Як "разгарнуцца" на 300 тысяч?

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Шчучыншчына: над брэндам варта працаваць...

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Сацыяльнае партнёрства ў раённай сферы культуры немагчыма наладзіць без цікавых акцый. Сёння гэтую аксіёму ў многіх аддзелах імкнуцца ўвасобіць у рэальнасць праз праектную дзейнасць. Зразумела, да падобнай працы культработнікі падступаюцца метадам спроб ды памылак. Як пазбегнуць апошніх, дый ці магчыма гэта ўвогуле? На мой суб’ектыўны погляд, зрабіць тое цалкам верагодна. Скажам, у аддзеле культуры Шчучынскага райвыканкама кантакты як з мясцовым дзяржаўным, так і з прыватным бізнесам наладзілі даволі даўно. Культработнікі паспяхова супрацоўнічаюць з кіраўнікамі сельскагаспадарчых таварыстваў ды раённых прадпрыемстваў, а таксама актыўна развіваюць грантавую дзейнасць. Да таго ж, вялікі турыстычны патэнцыял раёна выклікае небеспадстаўную цікавасць, а таксама дапамагае супрацоўнікам сферы ў прыцягненні пазабюджэтных сродкаў.

Разам з тым, маецца ў раёне і вялікі патэнцыял для далейшага росту ў дадзеным кірунку. Перакананы ў гэтым і намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганна Хвядзюк, якая бачыць нявыкарыстаныя рэзервы ў галіне дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. Планаў па далейшай працы ў гэтай сферы ў мясцовым аддзеле культуры маецца на сённяшні дзень багата. Справа цяпер — за іх рэалізацыяй.

/i/content/pi/cult/403/8233/1-1.jpeg

Грантавая падтрымка

На “круглым стале”, што ладзіўся ў рэдакцыі “К” на мінулым тыдні, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры нашай краіны Людміла Лебедзь казала пра адзін з рэальных шляхоў прыцягнення ў рэгіёны пазабюджэтных сродкаў — праз атрыманне рэспубліканскіх ці міжнародных грантаў. На жаль, пакуль падобная практыка распаўсюджана далёка не ва ўсіх раёнах Беларусі.

А вось у Шчучынскім раёне з грантадаўцамі, наадварот, сябруюць здаўна. Яшчэ гады два таму пераканаўся ў гэтым на свае вочы, пабываўшы на раённым свяце “Багач”, што ладзілася ў аграгарадку “Орля”. Мерапрыемства праходзіла ў рамках мясцовага фестывалю фальклорнай песні “Прынёманскія напевы” і было падтрымана сумесным праектам Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ПРААН) “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”.

А ў вёсцы Жалудок ужо колькі гадоў запар ладзіцца свята “Кветкавы кірмаш”, таксама падтрыманае ў рамках названай праграмы ПРААН. Падобная дзейнасць, пераканана начальнік аддзела культуры Шчучынскага райвыканкама Яніна Міраненка, мае вялікую перспектыву. Таму ўжо ў наступным годзе “Кветкавы кірмаш” у Жалудку плануецца вывесці на больш высокі ўзровень, запрасіўшы для ўдзелу ў ім патэнцыйных спонсараў ды мецэнатаў.

І гэта не апошні праект, зладжаны ў гэтым паселішчы. Па словах дырэктара Шчучынскай ЦБС Аляксандры Янкоўскай, Жалудоцкая гарпасялковая бібліятэка ў партнёрстве з мясцовым Інфацэнтрам па ўстойлівым развіцці і агратурызме ўжо распрацавала і падала заяўку на ўдзел у конкурсе для стварэння на сваёй базе Цэнтра інфармацыі для людзей сталага веку. З яго дапамогай можна будзе арганізоўваць навучальныя камп’ютарныя курсы для прадстаўнікоў старэйшага пакалення, стварыць шэраг гурткоў па інтарэсах, аказваць разнастайныя кансультацыйна-даведачныя паслугі ды многае іншае.

Выснова з усяго сказанага, мабыць, можа быць толькі адна: аддзелам культуры Беларусі варта, як ужо казаў, пераймаць вопыт сваіх калег з тых раёнаў, дзе паспяхова развіваецца падобная дзейнасць. Гранты, натуральна, адразу на культработнікаў не пасыплюцца, але праз некаторы час, безумоўна, прынясуць неблагую фінансавую дапамогу ды актывізуюць творчы пошук.

