Алгарытм мірскай сенсацыі

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Баварскі след радзівілаўскай спадчыны

На гэтым тыдні ўвага значнай часткі нашых суайчыннікаў была скіравана на заключны паядынак футбольнага клуба “БАТЭ” ў Лізе Чэмпіёнаў супраць аднаго з фаварытаў турніра — мюнхенскай “Баварыі”. Аднак не толькі футбольныя баталіі ў гэтым аднайменным рэгіёне Германіі цікавыя для нашай краіны, а асабліва — для сферы культуры.

Днямі з’явілася інфармацыя пра каштоўную знаходку — унікальныя старадаўнія прадметы, у складзе якіх жывапісныя партрэты, прадметы мэбліроўкі, парадныя строі, непасрэдна звязаныя з родам Радзівілаў, былі выяўлены ў палацы Шылінгсфюрст, што знаходзіцца за 230 кіламетраў ад Мюнхена. Знаходку выявіла дырэктар музея “Замкавы комплекс “Мір” Вольга ПАПКО, якая пагадзілася падзяліцца з чытачамі “К” алгарытмам пошуку сенсацыі.

/i/content/pi/cult/403/8240/2-1.jpeg

Інтэрнэт у дапамогу

— Новая знаходка звязана з прозвішчам Шылінгсфюрст. Справа ў тым, што апошнюю ўладальніцу Мірскага замка, якая мела непасрэднае дачыненне да роду Радзівілаў, — унучку князя Дамініка — звалі Марыя Гогенлоэ-Шылінгсфюрст. Я доўгі час шукала партрэт яе маці — княгіні Стэфаніі, і ў нейкі момант зразумела, што трэба рабіць запыты ў Інтэрнэце на нямецкай мове. Дзякуючы Сусветнаму павуцінню мы даведаліся, што сёння ў Баварыі ёсць невялічкі горад з такой назвай. Разам з гэтым, узнікла здагадка, што, калі існуе населены пункт, то мусіць быць і нейкі краязнаўчы музей. Вынікі наступнага інтэрнэт-запыту пацвердзілі здагадку: там ёсць музей, прыватны, арганізаваны ў палацы, што належыць князю Канстанціну Гогенлоэ-Шылінгсфюрсту.

Адметна, што ўладальнікі палаца не былі зацікаўлены ў вялікай рэкламе. На адмысловым сайце вельмі стрымана пададзена інфармацыя пра ўнікальныя скарбы. Больш за тое: у Інтэрнэце няма выяў копій прадстаўленых там карцін, і толькі змешчаны тэкставыя апісанні, што змаглі даць уяўленне пра каштоўнасць знойдзенай калекцыі.

Гэты збор быў выяўлены сёлета ў жніўні. Я адразу напісала ліст да ўладальнікаў калекцыі з прапановай аб супрацоўніцтве. А неўзабаве, дзякуючы падтрымцы Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Мюнхене, змагла асабіста наведаць унікальны аб’ект…

/i/content/pi/cult/403/8240/2-4.jpeg

Копіі ці арыгіналы?

— Па шчырасці, я не чакала ўбачыць у палацы такую колькасць прадметаў, у першую чаргу — карцін, звязаных з нашай гісторыяй. Высветлілася, што толькі радзівілаўскіх палотнаў — больш за трыццаць. І палова з іх — цэласная калекцыя, якая мае паралель з нясвіжскім партрэтным зборам. Цікава, што партрэты некаторых прадстаўнікоў роду Радзівілаў айчынныя даследчыкі да гэтага не бачылі ў масле — толькі на гравюрах. Акрамя таго, выявіўся партрэт Караля Станіслава “Пане Каханку” ў маладосці — дадзены твор таксама быў не вядомы айчынным даследчыкам.

Існуе некалькі версій паходжання гэтых партрэтаў. Магчыма, самае позняе ў XIV ст. па замове для нейкага з палацаў Радзівілаў мастак зрабіў копіі карцін. Але можа быць і наадварот. Нясвіжскія партрэты — усяго толькі копіі карцін у Шылінгсфюрсце. Пакуль не будзе праведзена грунтоўная экспертыза, разгадаць гэтую таямніцу не магчыма.

