Чырвоная Паляна сустракае гасцей

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

21 лістапада ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная беларускаму гарналыжнаму комплексу ў Чырвонай Паляне — сталіцы “Алімпіяды-2014”. У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік Кіраўніка справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Эдвард Матуліс і начальнік ГУ “Цэнтр па санаторна-курортнай працы “Цэнтркурорт” Алег Міхайлаў.

Сёлета ў маі месяцы, зазначыў намеснік Кіраўніка справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Эдвард Матуліс, адкрыўся комплекс адпачынку ў Краснадарскім краі Расійскай Федэрацыі ў Чырвонай Паляне, прыналежны да сочынскага санаторыя “Беларусь”. Гэты цэнтр круглагадовага адпачынку быў адкрыты па Распараджэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Комплекс унесены ў афіцыйны каталог “Алімпіяды-2014” і станецца месцам размяшчэння беларускіх зборных па фрыстайле і горных лыжах. Тут знаходзіцца чатырохзоркавы гатэль, разлічаны на 70 месцаў, які мае нумары палепшанай планіроўкі — ад эканом-класа да VIP-апартаментаў. Да паслуг адпачываючых — рэстарацыя, бар, сауна, руская лазня з парылкай на дровах, адкрыты басейн з вадой горных крыніц, SPA-цэнтр з трэнажорнай залай, масажны кабінет, мёдалячэнне, салон прыгажосці, більярд, дзіцячы пакой. Зімой комплекс “Беларусь” прапануе пракат гарналыжнага абсталявання лепшых еўрапейскіх брэндаў, трансфер да пад’ёмнікаў, пракат аўтатранспарту, арганізацыю розных экскурсій.
Ад аэрапорта ў Адлеры да Чырвонай паляны — 40 кіламетраў, ад цэнтра Сочы — 70 кіламетраў. Сучасная аўтастрада з серыяй тунэляў і мастоў дазваляе даехаць на аўтамабілі ці аўтобусе да ўзбярэжжа ад Чырвонай Паляны за 30 хвілін.
Алег Міхайлаў адзначыў, што тэмпература паветра ў зімовы перыяд тут дасягае мінус 5— 12 градусаў па Цэльсію ўначы, да 0— плюс 5 — удзень. Параўнальна высокія тэмпературы дазваляюць спалучаць катанне на лыжах з прыёмам сонечных ваннаў. Трасы на курорце не лавінанебяспечныя.
Для адпачываючых прапануюцца экскурсіі на снегаходах або дошках да Нарзанных крыніц, зімняя рыбалка на горным возеры, экскурсіі ў Сочы, палёты на параплане, верталётныя экскурсіі, дэгустацыя знакамітага каўказскага мёду.
Да Алімпійскіх гульняў2014 года плануецца пабудаваць дзве алімпійскія вёскі, галоўная з якіх будзе знаходзіцца на ўзбярэжжы Чорнага мора, дадатковая — у Чырвонай Паляне. 11 новых спартыўных аб’ектаў будуць згрупаваны ў два кампактныя комплексы, якія будуць знаходзіцца на адлегласці 48 кіламетраў адзін ад аднаго. Удасканаленая транспартная інфраструктура ўключыць спецыяльныя алімпійскія шасэ, алімпійскія трасы і новы тунэль, які злучыць узбярэжжа з Чырвонай Палянай.