 

Праекты на перспектыву

Прыкладаў паспяховага дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва ў Шчучынскім раёне больш чым дастаткова. Скажам, у РДК пастаянна ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, прызавы складнік якіх забяспечваюць спонсары. Так, мясцовы прыватны касметычны салон забяспечвае ўдзельніц шоу “Міс Шчучын” падарункамі, а яшчэ адзін салон, вясельны, — прыгожымі сукенкамі. Мае шмат спонсараў і абласны фестываль эстраднай творчасці “…І вечная вясна” ды конкурс вядучых канцэртных праграм… А, прыкладам, на нядаўняе Рэспубліканскае свята-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2012”, якое прайшло ў Горках Магілёўскай вобласці, калектывы Шчучынскага раёна дабіраліся, дзякуючы, у тым ліку, і падтрымцы Шчучынскага масласырзавода.

Словам, праектаў, падтрыманых мясцовым бізнесам, хапае. А ў планах культработнікаў яшчэ шмат розных ідэй. Адна з іх, па словах дырэктара Шчучынскага РДК Віктара Сінкевіча, выспела ўжо даўно: наладзіць пад час раённых святаў катанне на конях. Магчыма, у наступным годзе гэтую ідэю “абкатаюць” у рэальнасці.

Мае свае дывідэнды ад працы са спонсарамі і мясцовая ЦБС. Прыкладам, ПМК-167 выдаткавала фінансавыя сродкі гарадской бібліятэцы для набыцця камп’ютара з прынтарам ды ксераксам, а той жа Шчучынскі масласырзавод праспансіраваў закупку жалюзі для дзіцячай бібліятэкі. Таксама шматлікім установам ЦБС, як у райцэнтры, так і на сяле, выдаткоўваецца значная спонсарская дапамога на набыццё даведачнай і мастацкай літаратуры, у першую чаргу, натуральна, — ад кіраўнікоў сельскагаспадарчых таварыстваў.

Магчыма, праца з партнёрамі ў ЦБС была б яшчэ больш значнай, каб не некаторыя аб’ектыўныя прычыны, якія не дазваляюць бібліятэкарам, што называецца, “разгарнуцца” ў гэтай дзейнасці напоўніцу. Справа ў тым, што будынак Цэнтральнай раённай бібліятэкі цяпер рамантуецца, і таму ўстанова культуры часова “кватаруе” ў адным з памяшканняў РДК. Па словах начальніка аддзела культуры, на рамонт ЦРБ з раённага бюджэту сёлета выдаткавана 450 мільёнаў рублёў, а ў наступным годзе пад гэтыя мэты прадугледжаны ўжо абласныя сродкі — больш за 1 мільярд рублёў. Скончыць рамонтныя работы плануецца напрыканцы 2013-га. Магчыма, пасля пераезду ў адрамантаваны будынак актывізуецца і праца бібліятэкі з сацыяльнымі партнёрамі. Прынамсі, у кіраўніцтве аддзела культуры вельмі на гэта спадзяюцца.

Рамёствы без сувеніраў

А вось, да прыкладу, Шчучынскі раённы цэнтр рамёстваў і народнага мастацтва спонсараў пакуль яшчэ не займеў, хоць няблага зарабляе сам. У РЦРіНМ маецца выставачная зала ды майстэрні, экскурсіі па якіх — платныя. Ды і тая ж зала дзейнічае, дарэчы, па музейным прынцыпе. Ёсць тут старадаўнія экспанаты, ёсць і сучасныя рэканструкцыі. І выстаўка гэтая, па словах дырэктара ўстановы Марыі Бекіш, пастаянна пашыраецца.

У сувязі з названым пашырэннем і папаўненнем фондаў, плошчаў для ўстановы культуры цяпер яўна не стае. Таму і не адкрыты пакуль што ў РЦРіНМ салон-крама, дзе можна было б рэалізоўваць сувенірную прадукцыю. У планах, запэўнілі мяне ў аддзеле культуры, — адкрыць яе самым бліжэйшым часам. Таксама плануецца і перавод установы культуры ў іншае памяшканне. Але ж пакуль пераезд на новае месца жыхарства — гэта яшчэ больш аддаленная перспектыва, чым адкрыццё салона для продажу сувеніраў.

