжнікаў. Згадаем толькі акцыю “Ноч у бібліятэцы”, што літаральна перавярнула стэрэатыпнае ўяўленне пра сённяшнія функцыянальныя абавязкі бібліятэкараў, якія павінны не чакаць чытачоў, а актыўна іх адшукваць, якія абавязаны не палохацца камп’ютарных тэхналогій, а смела ўкараняць іх у паўсядзённай дзейнасці…

І яшчэ адзін немалаважны нюанс. Мы шмат гаворым пра тое, што ад разумнага, выверанага мясцовага самакіравання залежыць і станаўленне творчай самастойнасці аддзелаў культуры. Да прыкладу — пашырэнне магчымасцей штатных раскладаў, павелічэнне колькасці ды якасці платных паслуг… Слуцкі раён і тут стаў адным з першых. Справа ў тым, што старшыня мясцовага райвыканкама Уладзімір Даманеўскі заўжды робіць асаблівую стаўку на развіццё культурных брэндаў Случчыны. З гэтай жа прычыны ён — адзін з актыўных удзельнікаў нашых он-лайн-канферэнцый. Вось, да прыкладу, што казаў кіраўнік раёна пад час адной з нашых сустрэч: “Існуе пытанне масавасці і новых форм культурнай працы. Тыя, што існуюць, не могуць даць адказы на многія запыты сучаснай моладзі, таму не выключана ўзнікненне недзяржаўных суб’ектаў культурна-масавай работы. Увогуле ж, кожнае мерапрыемства павінна быць да дробязей прадумана, іх варта ладзіць больш у сельскай мясцовасці, у першую чаргу — у аграгарадках, да таго ж — з улікам складу насельніцтва, тады любое мерапрыемства будзе мець самы спрыяльны грунт. Агульная культура чалавека пасадзейнічае павышэнню культуры вытворчасці, а гэта станоўча адаб’ецца на эфектыўнасці эканомікі Слуцкага раёна…”

Цяпер зразумела, што наша чарговая паездка на Случчыну была звязана найперш з далейшым брэндавым развіццём гэтай старадаўняй зямлі, шчодра апавітай нацыянальнай гістарычнай славай. А развіццё гэтае на сёння, як вядома, тычыцца доўгачаканага адраджэння слуцкага пояса. Тут, як аказалася, хапае кропак прыкладання сіл і для мясцовага кіраўніцтва, і для аддзела культуры, і для дзяржаўных ды прыватных інвестараў. Мы пераканаліся, што працэс рэальнага вяртання слуцкага спрадвечнага сімвалу — не просты, не беспраблемны. Але відавочным сталася і тое, што працэс гэты — няўхільны.

/i/content/pi/cult/404/8261/1-1.jpeg

“Форменны” арыстакратызм

Пасля таго, як была агучана ініцыятыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па адраджэнні слуцкага пояса ў якасці нацыянальнага брэнда, горад Слуцк — радзіма славутых артэфактаў і вытворчая база, на якой па старых узорах з дапамогай новых тэхналогій будуць вырабляцца паясы, — апынуўся ў цэнтры грамадскай увагі. Яно і не дзіва: брэнд і атачэнне мусіць мець брэндавае. Інакш кажучы, прыгожая рэч павінна стварацца ў прыгожым горадзе. І захады ў гэтым кірунку ўжо зроблены: зацверджаны эскізны праект помніка майстрам — стваральнікам слуцкіх паясоў, ідзе мадэрнізацыя будынка фабрыкі мастацкіх вырабаў, ёсць ідэі наконт добраўпарадкавання ды аздобы гарадской зоны адпачынку…

Аднак трэба пабачыць горад на свае вочы, каб зразумець, наколькі сёння цяжка вярнуць Слуцку выразнае архітэктурнае аблічча. За савецкі час горад прыдбаў новыя прамысловыя прадпрыемствы і жылыя кварталы, страціў — выразны сілуэт, які складалі дзясяткі храмаў ды іншых знакаў даўніны. Сёння, у сувязі з пачаткам рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння слуцкіх паясоў, у патрыётаў Случчыны з’явіліся цалкам абгрунтаваныя спадзяванні на шчаслівы паварот у жыцці горада і раёна. Я маю на ўвазе найперш людзей культуры, якія любяць горад ды наваколле такімі, якія яны ёсць, але і вераць у адраджэнне колішняй прыгажосці ды велічы.

