“Віні-Пух…”, ды не ўсе

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Куды ідзём мы… Ці — не ідзём?

Да будучых канікулаў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі падрыхтаваўся яшчэ ў першыя дні зімы: 2 снежня ажно двума спектаклямі запар, амаль у рэжыме ТЮГа, была адзначана прэм’ера оперы расійскага кампазітара Вольгі Пятровай “Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе”.

Назва твора найлепшым чынам пасуе новай пастаноўцы: у тэатры ёй і сапраўды, здаецца, задаволены ўсе-ўсе-ўсе. А вось “па той бок” сцэны ды закулісся — “аднагалоссе” не такое дружнае ды поўнае. Хаця апошняя па часе прэм’ера для маленькіх гледачоў адбылася ў гэтым тэатры акурат пяць гадоў таму, яшчэ ў “рамонтны перыяд”, на сцэне Дома афіцэраў. Так што цяперашні “Віні…” шмат у чым мог бы “закрыць” праблему дзіцячага рэпертуару — і адначасова “адкрыць” дыскусію наконт таго, якую дзіцячую оперу ўсе мы (усе-ўсе-ўсе!) чакаем.

/i/content/pi/cult/403/8231/1-3.jpeg

У новай пастаноўкі — шмат плюсаў, яна папраўдзе дала дарогу творчай моладзі. Нарэшце атрымаў свой спектакль дырыжор Андрэй Іваноў: тут ён не проста “падхапіў эстафету” іншага дырыжора-пастаноўшчыка, але і выступіў у гэтай якасці сам, вывеўшы на першы план і сапраўды тое лепшае, што ёсць у партытуры, — яе аркестроўку, поўную яркіх каларыстычных знаходак ды шматлікіх сола (відавочна, гэтая якасць перадалася аўтару музыкі на генетычным узроўні — ад бацькі, знакамітага кампазітара Андрэя Пятрова). Для маладога рэжысёра Вольгі Бураўлёвай гэта таксама першы самастойны спектакль на Вялікай сцэне (дагэтуль яна ставіла тут канцэрты, ажыццяўляла цікавыя пастаноўкі ў Камернай зале імя Л.Александроўскай).

Цудоўна дэбютавалі і многія салісты. Дзе яшчэ мы маглі пачуць у цэнтральнай партыі Алену Таболіч? А тут яе Пятачок — вясёлы, рухавы, непасрэдны, з вельмі звонкім-”званочкавым” голасам, што ярка вылучаецца з “натоўпу” — пераўзыходзіць па абаяльнасці нават самога Пуха, хаця ў гэтай партыі выступае спрактыкаваная, артыстычная Алена Сало, якая не ўпершыню звяртаецца да ўвасаблення “мужчынскіх” характараў. А як раскрываюцца акцёрскія здольнасці Іны Русіноўскай, якая паўстае “вельмі правільным”, добра выхаваным Трусікам. Ну а Сава ў парадыйным увасабленні Ільі Пеўзнера ці Дзмітрыя Трафімука і ўвогуле выклікае ўсмешку, асабліва ў дарослых: у параўнанні з гераіняй таго ж мульціка, яна зусім не разважліва-”мудрая”, калі наўмысна выкрадае хвост у Осліка Іа і хавае яго ў сваім рыдыкюлі. Дзякуючы намаганням рэжысёра па пластыцы Віталя Катавіцкага (не блытаць з балетмайстрам — Вольгай Кастэль!), кожны герой мае адрозныя жэсты, сваю манеру рухацца. Вельмі ажыўляюць дзеянне жвавыя, прывабныя Жабяняты (удзельнікі Дзіцячага музычнага тэатра-студыі).

На гэтым “парсючковыя радасці” заканчваюцца. Бо іграць у гэтым спектаклі значна цікавей, чым яго глядзець. Сцэнаграфія Аляксандра Касцючэнкі, дзе спалучаюцца кідкія фарбы (асабліва ўражваюць фіялетава-бэзавыя дрэвы), на працягу амаль дзвюх гадзін не змяняецца. Перанос дзеі з сярэдзіны сцэны на яе ўскраіны, дзе быццам бы знаходзяцца хаткі Віні і Трусіка, ці наступленне ночы ў пачатку другой дзеі назваць “зменай дэкарацый” цяжкавата. Для дарослых, якія прызвычаіліся да працяглых “пасяджэнняў”, яно, можа, і нічога. А для дзяцей — сумнавата. Дзе ж тыя спецэфекты, якімі так любіць ганарыцца тэатр? Адно навальніца? Відовішча, уключаючы сцэнічныя строі, — тыповыя 1970 — 80-я. Можна, канешне ж, лічыць гэта “трапляннем у дзясятку”, бо і сама опера была задумана на пачатку 1970-х, напісана ў 1982-м, пастаўлена ў тыя ж 80-я ажно ў шасці тэатрах, у 1990-м — выдадзена ў клавіры. А сёння адноўлена — у Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным дзіцячым музычным тэатры “Залюстэрачча”. Але… Там ідзе другая рэдакцыя оперы! Да ўсяго, скарочаная ўдвая. І не для такой вялізнай залы!

На якую ж аўдыторыю разлічана наша пастаноўка? Маленькім — сумнавата, нічога не зразумела (да праславутай “опернай дыкцыі” дадайце мноства дробных пастановачных дэталей, не заўважных нават з партэра). Падлеткам — не цікавая сама тэма. Дарослым? Ну, хіба пафантазіраваць над “уваходзіць-выходзіць”. Шмат пытанняў выклікае сама музыка. Так, у яе ўведзены класічныя цытаты: ад намёкаў на расініеўскую Каваціну Фігара да фіналу Дзевятай сімфоніі Дворжака. Але зроблена гэта неяк ненатуральна, натужліва, адно розумам — без хітраватага бляску ці гуллівай грацыёзнасці. Такія ж і вакальныя партыі: героям, пры ўсёй “опернасці” стылю, не хапае індывідуальнай інтанацыйнасці, — вылучаюцца толькі Трусік (з яго “правільнымі” ходамі па гуках арпеджыа) ды Сава (са схільнасцю да “зніжанай” побытавай рамансавасці). У астатніх часам узнікаюць цікавыя ходы, ды не атрымліваюць далейшага развіцця. Самым запамінальным застаецца хор Жабянят, якога… няма ў партытуры: пастаноўшчыкі зрабілі яго на аснове аркестравай партыі.

Таму прэм’ера, насамрэч, задае шмат загадак. Калі праз пяць гадоў ад стылістыкі савецкіх 1950-х, уласцівай “Церам-Церамку”, тэатр “дайшоў-такі” да 1980-х, дык колькі часу яму спатрэбіцца, каб “дацягнуць” да заходняй класікі хаця б стогадовай даўніны? А колькі, каб “саспець” для беларускіх дзіцячых твораў? Не падабаецца тое, што ёсць, дык замаўляйце!

Дадам, што 1 снежня скончыўся конкурс па стварэнні нацыянальных твораў, аб’яўлены іншым нашым тэатрам — Музычным. І… конкурс прадоўжылі яшчэ на год, бо нічога з пададзенага (чаго і трэба было чакаць, улічваючы прапанаваныя ўмовы) тэатр не задаволіла. Маўляў, ніхто не вінаваты. Дык чаму б самім не замовіць тое, што трэба? Ці трэба — толькі нам, крытыкам? А гледачы — і так скажуць дзякуй за прэм’еру. Рублём. І — апладысментамі. Бо фінальныя паклоны і сапраўды пастаўлены добра, вынаходліва, з густам!..

На здымку: сцэна з оперы "Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"