Карацей, патэнцыял — навідавоку. Шматлікія турысты, што наведваюць раён, безумоўна, з ахвотай набывалі б вырабы мясцовых майстроў. А, прыкладам, калі размясціць салон-краму яшчэ і на трасе “Мінск — Гродна”, дык можна было б займець яшчэ большую аддачу ад падобнай дзейнасці, ды, магчыма, прыцягнуць у раён дадатковую колькасць турыстаў. Так, дарэчы, робяць у шэрагу раёнаў Віцебскай вобласці, дзе пастаянна пашыраюць сетку дамоў рамёстваў і іх філіялаў, прапаноўваюць для рэалізацыі сваю сувенірную прадукцыю ў прыватных кафэ, размешчаных на ажыўленых трасах... І маюць з гэтага, зразумела, неблагія грошы.

50 мільёнаў — не праблема

Няблага супрацоўнічаюць са спонсарамі і ў сельскай мясцовасці. Прыкладам, СДК у аграгарадку “Гурнофель” быў адрамантаваны яшчэ тры гады таму за кошт сродкаў вядомага на ўсю краіну ААТ “Васілішкі”. Да таго ж, таварыства закупіла ўсё неабходнае тэхнічнае абсталяванне для ўстановы на суму ў дзевяць мільёнаў рублёў. Таму дырэктар Гурнофельскага СДК Марыя Грэсь пачувае сябе цяпер цалкам забяспечанай ды заможнай і можа не хвалявацца за матэрыяльна-тэхнічную базу сваёй установы.

Як, дарэчы, і дырэктар Васілішкаўскага цэнтра культуры і дасугу Алена Лысеня, якая пра спонсарскую падтрымку таксама гаворыць даволі упэўнена. Гаспадарка, на тэрыторыі якой знаходзіцца яе клуб, — адна з найбольш багатых не толькі на Шчучыншчыне, а і ўвогуле на Беларусі. Таму супрацоўнікі ЦКіД заўсёды ўпэўнены ў тым, што іхнія праекты будуць падтрыманы з боку дырэкцыі ААТ “Васілішкі”. Вось толькі некалькі прыкладаў спонсарскай дапамогі таварыства для мясцовай сферы культуры: яно закупіла касцюмы для вакальнага калектыву, што дзейнічае пры ўстанове, на суму ў 9 мільёнаў рублёў, баян — за 25 мільёнаў рублёў, а для патрэб мясцовай бібліятэкі была набыта разнастайная навучальна-даведачная літаратура.

/i/content/pi/cult/403/8233/1-4.jpeg

На сённяшні дзень для правядзення разнастайных мерапрыемстваў у Васілішкаўскім ЦКіД створана сапраўды ўзорная матэрыяльна-тэхнічная база. Найноўшая гукаўзмацняльная ды светлавая апаратура, новая мэбля, камп’ютарны клуб, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Але ж не толькі на спонсарскую падтрымку спадзяецца Алена Лысеня. Сама яна, да слова, з’яўляецца ўдзельнікам ансамбля беларускай песні “Світанак”, з якім выязджае ў санаторыі вобласці, дзе артысты даюць платныя канцэрты. А яшчэ ва ўстанове пастаянна ладзяцца тэматычныя вечары адпачынку, сярод якіх найбольшым попытам карыстаюцца “белыя”, “сінія”, “аранжавыя” ды іншыя дыскатэкі. На такія танцы бясплатна прапускаюць тых, хто апранецца згодна з заяўленым колерам. І ахвотных завітаць на падобныя мерапрыемствы — процьма, прычым не толькі са Шчучынскага, але і з суседніх раёнаў.

Спрыяе наведвальнасці, дарэчы, і запрашэнне на танцавальныя вечары ды-джэяў з Гродна. Таму, зразумела, і з выкананнем плана платных паслуг ва ўстанове культуры праблем не маюць. Па словах дырэктара, яны ўжо зарабілі на аказанні паслуг прыкладна 50 мільёнаў рублёў. Сума, пагадзіцеся, — не малая.

У планах Алены Лысеня — стварэнне на базе ЦКіД вакальна-інструментальнага ансамбля, куды маюць уваходзіць работнікі ААТ “Васілішкі”. Папярэдняя згода на набыццё музычнага інструментарыя ад дырэкцыі гаспадаркі ўжо атрымана.