Да такіх людзей адносіцца і начальнік аддзела культуры Слуцкага райвыканкама Алена Камоцкая. Наша гаворка датычылася шматлікіх аспектаў рэгіянальнай культуры, але ўвесь час вярталася да тэмы слуцкага пояса. Паводле слоў Алены Камоцкай, гэты шэдэўр ткацкага мастацтва фактычна стаў сімвалам Случчыны, або, кажучы сучаснай мовай, мясцовым брэндам з таго моманту, як геніяльны верш Максіма Багдановіча стаў папулярным у народзе. Адно што ў савецкі час слуцкі пояс трактавалі як праяву традыцыйнай народнай творчасці, а сёння ён увасабляе ўнікальнасць, шляхетнасць, арыстакратызм культуры беларускага Сярэднявечча. Але, набыўшы новую іпастась, пояс і ранейшай, звыклай, не страціў. Мы прыйшлі да высновы, што сёння слуцкі пояс, калі перафразаваць вядомую формулу “сацыялістычнага рэалізму” пра змест і форму, з’яўляецца ў вачах грамады творам народным па змесце і арыстакратычным па форме.

/i/content/pi/cult/404/8261/1-2.jpeg

Быў рэгіянальны — стаў нацыянальны

“Для мясцовай культуры слуцкі пояс і раней быў свайго кшталту эстэтычным стрыжнем, — кажа Алена Камоцкая. — Сёння ж, калі гэта ўжо не рэгіянальны, а нацыянальны брэнд, мы ганарымся сваёй роляй захавальнікаў традыцыі і ставімся да гэтага сімвала Беларушчыны з яшчэ большай павагай. Свой унёсак у прапаганду нацыянальнага брэнда імкнуцца ўнесці і прафесійныя мастакі, артысты, і аматары”.

Канкрэтна гэта выяўлена ў тым, што вядомы на Случчыне і за яе межамі ансамбль “Слуцкія паясы” Цэнтра культуры вёскі Лучнікі сёння карэкціруе свой рэпертуар менавіта ў гэтым кірунку. Харэаграфічны ансамбль “Кордас” выходзіць на сцэну з кампазіцыяй, прысвечанай слуцкім ткачыхам (знак таго, што звыклая і новая іпастасі слуцкага пояса гарманічна суіснуюць). У Квасыніцкім цэнтры рамёстваў майстар па ткацтве Наталля Барынь грунтоўна вывучае стылістыку ды сімволіку слуцкіх паясоў, стварае на гэтай аснове ўласныя работы ды перадае свае веды і майстэрства дзецям. У горадзе створаны Цэнтр традыцыйнага народнага мастацтва, мэта якога, сярод усяго іншага, — папулярызацыя нацыянальнага ткацкага брэнда.

/i/content/pi/cult/404/8261/1-4.jpeg

Павышаны статус — у фестывалю мастацтваў “Слуцкі пояс”: раней фэст быў раённым, а ў 2013-м стане абласным. А там, дадам ад сябе, калі справа пойдзе, можна чакаць і рэспубліканскага статуса… Сама Алена Міхайлаўна так далёка ў будучыню не зазірае і, каб не сурочыць, гэтую тэзу не агучвае. Але аптымістычны тон нашай гутаркі пераканаў у тым, што случчане бачаць менавіта такую перспектыву і, калі трэба, будуць за яе змагацца.

Рарытэт вернецца дадому

Як і належыць гораду, які паважае сябе ды разлічвае на павагу іншых, Слуцк мае краязнаўчы музей. У перспектыве апошні можа стаць адным з лепшых у краіне, калі прыдбае для сваёй экспазіцыі сапраўдныя слуцкія паясы.

“К” паведамляла яшчэ ўлетку, што адзін з мінскіх збіральнікаў гатовы прадаць Слуцкаму краязнаўчаму музею два паясы за 175 тысяч долараў. Музей імгненна распачаў піяр-акцыю, звярнуўся да ўсіх, хто можа дапамагчы грашыма. Быў адкрыты рахунак 3604000000562, філіял № 615 ААБ “Беларусбанк”, код 808, УНП 690305921, атрымальнік — ДУ “Слуцкі крязнаўчы музей”, абвешчаны дабрачынны марафон па зборы сродкаў. Грошы пачалі паступаць на рахунак. Былі спадзяванні, што ўжо ўвосень паясы зоймуць месца ў музейнай экспазіцыі…

Пытаюся ў спадарыні Камоцкай, на якой стадыі абвешчанае набыццё слуцкага пояса. “На завяршальнай”, — упэўнена адказвае Алена Міхайлаўна. Для случчан вярнуць на радзіму хаця б адзін з рарытэтаў — справа гонару, а дзеля гонару варта парупіцца. Спадарыня Камоцкая мяркуе, што дэталі агучваць зарана, але грошы — збіраюцца, хоць і не так хутка, як хацелася б. Паралельна вырашаюцца арганізацыйныя пытанні. Каардынуе працэс Краязнаўчы музей. Спіс прадпрыемстваў і прыватных асоб, якія зрабілі фінансавы ўнёсак для набыцця рарытэта, даволі ўнушальны, і ён папаўняецца.

