Фармат экзамену альбо гадавой справаздачы?

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Развагі пасля "аднаго вечара, які зменіць усё”. Гіпатэтычна...

“Лепшая песня года” — “Не крыўдзі мяне” Ларысы Грыбалёвай, “Лепшы поп-выканаўца” — Саша Нэма, “Лепшы рок-выканаўца” — гурт “Open space”, “Лепшы музычны альбом” — “Мне з табой пашчасціла” гурта “Цягні-Штурхай”… 12 снежня ў Палацы спорту былі абвешчаны пераможцы Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная музычная прэмія”.

Пісаць пра прэмію, па шчырасці, цяжка. Бо, з аднаго боку, навідавоку — крызіс беларускай эстрады, з іншага ж, — падзеі кшталту Нацыянальнай музычнай прэміі мусяць існаваць і садзейнічаць папулярызацыі нашага эстраднага музычнага мастацтва, павышэнню прэстыжу беларускіх выканаўцаў і г. д., як тое і пазначана ў Палажэнні аб Рэспубліканскім конкурсе. Іншая справа, што добрай ідэі пакуль далёка да яе ідэальнага ўвасаблення.

Свецкая, але “свойская”

Сёлета вядучымі “самай яркай падзеі года” сталі “зоркі” СТБ Ніна Багданава, Ірына Ханунік-Рамбальская, Віталь Воднеў і Антон Мартыненка. Яны адразу ж задалі тон пафаснага, але свецкага, нават “свойскага”, мерапрыемства, спалучаючы гучныя прадстаўленні намінантаў з жартамі. Зразумела, што добры жарт заўсёды будзе да месца, але вельмі часта “трапныя заўвагі” вядучых атрымліваліся на грані фолу. “Цікава, што Віталь прыйшоў да нас у майцы Паўліка Марозава”, — да прыкладу, ліха пажартаваў пра лічбу “6” на адзенні лідара гурта “Без білета” Антон Мартыненка. “Я прыйшоў у майцы таму, што на футра мы яшчэ не зарабілі”, — парыраваў Віталік Артыст, але, пагадзіцеся, хтосьці мог бы на падобную рэпліку, у лепшым выпадку, папросту пакрыўдзіцца.

/i/content/pi/cult/404/8255/1-1.jpeg

Дасталося і танцорам. Гэтым разам канцэпцыя шоу была пабудавана на чаргаванні танцавальных нумараў з музычнымі. Танцавальным калектывам выпала роля своеасаблівага пластычнага прадстаўлення намінацый — і дзяўчаты не абмінулі ўвагай сцэнічныя строі танцораў. “Дзе ён узяў такія белыя калготкі?” — кінулі яны жарт напрыканцы аднаго з адмысловых нумароў. Зразумела, што вырываць жарты з кантэксту — справа не самая карэктная, але кантэкст Нацыянальнай музычнай прэміі, падаецца, мусіць утрымліваць трошкі іншыя інтанацыі.

Разнастайнасці б…

Што да самога музычнага марафона... Уявіце сабе трохгадзінную дзею, што складаецца з музычных нумароў, якія “перабіваюцца” разнастайнымі танцавальнымі “рэпрызамі”. Большасць музыкі — поп-фармат, большасць танцавальных нумароў — адпаведны дыскафармат. Зразумела, што ўжо на першай гадзіне нават неспакушанаму гледачу стане сумна. Так, разнастайнасці шоу дадалі выступленні барабаннага гурта “Drum ecstasy” (пераможца ў намінацыі “Лепшая песня (музычны альбом) для кіно, тэлебачання”) — відовішчна і ярка, “Старога Ольсы” (“Лепшы этна-фольк-выканаўца”), бачна, што публіка, сапраўды, вельмі любіць гурт “Без білета”… Папраўдзе бліскучы нумар прадставіў пераможца ў намінацыі “Лепшы джаз-выканаўца” — гурт “Apple Tea” разам з салісткай “Танін jazz” Таццянай Гарошка, адразу прадэманстраваўшы перавагі жывога выканання.

/i/content/pi/cult/404/8255/1-2.jpeg

Па сутнасці, яшчэ адным недахопам Нацыянальнай музычнай прэміі стала тое ж памяркоўнае стаўленне да фанаграмы. Зразумела, што тэлевізійны фармат дыктуе свае правілы, аднак можам узгадаць тую ж музычную прэмію “Грэмі”, пад час якой усе выканаўцы выступаюць ужывую і якая становіцца нават своеасаблівым экзаменам для артыстаў. Усе праколы тытулаванага выканаўцы тут жа “бяруцца да ўвагі”, як, безумоўна, і перавагі, ды абмяркоўваюцца цягам некалькіх месяцаў. На нашай жа “гадавой справаздачы” для намінантаў створаны ўсе ўмовы, каб мы так і не даведаліся, чаго ж варты насамрэч артыст ці музычная каманда, што акурат і становіцца бачна на жывым выступленні. Гледачы вымушаны назіраць збольшага толькі якасную “карцінку”. І некаторыя артысты, сапраўды, у ёй — майстры, але ці ж толькі гэтым вымяраецца прафесіяналізм выканаўцы?

На што стваральнікіі не наважыліся?

