Дзе суперчытач?

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Навагрудчына: раённы конкурс

У Навагрудскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме творча падышлі да мерапрыемстваў у рамках Года кнігі і зладзілі тут раённы конкурс “Суперчытач-2012”.

Раённая акцыя завяршылася ў лістападзе, а цяпер праходзіць рэгіянальны конкурс. Да таго ж, у Цэнтральнай раённай і ў бібліятэках раёна праходзяць шоу-прэзентацыі “Суперчытач-2012”.

Першы этап конкурсу адолеў той, хто прачытаў не менш за пяцьдзясят кніг у 2010 — 2011-м і быў актыўным у бібліятэчным жыцці бягучага года. Чытацкія шоу прайшлі ў шэрагу бібліятэк: Любчанскай, Харосіцкай, Кашалеўскай ды некаторых іншых. Увогуле, былі прадстаўлены кандыдатуры на суперчытача ад многіх сельскіх устаноў Навагрудчыны.

Далейшы лёс раённага конкурсу “Суперчытач-2012” такі: цягам снежня бягучага года журы будзе падводзіць яго вынікі, а 14 студзеня 2013-га ў зале пасяджэнняў Навагрудскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбудзецца ўзнагароджанне Суперчытача-2012 і лаўрэатаў дзесяці намінацый. Сярод іх — такія ,як “Самы актыўны наведвальнік бібліятэкі”, “Самы “камерцыйны” чытач”, “Патрыёт беларускай кнігі”, “Міс (Містар) Фэнтазі” ды іншыя.

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела Навагрудскай ЦРБ