Пазней я сустрэўся з двума спонсарамі культуры на Случчыне, якія ўжо дапамаглі гэтай справе грашыма. Па словах спадарыні Камоцкай, сітуацыя з набыццём слуцкага пояса для музейнай экспазіцыі добра адлюстроўвае пазітыўны характар стасункаў мясцовых устаноў культуры з партнёрамі і спонсарамі.

/i/content/pi/cult/404/8261/1-6.jpeg

Калі ж узнікаюць праблемы, дык заўжды можна разлічваць на дапамогу кіраўніцтва раёна, прадпрыемстваў і гаспадарак, а таксама прыватных прадпрымальнікаў, неабыякавых да стану культуры на сваёй малой радзіме. Алена Камоцкая назвала чатыры прадпрыемствы, з якімі ў райаддзела партнёрскія стасункі. Усе яны звязаны з сельскай гаспадаркай, з’яўляюцца часткай аграрна-прамысловага комплексу: гэта камбінаты, цукровы і сыраварны, а таксама хлеба- і мясакамбінаты. Найчасцей культработнікі звяртаюцца па дапамогу да кіраўніцтва цукровага камбіната. Гэта абумоўлена і асаблівай роляй, якую гэтае прадпрыемства адыгрывае ў эканоміцы раёна, і той акалічнасцю, што камбінату належыць Цэнтр культуры, які раней быў у падпарадкаванні райаддзела, а сёння фактычна захоўвае функцыю агульнагарадской культурнай пляцоўкі.

Спонсар — прамысловы

Слуцкі цукровы камбінат — спонсар шматлікіх мерапрыемстваў, арганізаваных райаддзелам культуры. Знаёмлюся з мясцовым Цэнтрам культуры. Экскурсію па будынку праводзіць дырэктар гэтай установы Таццяна Токалава. Цэлая сцяна ў яе кабінеце завешана дыпломамі і ганаровымі граматамі. Тут жа гутару з намеснікам генеральнага дырэктара камбіната па ідэалогіі Яўгенам Шапавалавым.

/i/content/pi/cult/404/8261/1-7.jpeg

 — Мы — горадаўтваральнае прадпрыемства, — кажа ён. — А калі ведаць, што горад і раён знітаваны эканамічна, дык такую ж ролю мы адыгрываем і для Случчыны ўвогуле. Жыхары горада ды прылеглых вёсак — нашы работнікі, з палеткаў да нас ідзе сыравіна. Культурны цэнтр, у якім мы знаходзімся, ладзіць імпрэзы, што разлічаны не толькі на нашых працаўнікоў, але і на жыхароў прылеглых раёнаў. Высокая якасць работы на нашым камбінаце абумоўлена ў першую чаргу тым, што ў нас за працу трымаюцца. І заробкі высокія, і сацыяльны пакет гарантаваны. Але вядома, што чым вышэйшая агульная культура чалавека, тым лепш ён працуе. Таму шчыльна супрацоўнічаем з райаддзелам культуры, адгукаемся на яго просьбы. Мы, дарэчы, зрабілі грашовы ўнёсак для набыцця Краязнаўчым музеем слуцкіх паясоў. Наша супрацоўніцтва — на агульную карысць: культработнікам дапамагаем матэрыяльна, яны нам — арганізацыйна, калі трэба зладзіць тое або іншае мерапрыемства. Мы імкнёмся выхаваць у нашых супрацоўнікаў пачуццё карпаратыўнай салідарнасці, гонару за прадпрыемства як праяву гонару за краіну. Такім чынам, мы і спецыялісты культурнай галіны маем агульныя мэты. Адпаведна, працуем — разам…

“Даваць лепш, чым браць”

Наступная сустрэча — з Віктарам Станілевічам, прадпрымальнікам, дырэктарам таварыства з абмежаванай адказнасцю “Віста”. Ён — таксама адзін з тых, хто дапамог грашыма ў справе вяртання ў Слуцк слуцкіх паясоў. Прадстаўляючы яго, спадарыня Камоцкая паведаміла мне, што Станілевіч — мясцовы чалавек, вясковец, і фірма ягоная працуе на вёску.