Грошы для праекта

/i/content/pi/cult/403/8233/1-3.jpeg

Натуральна, не мог не завітаць і ў Клуб-музей Чэслава Нэмэна ў Старых Васілішках, які быў адкрыты колькі гадоў таму і пра які “К” ужо неаднойчы пісала. За гэты час установа культуры эрабілася сапраўднай турыстычнай адметнасцю раёна і цяпер сюды завітваюць не толькі беларусы, але і палякі, літоўцы, расіяне, французы...

Вялікую падтрымку атрымлівае ўстанова культуры і ад спонсараў. Дырэктар Клуба-музея Уладзімір Сянюта паказваў мне і набытыя з дапамогай мецэнатаў старадаўнія раяль, пласцінкі ды патэфон, а таксама новы DVD-прайгравальнік ды многія іншыя рэчы. Але ж не застаецца ўстанова і па-за ўвагай мясцовай улады. Па словах Яніны Міраненка, у наступным годзе ў раённым бюджэце запланаваны сродкі на рамонт будынка, дзе нарадзіўся славуты рок-музыкант. З цягам часу, як плануюць культработнікі, займее і большы розгалас Конкурс песні Чэслава Нэмэна, які ладзіцца ўжо колькі гадоў на базе Васілішкаўскага ЦКіД: яго плануецца вывесці на міжнародны ўзровень.

Але ж для таго, каб “раскруціць” Клуб-музей і зрабіць яго своеасаблівай турыстычнай прынадай раёна, варта, на маю думку, пастаянна ладзіць у Старых Васілішках розныя цікавыя акцыі, паведамляючы пра іх праз СМІ ці праз Інтэрнэт, а таксама абавязкова наладзіць там продаж сувеніраў.

Пакуль што для рэалізацыі гэтых задумак патрабуецца вырашэнне шматлікіх пытанняў — як арганізацыйных, так і фінансавых. Нядаўна культработнікамі была пададзена заяўка на грант у рамках Міжнароднай праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна”. Згодна з планам, як распавяла вядучы спецыяліст аддзела культуры Марына Мармыш, у раёне плануецца зладзіць музычны фестываль “Крыніца гукаў”. Паводле заяўкі, прадугледжана фінансаванне праекта ў памеры прыкладна ў 40 000 еўра.

Таксама ў планах аддзела культуры — адрадзіць сад Выджыцкіх, пабудаваць на падворку ўтульную альтанку, разбіць кветнікі… У перспектыве плануецца зладзіць у паселішчы фальклорныя святы ды абрады, адраджаць традыцыі, частаваць гасцей стравамі народнай кухні… І калі хаця б частка гэтых ідэй культработнікаў будзе рэалізавана, дык тое паспрыяе павелічэнню наведвальнасці ўстановы.

Прыцягальныя магніты

Што ж да сувенірнай прадукцыі, дык яе пакуль што ў Клубе-музеі няма ўвогуле. Летась з дапамогай аддзела спорту і турызму райвыканкама ўстанова займела пад тысячу буклетаў на беларускай, рускай і польскай мовах, якія ўвобмірг разышліся сярод наведвальнікаў. І цяпер у Клубе-музеі ніякіх сувеніраў на памяць прыдбаць нельга... Пралік культработнікаў? На мой погляд, — несумненны… Прыкладам, у Івацэвіцкім раёне, дзе пабываў нядаўна ў Доме-музеі Тадэвуша Касцюшкі, на выбар — дзясяткі сувеніраў, сярод якіх ёсць такія папулярныя сярод турыстаў магніты-наклейкі. Хапае падобных сувеніраў і ў Доме-музеі Марка Шагала ў Віцебску. Дык чаму б не зрабіць пару-тройку розных фота таго ж будынка дома ў Старых Васілішках, фота музейных экспанатаў ды не размясціць гэтыя здымкі на магнітах? Дадзеную сувенірную прадукцыю сёння можна вырабіць без асаблівых праблем. А калі яшчэ ўдасца атрымаць пад гэта спонсарскія сродкі, дык неблагія фінансавыя дывідэнды ўстанове будуць забяспечаны.

