Акадэмікі-акадэмісты: 80 гадоў крэатыву

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі цягам тыдня святкуе 80-годдзе. Хаця, калі разабрацца, і тыдня будзе замала, бо падыход абраны папраўдзе гістарычны: "Беларуская дзяржаўная кансерваторыя: учора, сёння, заўтра".

Пад такой назвай праходзіць цыкл адметных канцэртаў, дзе сваё майстэрства дэманструюць выкладчыкі ды вучні, Міжнародная навуковая канферэнцыя, дзе сабраліся прадстаўнікі Казахстана, Польшчы, Расіі, Турцыі, выпускаецца шэраг нотных, даследчых, метадалагічных выданняў, а таксама кампакт-дыскаў. Сярод іх — кампакт-трайнік, на якім прадстаўлены дакументальны фільм пра творчасць прафесараў БДАМ і два канцэрты ў філармоніі. Два альбомы-двайнікі аўдыяатласа традыцыйнай музычнай культуры Беларусі (адзін двайнік — запісы знакамітага этнамузыколага Лідзіі Мухарынскай, у памяць пра якую Акадэмія штогод праводзіць навуковыя чытанні, другі — запісанае ў шматлікіх цяперашніх экспедыцыях). Часопіс "Весці", святочны выпуск якога аддадзены аповеду пра легендарных асоб нашай музычнай педагогікі. Манаграфіі Вольгі Дадзіёмавай, Уладзіміра Скараходава, Барыса Нічкова. Зборнікі, прысвечаныя Віктару Роўду, Таісіі Шчарбаковай. Творы беларускіх кампазітараў для трубы і валторны з фартэпіяна. Буклет "Лаўрэаты ХХІ стагоддзя", дзе сабрана інфармацыя пра студэнтаў і магістрантаў — пераможцаў міжнародных конкурсаў.

Іх апошнім часам становіцца ўсё больш. Усе вядучыя музычныя калектывы краіны спрэс складаюцца з выпускнікоў БДАМ, шмат іх працуе і ў замежжы, бо прафесійны ўзровень беларускіх музыкантаў акадэмічных жанраў адпавядае самым высокім еўрапейскім і сусветным стандартам. Франка-беларуская асацыяцыя "Жыццё ў музыцы" на чале з Георгіем Сасноўскім у шосты раз уручыла прэмію двум нашым лепшым студэнтам-кампазітарам. А сярод тых выпускнікоў, якія працуюць у эстрадзе, — Іскуі Абалян, Пётр Ялфімаў, Ядвіга Паплаўская, Васіль Раінчык і многія-многія іншыя. Сведчаннем высокага ўзроўню выкладання з’яўляецца колькасць замежных студэнтаў. У БДАМ іх — кожны чацвёрты: такімі працэнтнымі суадносінамі не можа пахваліцца, бадай, ніводная беларуская ВНУ.

Майстэрства маладых музыкантаў у чарговы раз пацвердзілі святочныя канцэрты ў філармоніі і ў Вялікім тэатры, а таксама прэм’ера новай пастаноўкі оперы Сяргея Картэса "Юбілей", ажыццёўленая опернай студыяй: суперпрафесійна па вакале, ідэальна па дыкцыі, нязмушана па акцёрскай ігры, надзвычай крэатыўна па рэжысуры і папраўдзе вельмі смешна, бо опера — камічная. Няўжо ўсё гэта зноў — "аднаразовая прэм’ера"?

Матэрыяльная база застаецца адной з вечных праблем. Але рэктар БДАМ — доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава глядзіць у будучыню з аптымізмам. Па яе замове ў БНТУ падрыхтаваны праект новага сучаснага гмаху да цяперашняга цэнтральнага корпуса, што падзяляе адну сцяну з гатэлем "Еўропа". У 2014 годзе ва ўнутраным дворыку Акадэміі павінна пачацца ўзвядзенне неверагодна прыгожага будынка, дзе з часам маюць змясціцца найсучасная лабараторыя гуказапісу (дзякуючы дапамозе Кітая першы крок па набыцці гукарэжысёрскай апаратуры ўжо зроблены), камерная зала, тая ж оперная студыя, бібліятэка, інфармацыйны аддзел з камп’ютарнымі класамі.

З’явіцца ў Акадэміі і спецыялізаваны даследчы цэнтр, бо ўжо сёння ў гэтай навучальнай установе захоўваецца найбагацейшая калекцыя нотных матэрыялаў аўтарскага фонду беларускіх кампазітараў, удава Яўгена Глебава перадала БДАМ ягоны архіў.

У творчых планах — і адкрыццё даследчай лабараторыі этнамузыкалогіі, бо ўнікальных запісаў назапашана — безліч. Марыць рэктар і пра развіццё прыкладнога музыказнаўства, каб БДАМ рыхтавала музычных журналістаў, менеджараў, адміністратараў, якія сёння становяцца ўсё больш запатрабаванымі.

Н.Б.