Другая частка калекцыі — карціны і прадметы ХІХ стагоддзя. Сярод знакавых партрэтаў — выява князя Дамініка, а таксама ягонай жонкі Тэафіліі. Гэта вельмі рэдкі і, разам з тым, унікальны для таго часу партрэт жонкі князя Дамініка: на карціне жанчына адлюстравана ў поўны рост, пры гэтым яна абапіраецца на спіну каня. Такі варыянт не характэрны для мастацкай стылістыкі ХІХ стагоддзя...

/i/content/pi/cult/403/8240/2-2.jpeg

Пытанні атрыбуцыі

— На жаль, на пераважнай большасці карцін адсутнічаюць подпісы мастакоў. Можна лічыць выключэннем подпіс партрэта чатырохгадовай князёўны Стэфаніі. Там пазначаны мастак па прозвішчы Юндзіл, якое было пашырана ў шляхецкім асяроддзі ў ХІХ ст. на нашых землях. Акрамя таго, дзве карціны падпісаны прозвішчам Багдановіч. Зараз праводзіцца пошук інфармацыі адносна гэтага творцы. Існуе верагоднасць, што гэта быў прыгонны мастак. У свой час прадметы з калекцыі маглі знаходзіцца і ў Мірскім замку, а пасля — пераехаць разам з прадстаўнікамі роду Радзівілаў у Германію.

Спадзяюся, даволі хутка зробім атрыбуцыю. Так, разам з калегамі мы ўжо здолелі вызначыць паходжанне калекцыі фарфору, які захоўваецца ў баварскім замку. Ускладняе працу і тое, што ў палацы прадстаўлены прадметы, звязаныя не толькі з родам Радзівілаў, — пераважная большасць з іх належала роду Гогенлоэ. Вялікую цікавасць выклікае і той факт, што дзякуючы палацу ў Германіі мы можам убачыць не проста музейную экспазіцыю, а натуральны шляхецкі побыт прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Да таго ж, мы змаглі паглядзець карціны з абодвух бакоў і бесперашкодна іх сфатаграфаваць…

/i/content/pi/cult/403/8240/2-3.jpeg

З Шылінгсфюрста ў Мір

— Зараз наша мара — зладзіць выстаўку з нямецкай калекцыі ў Мірскім замку. Калекцыя — рознабаковая, а таму, пераканана, выкліча велізарную цікавасць у аматараў гісторыі і культуры. Да прыкладу, вылучаецца вельмі прыгожая залатая сукенка "ва ўзросце” 115 гадоў: у ёй княгіня Марыя святкавала сваё “залатое вяселле”. Цікавы факт: незадоўга да смерці гэтая жанчына на паляванні ў Мінскай губерні здолела забіць мядзведзя, чучала якога сёння захоўваецца ў нямецкім замку.

/i/content/pi/cult/403/8240/2-5.jpeg

На жаль, сустрэцца з уладальнікам замка і ўсіх калекцый у ім не атрымалася з прычыны яго хваробы. Але ўпраўляючы запэўніў, што князь Канстанцін не супраць наведаць Мірскі замак, пасля чаго можна будзе больш канкрэтна дамаўляцца пра арганізацыю выстаўкі. Тым больш, што ўзімку калекцыі замка, у якім дагэтуль жывуць прадстаўнікі арыстакратычнага роду, закрыты для наведвання турыстамі. У іншы час туды можна трапіць, набыўшы білет коштам у шэсць еўра. Да слова, штогод замак наведвае каля дваццаці тысяч турыстаў.

На здымках: партрэт князёўны Стэфаніі; більярдная ў палацы; Вольга Папко ў інтэр'еры палаца; Шылінгсфюрс з вышыні птушынага палёту; чучала мядзведзя, забітага княгіняй Марыяй у Мінскай губерні.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"