У аддзеле ўсё гэта выдатна разумеюць, таму ўжо сёлета выдаткавалі на выраб буклетаў для Дома-музея Чэслава Нэмэна 13 мільёнаў рублёў. А таксама плануюць з цягам часу прадставіць ва ўстанове і магніты, і сувенірную прадукцыю майстроў народнай творчасці. Магчыма — і пры ўдзеле зацікаўленых у рэалізацыі гэтай ідэі мясцовых бізнесменаў.

Дапамозе Клуба-музея павінен паспрыяць таксама і дабрачынны рахунак, адкрыты аддзелам культуры летась для збору сродкаў на добраўпарадкаванне і рамонт будынка, дзе жыў наш зямляк. Пакуль, праўда, сабрана толькі 300 тысяч рублёў. Натуральна, весці гаворку аб тым, каб з дапамогай гэтай сумы правесці ўсе неабходныя рамонтныя работы ва ўстанове, сёння наўрад ці магчыма. І ці павялічыцца колькасць грошай на рахунку — пытанне з досыць няпэўным адказам.

Унёс сваю прапанову: каб актывізаваць збор дабрачынных сродкаў, магчыма, варта наладзіць маштабную інфармацыйную кампанію? Паспяховыя прыклады, калі дадзеная ідэя спрацавала, на Беларусі маюцца: згадайма хоць бы набыццё Музеем гісторыі Магілёва арыгінала Статута ВКЛ. Чаму б вопыт магіляўчан не пераняць у Шчучыне? На дадзеную прапанову Яніна Міраненка пагадзілася адразу. Хочацца спадзявацца, што агучаная ідэя будзе падтрымана не толькі нашай газетай, а шырока разыйдзецца ў інфармацыйным полі Беларусі.

А пакуль яшчэ раз нагадаем рэквізіты дабрачыннага рахунку, які адкрыты для добраўпарадкавання і правядзення рамонтна-аднаўленчых работ у Клубе-музеі: ЦБУ № 424 ф-ла № 400 ГОУ ААТ АСБ “Беларусбанк”, код 752, г. Шчучын, вул. Чырвонаармейская, 5, нумар рахунку 3642527002193.

Пра няпростыя шляхі партнёрства і ўзаемадзеяння аддзела культуры Шчучынскага райвыканкама з мінскімі спонсарамі па развіцці фестывалю і Клуба-музея Чэслава Нэмэна, наша газета пісала не так даўно (гл. “К” № 11 за 2012 г.). Для аб’ектыўнасці варта адзначыць: менавіта ініцыятыва сталічных прыхільнікаў творчасці знакамітага спевака сталася тым неабходным першым штуршком, які дазволіў мясцовым культработнікам актывізаваць дзейнасць па “раскрутцы” гэтага імя ў маштабах свайго рэгіёна. Быў узяты на баланс будынак, дзе нарадзіўся Нэмэн, праведзены работы па добраўпарадкаванні прылеглай да Клуба-музея тэрыторыі, запланавана далейшае фінансаванне ўстановы культуры… Прыватную ініцыятыву варта толькі вітаць, і хочацца спадзявацца, што далейшыя стасункі са сталічнымі актывістамі будуць развівацца. І прычым — толькі ў рэчышчы ўзаемадзеяння, якое парушыць маўчанне з абодвух бакоў, пра што мы пісалі ў сакавіку.

Як бачна, на Шчучыншчыне вопыт сацыяльнага парнёрства маецца сапраўды даволі неблагі. Але ж мясцовым культработнікам варта, на маю думку, актыўна развіваць далейшае супрацоўніцтва з бізнесам. Патэнцыял для гэтага ў раёне, паўтаруся, — найвялізны. Ды і дывідэнды ад рэалізацыі бізнес-ідэй як у культурнай, так і ў турыстычнай сферах Шчучыншчыны маглі б быць папраўдзе вялікія. Да прыкладу, чаму б не зладзіць міжраённыя ці абласныя турыстычныя маршруты “Шляхамі Чэслава Нэмэна”, “Мясцінамі Цёткі” або “Залатое кольца Гродзеншчыны”? Багатая гісторыка-культурная спадчына Шчучынскага ды прылеглых да яго раёнаў сама, на мой погляд, падказвае далейшыя шляхі для развіцця праектнай дзейнасці. А там, глядзіш, можна будзе зацікавіць сваімі культурнымі праектамі і замежных турыстаў, а значыць — патэнцыйных спонсараў ды мецэнатаў.