Дзіўным чынам гэтаму, пераважна візуальнаму, падыходу пасуе і ідэя з танцавальнымі нумарамі. Нічога не маю супраць шаноўных калектываў, і асабліва — тэатра “Інжэст”, але з колькасцю адпаведных танцавальных “скерца” быў яўны перабор. Выступленне пераможцы, танцавальны нумар, “падводка” вядучых, выступленне пераможцы, танцавальны нумар, “падводка” вядучых, і г. д., і да т. п. Разнастаіць праграму запрашэннем спецыяльных гасцей-музыкантаў, якія, напрыклад, уручылі б узнагароды сённяшнім пераможцам, увесці ў шоу аднаго-двух уладальнікаў узнагарод мінулага года, скараціць колькасць танцавальных нумароў, а некаторыя з іх, наадварот, — пашырыць у часе, каб яны ўяўлялі з сябе цэласнае выказванне, ды ў цэлым зрабіць шоу не такім прадказальным — на гэта стваральнікі сёлетняй дзеі не наважыліся.

/i/content/pi/cult/404/8255/1-3.jpeg

Увогуле, Нацыянальная музычная выявіла дзіўны падыход да паняцця шоу: ёсць праца журы, ёсць адносна разнастайныя пераможцы, ёсць і ўладальнікі спецпрызоў журы, ёсць, нібыта, і пэўны гала-канцэрт — з танцавальным “ухілам”, а адчування падзеі — няма. Прайшла музычныя прэмія — і прайшла. Атрымалі прыгожую карцінку — і добра. Падаецца, справа ў тым, што адбываецца пэўная блытаніна з фарматам. Вызначэнне лепшых музычных выканаўцаў пэўным тэлеканалам, музычнай студыяй ці сайтам — гэта адно. Іншае ж — калі мы вядзём гаворку пра Нацыянальную музычную прэмію, якая, па логіцы, мусіць прадстаўляць наш айчынны шоу-бізнес у самых разнастайных яго праявах і, па магчымасці, — аб’ектыўна. Урэшце, гаворку на гэтую тэму “К” вяла яшчэ пасля Першай Нацыянальнай музычнай прэміі.

Няўжо R&B у нас няма?..

І тут ужо ўзнікаюць пытанні іншага кшталту. Няўжо сапраўды наша эстрада мае толькі некалькі музычных жанраў? Толькі поп, джаз, фольк і рок (хоць, прызнацца, і сёлетніх прэтэндэнтаў на званне лепшага рок-выканаўцы — а гэта “Nuteki”, “Open space”, “Без білета” — я прылічыла б да рока вельмі ўмоўна)? Дзе той самы блюз? Рэгі? Рэп? R&B? Няўжо ў нас няма выканаўцаў у гэтых напрамках? Няўжо няма тых калектываў, якія існуюць на памежжы жанраў? Няўжо айчынная сцэна “вымяраецца” аднымі і тымі ж імёнамі на працягу дзесяцігоддзяў? Ведаючы пра тую колькасць ініцыятыў, якімі поўніцца Інтэрнэт, пытаешся ў сябе: дзе гэта ўсё?

/i/content/pi/cult/404/8255/14.jpeg

Дзесяць, пяцьдзясят, тысяча…

Сёння, як было адзначана пад час гала-канцэрта, на Нацыянальную музычную прэмію было пададзена больш за тысячу заявак. У фінальным шорт-лісце апынулася каля пяцідзесяці пяці прэтэндэнтаў. Менавіта з гэтай колькасці журы і мела выбраць пераможцаў у дзевятнаццаці намінацыях. І, па сутнасці, “строгае і справядлівае” тут зрабіла ўсё, што магло. Але хто ж выбірае з той тысячы да паўсотні?

Як высветлілася, за тую працу адказная адборачная камісія ў складзе дзесяці чалавек, якая складаецца з кіраўнікоў радыёстанцый, прадстаўнікоў пэўных масавых інтэрнэт-парталаў, беларускіх рэкорд-лэйблаў. Яна і складае шорт-ліст намінантаў, абапіраючыся на актуальныя даныя папулярнасці пэўных выканаўцаў у гледача. І значыць — перад намі аб’ектыўная карціна сённяшняга дня беларускай эстрады? Хоць, прызнацца, тая адзіная праграма, прысвечаная сучаснай музыцы, якую мы сёння маем на тэлебачанні, — “Зорны рынг” на СТБ — колькі разоў пераконвала, што не ўсё так адназначна, як можа падацца. І колькі разоў мне даводзілася бачыць, як на гэтай музычнай дуэлі відавочныя фаварыты беларускай сцэны ледзь-ледзь вытрымлівалі канкурэнцыю з боку маладых артыстаў.

/i/content/pi/cult/404/8255/1-5.jpeg

Дык можа, варта ставіць у аснову не густы публікі, на якія, як вядома, можна паўплываць эфірамі ды ратацыямі, а на меркаванні калег, музычнай супольнасці, як гэта і адбываецца на той жа Нацыянальнай тэатральнай прэміі? І тады, магчыма, мы-такі здолеем убачыць не адно толькі тых, да каго прызвычаіліся?

/i/content/pi/cult/404/8255/1-6.jpeg

Сёлета той самы “адзін вечар, які зменіць усё”, як падавалася ў рэкламным роліку Нацыянальнай музычнай прэміі, стаўся для мяне яскравай дэманстрацыяй таго, што і глядач, і музычныя выканаўцы ўжо колькі часу ходзяць па зачараваным коле. Першыя — слухаючы тое, што ім паказваюць па тэлебачанні ці ставяць па радыё, другія — выконваючы тое, што ў іх просіць той самы “выдрэсіраваны” глядач. І няма таго поля, дзе першыя маглі б атрымаць пэўную музычную альтэрнатыву, а другія — паглядзець на сябе збоку. А ў выніку — пакуль прайграюць усе…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"