/i/content/pi/cult/404/8261/1-9.jpeg

“Я даволі рана зразумеў, што даваць лепш, чым браць. І калі чалавек збольшага вырашыў свае матэрыяльныя праблемы, ён мусіць дапамагаць іншым”, — кажа Віктар Станілевіч. І згадвае такі эпізод. Ён першым з братоў набыў машыну, а значыць, менавіта да яго звярталася маці, калі трэба было нешта прывезці-адвезці. Потым на колы “сталі” браты, а маці ўсё адно, як была якая патрэба, прасіла Віктара. А калі ён заўважыў, што гэта могуць зрабіць і браты, маці зазначыла, што гэта ж добра, калі людзі спадзяюцца менавіта на цябе… Далейшы жыццёвы досвед пераканаў Віктара Барысавіча ў слушнасці ейных слоў.

“Мы — слуцкія. І дапамагчы Случчыне — наш абавязак”, — кажа ён. Прычым дапамогу разумее вельмі канкрэтна. Памятае тыя часы, калі цэнтральная вуліца горада была зялёнай. А потым яе пашырылі, спілаваўшы дрэвы, што стаялі ўздоўж яе…

Спадар Станілевіч гатовы сам укласці грошы ў тое, каб цэнтр горада, галоўная вуліца і прылеглая да яе прастора зноў сталі зялёнымі, як у ягоным дзяцінстве... Ён гатовы арганізаваць на гэтую справу і іншых прадпрымальнікаў. “Мяне просяць дапамагчы набыць сцэнічныя касцюмы для дзіцячага ансамбля — я выконваю просьбу. А потым, калі бачу іх на сцэне, я ў такім захапленні ад той прыгажосці, што гатовы на гэтую справу яшчэ дадаць грошай!” Віктар Станілевіч — фінансавы партнёр самых розных мерапрыемстваў, у тым ліку — і мясцовага конкурсу прыгажосці.

/i/content/pi/cult/404/8261/2-1.jpeg

Жыў у горадзе мастак…

Сустрэчы, дзеля якіх я прыехаў у Слуцк, адбыліся. Праграма камандзіроўкі, здаецца, выканана. Да аўтобуса ёсць час. Спадарыня Камоцкая прапаноўвае наведаць мясцовую мастацкую галерэю. Гісторыя апошняй наступная…

Жыў у Слуцку мастак Уладзімір Сцяпанавіч Садзін. Нарадзіўся ён у 1924 годзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1945-га стала атабарыўся ў Слуцку. У прафесійныя мастакі прыйшоў з аматараў. Шчыраваў у галіне пейзажа. Па сённяшніх мерках, погляды на мастацтва меў кансерватыўныя. Тым не менш, работы ягоныя захоўваюцца ў музеях ад Паўладара да Філадэльфіі. А яшчэ вёў ён у Слуцку народную студыю выяўленчага мастацтва, дзе першыя крокі зрабілі такія знакавыя постаці нашай выяўленчай культуры, як браты Басалыгі, Георгій Скрыпнічэнка, Уладзімір Голуб, Уладзімір Цэслер…

Уладзімір Сцяпанавіч звяртаўся да мэтраў савецкага мастацтва з просьбай падарыць студыі работы, якія можна было б выкарыстоўваць у якасці ўзораў майстэрства ў навучальным працэсе. І такія работы яму дасылалі… Так склалася абсалютна ўнікальная калекцыя твораў савецкага мастацтва, якую ён падарыў Слуцку і якая складае сёння аснову мясцовай карціннай галерэі. Пайшоў з жыцця мастак у 2010 годзе, пакінуўшы па сабе добрую памяць, шыкоўную калекцыю і таленавітых вучняў…

Згадкай пра гэтага рухавіка культурнай справы на Случчыне я і скончу свае нататкі.

Паясы — слуцкія, зборы — львоўскія

Дэталь да агульнай карціны

Мінчане ўжо мелі магчымасць пабачыць слуцкія паясы са сталіцы Літоўскай Рэспублікі. На чарзе — рарытэты, што захоўваюцца ў Львове.

/i/content/pi/cult/404/8261/1-5.jpeg

Дасягнута дамоўленасць аб экспанаванні ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь чатырох слуцкіх паясоў з фондаў Львоўскага гістарычнага музея. Пра гэта "К" паведаміў генеральны дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў. Выстаўка пройдзе ў маі — жніўні наступнага года. Разам з паясамі гледачы пабачаць жывапісныя творы з фондаў ужо згаданага Львоўскага гістарычнага, а таксама Валынскага краязнаўчага музеяў і Львоўскай карціннай галерэі: гэта партрэты прадстаўнікоў славутых магнацкіх родаў, такіх, як Радзівілы, якія адыгралі значную ролю ў гісторыі Беларусі і Украіны.

Агульная колькасць экспанатаў маючай адбыцца выстаўкі — каля шасцідзесяці.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Слуцкі раён — Мінск

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"