І яшчэ. Днямі на сайце ПРААН у Беларусі было аб’яўлена аб прыёме заявак на ўдзел у праекце, скіраваным на развіццё турыстычнага бізнесу ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Дык чаму б у дадзеным праекце не паўдзельнічаць не толькі Шчучынскаму, але і іншым аддзелам культуры гэтых абласцей, магчыма, сумесна з аддзеламі спорту і турызму? На мой погляд, гэта цалкам рэальная магчымасць прыцягнуць у раёны дадатковае фінансаванне ды “раскруціць” свае бізнес-ідэі. Дык хто ж першы з аддзелаў культуры атрымае грант ПРААН па названым праекце? Магчыма, культработнікі Шчучынскага раёна? Пажывём-пабачым…

І апошняе. Гады тры таму пабываў таксама ў Шчучынскім раёне па скарзе аднаго з жыхароў аграгарадка “Вялікае Мажэйкава”, дзе быў зачынены будынак клуба. Цяпер, як распавяла Яніна Міраненка, установа культуры знаходзіцца ў двухпавярховым будынку, які раней займаў дзіцячы садок. У ім працуюць і клуб, і бібліятэка, дзейнічаюць гурткі ды творчыя аб’яднанні. Так што праблемнае пытанне з Домам культуры ў Вялікім Мажэйкаве на сённяшні момант вырашана.

Галерэя спонсараў ад “К”

Міжнародны фэст для спонсара

Натуральна, не мог не завітаць пад час камандзіроўкі ў ААТ “Васілішкі”, пра якое ўжо згадваў. У гэтай вядомай на ўсю краіну арганізацыі на сённяшні дзень працуе прыкладна паўтары тысячы супрацоўнікаў, а плошча земляў гаспадаркі складае больш за 20 тысяч гектараў. І ўвага да развіцця сферы раённай культуры ў кіраўніка мясцовай гаспадаркі Уладзіміра Серахана — найвялізнейшая. На жаль, заспець на рабочым месцы дырэктара ААТ “Васілішкі” не ўдалося, таму пагутарыў аб спонсарскай падтрымцы з вядучым спецыялістам па ідэалогіі арганізацыі Святланай ГІБІС.

/i/content/pi/cult/403/8233/1-2.jpeg

— Мы заўсёды імкнёмся вырашаць усе пытанні з кіраўніцтвам тых СДК, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай гаспадаркі, — распавяла Святлана Міхайлаўна. — У наш бізнес-план закладзена сума на спонсарскую дапамогу мясцовай сацыяльнай сферы, у тым ліку — і культуры. Ведаю, што кіраўнік ААТ “Васілішкі” Уладзімір Серахан неабыякавы да гэтай сферы. Дарэчы, ён сам выдатна грае на баяне, з задавальненнем прысутнічае на мерапрыемствах, зладжаных мясцовымі культработнікамі. І ўсе пачынанні супрацоўнікаў ЦКіД падтрымліваюцца ім заўсёды без ваганняў. Выдаткоўваюцца грошы на прызавы фонд для конкурсаў ды святаў, на прэміраванне культработнікаў ды на многае іншае…

— На тэрыторыі гаспадаркі знаходзіцца і Клуб-музей Чэслава Нэмэна. У планах мясцовых культработнікаў — зладзіць тут маштабны музычны фестываль, магчыма — і міжнароднага ўзроўню. Ці падтрымае фінансава правядзенне падобнага мерапрыемства ААТ “Васілішкі”?

— Адказ на гэтае пытанне можа быць толькі станоўчым. Мы ўжо аказвалі пэўную дапамогу названай установе культуры. Прыкладам, у Дзень пажылых людзей мы фінансава дапамаглі дырэктару Клуба-музея Уладзіміру Сянюту ў правядзенні мерапрыемства. Таму калі ў нашым краі будзе здаджана маштабнае мерапрыемства, заўсёды падтрымаем яго правядзенне з вялікай ахвотай!..

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Шчучынскі раён — Мінск

Фота аўтара

Працяг тэмы у матэрыяле "Клуб-музей: чатырнаццаць ідэй" 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"