У госці да Мулявіна

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Сённяшнюю, з густам і любоўю абноўленую Белдзяржфілармонію немагчыма ўявіць без Музея Уладзіміра Мулявіна. Гэтаксама як немагчыма ўявіць нашу краіну без “Песняроў”. Менавіта з філарманічных сцен пачыналася дарога музыканта да прызнання, славы і вечнасці. Тут тварыў Мулявін, тут “Песняры” здолелі ўвасобіць у сваім самабытным мастацтве ўсе лепшыя якасці распетай беларускай душы... Экскурсію па Музеі Уладзіміра Мулявіна правяла для “К” яго загадчыца Святлана МУЛЯВІНА-ПЕНКІНА, актрыса, жыццёвая і творчая паплечніца галоўнага “Песняра”.

 /i/content/pi/cult/138/824/Mulyavin1.jpg

 Кампазітар Алег Молчан, актрыса Лідзія Федасеева-Шукшына і загадчыца музея
Уладзіміра Мулявіна Святлана Мулявіна-Пенкіна

— Мы знаходзімся з вамі на другім паверсе, перад балюстрадай, бачым у вакно ажыўлены і прыгожы бульвар, які вось ужо два гады носіць імя Мулявіна. І перайменаванне бульвара, і стварэнне музея, і выпуск цудоўнай кнігі, нотнага альбома — усё пачалося з Распараджэння Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі...
Цудоўна, што музей размешчаны ў будынку філармоніі. Валодзя заўжды казаў аб тым, што дом мастака не там, дзе ён пражывае, а там, дзе ён стварае. А менавіта тут, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у далёкія шасцідзесятыя гады ХХ стагоддзя Мулявін і распачаў сваю творчую дзейнасць. І іменна тут у 2005 годзе нарадзіўся наш музей. Усё гэта адбывалася ў вельмі складаны час рамонту філармоніі, але яе супрацоўнікі і службы імгненна падтрымалі нашу ідэю і дапамаглі літаральна ва ўсім. А Аляксандр Валянцінавіч Гарбар не толькі дняваў, але і начаваў тут разам з намі. Нізкі паклон усім...
— Святлана Аляксандраўна, з якіх экспазіцый складаецца гэты унікальны музей?
— Структура яго — шматчасткавая. Прастора ля балюстрады, напрыклад, агульнадаступная і носіць умоўную назву “Вядомае аб вядомым”. З дапамогай гэтай экспазіцыі, дзе выстаўлены дакументы, фотаздымкі, кнігі, наведвальнікі ўзгадваюць і пацвярджаюць у памяці тое, што яны ведалі і ведаюць з лёсу і творчасці кіраўніка “Песняроў”. Нават калі тры музейныя пакойчыкі і зачынены на выхадныя, ля балюстрады заўжды ладзяцца самастойныя аглядавыя экскурсіі.
А сам музей невялічкі, вельмі маладзенькі, але адказвае ўсім патрабаванням музейнай справы. Ён сабраў, сістэматызаваў, навукова апрацаваў і захаваў Памяць, якую і папулярызуе...
Мы цяпер знаходзімся ў фондавым пакойчыку. Без яго музей — не музей. Тут нам удалося сабраць і захаваць сцэнічныя касцюмы Валодзі, ягоныя музычныя інструменты, сярод якіх — і знакамітая двухгрыфавая гітара, на якой Мулявін іграў з 1980 года... Тут у нас і невялічкая выстаўка, якая пастаянна абнаўляецца з фондавых крыніц...
— Музей сапраўды падаецца жывым. І ўражанне такое, што гаспадар гітары адышоў кудысьці на хвілю, але вось-вось вернецца і возьме свой непаўторны мулявінскі акорд...
— Так, імкнёмся захаваць эфект прысутнасці. Адноўлены кабінет Валодзі. Заўважце, для наведвальнікаў — крэсла, для гаспадара — стул. Так Уладзімір Георгіевіч выказваў павагу да тых, хто да яго прыходзіў і вельмі хваляваўся пры сустрэчы з ім...
У мемарыяльным кабінеце — аніводнага муляжа. Усё сапраўднае, усё захавала дух, атмасферу, энергетыку творцы і творчасці. І ўсё жыве, размаўляе з наведвальнікам...
 /i/content/pi/cult/138/824/Mulyavin2.jpg

Экскурсію вядзе Алег Гаган.


'
Я абсалютна не ўспрымаю музеі, дзе час спынены. Таму ў нашым музеі апрача экскурсій праводзім штотыднёва, па чацвяргах, лекторыі. На іх аматары творчасці Мулявіна запісваюцца загадзя ў навуковага супрацоўніка музея Алега Гагана. А мерапрыемствы гэтыя заўжды заканчваюцца цікавымі гутаркамі пра жыццё і музыку... Святкуем дні нараджэння Уладзіміра Георгіевіча. Кожны дзень напоўнены падзеямі, адметнымі гасцямі. Шмат моладзі, шмат пытанняў. І ў мяне ёсць шчаслівая магчымасць адказаць на кожнае, звязанае і з жыццём, і з творчасцю, і з канцэртнай дзейнасцю галоўнага “Песняра” .
Сёлета, 12 студзеня, на дзень нараджэння Мулявіна, як вы ведаеце, у Вялікай філарманічнай зале прайшоў канцэрт “Спяваю і слухаю”. Выступалі лепшыя беларускія выканаўцы і самым галоўным, напэўна, было тое, што Уладзімір Георгіевіч, як ні горка, віртуальна, але з’явіўся на сцэне з тымі артыстамі, якіх заўжды паважаў і любіў...
На наступны дзень нараджэння таксама рыхтуем сюрпрыз — пакуль не буду казаць, які... Працягнем экскурсію.
 /i/content/pi/cult/138/824/Mulyavin3.jpg

Знакаміты мулявінскі Gibson.

— Апошні музейны пакой наўпрост звязаны з самым вечным — голасам і музыкай Мулявіна?
— Так. Гэта музычная зала, дзе ёсць магчымасць убачыць, пачуць, даведацца ці ўзгадаць праграмы, створаныя Валодзем больш чым за трыццаць гадоў існавання “Песняроў”. Тут мы бачым фрагменты дванаццаці песенных спектаклей, створаных Мулявіным. Гэта і “Праз усю вайну”, і “Вольнасць”, і “Голас душы”, і “Ва ўвесь голас” паводле вершаў Маякоўскага. Ёсць і унікальныя эскізы касцюмаў. Вельмі актыўны ўдзел у афармленні музея прыняў Лявон Бартлаў, з якім Уладзімір Георгіевіч працаваў над сцэнаграфіяй яшчэ сваёй першай фолк-рок-оперы “Песня пра долю...”. Шмат рарытэтаў — да прыкладу, першы Залаты дыск “Песняроў” фірмы “Мелодыя”... Паміж сабой мы называем гэты унікальны камерны пакойчык “Валодзевым домам”. Натуральна, тут заўжды шмат музыкантаў. Вось, напрыклад, не госць нават, а чалавек з пастаяннай музейнай прапіскай — кампазітар Алег Молчан, аўтар знакамітай “Малітвы”, якую ўсе ведаюць як мулявінскую, але аўтар музыкі — менавіта Алег... А цяпер вы чуеце “Хрыстос уваскрэс” на вершы Меражкоўскага, аўтар музыкі — таксама Молчан. Цяпер ён, дарэчы, працуе над вялікай праграмай, мы — першыя слухачы. Калі прыязджаюць Толя Кашапараў, Лёня Барткевіч, Валянцін Бадзьяраў, яны заўжды завітваюць у госці да Мулявіна.
Вось і сёння чакаем шаноўную госцю — Лідзію Мікалаеўну Федасееву-Шукшыну, з якой трыццаць гадоў таму мы пачалі працаваць у тэлесерыяле “Хаджэнне па пакутах”...
Наведвальнікі філармоніі маюць магчымасць пабачыць усе музейныя памяшканні не толькі перад пачаткам канцэртаў, але і ў антрактах. А можна пазваніць нам загадзя, дамовіцца і ў вызначаны час пабыць у гэтай зале сам-насам з Музыкай і Асобай... Наш музей застанецца насамрэч жывым, пакуль будзе доўжыцца гэты шчыры дыялог.

Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКІ

P.S. На наступны дзень я зноў сустрэўся з гасціннай Святланай Аляксандраўнай, каб завізаваць гэтае інтэрв’ю. І ўбачыў на рабочым стале ў Мулявінскім кабінеце... маленькі кусцік жывой шукшынскай чырвонай каліны! А ў кнізе наведвальнікаў музея — запіс: “Дарагая мая Святлана, нізкі паклон табе за Памяць пра Незабыўнага Мужа, Сябра, Бацьку! Я цудоўна ведаю, як ты стварала гэты музей, колькі душы, сэрца, поту і крыві ў гэтым тварэнні! Дзякуй усім, хто табе дапамагаў і не хваліўся, што быў сябрам У.Мулявіна, а сардэчна аддаваў сябе на падтрымку высокага імені!”.Дух Мулявіна жыве ў гэтых сценах і натхняе людзей на добрыя ўчынкі. Няхай так будзе заўжды...
А.С
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА
і Юрыя ІВАНОВА