Надпіс князя Андрэя

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Новае нараджэнне фаліянта

Літаральна праз некалькі месяцаў свет пабачыць факсімільнае выданне славутага Полацкага Евангелля, вялікая прэзентацыя якога чакаецца ў рамках Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў лютым. Днямі ж адбыўся ўрачысты момант: запуск у друк першых аркушаў факсімільнага Полацкага Евангелля.

Нагадаем, што Полацкае Евангелле ХІІ стагоддзя, скрадзенае пасля захопу горада на Палаце пад час Лівонскай вайны ў 1563-м, сёння захоўваецца ў колішняй Імператарскай публічнай, а цяпер — Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, а таксама, фрагментарна, у аддзеле рукапісаў Дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве.

Цягам некалькіх гадоў даследчыкамі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі вялася карпатлівая праца па вывучэнні помніка айчыннай кніжнай культуры сусветнага ўзроўню. Ужо створана лічбавая копія кнігі, чаму папярэднічала грунтоўная і прафесійная рэстаўрацыя кніжнага помніка. У прыватнасці, навуковы рэдактар будучага выдання — кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Ірына Будзько ўжо чацвёрты год мае непасрэднае дачыненне да Полацкага Евангелля.

/i/content/pi/cult/403/8227/1-4.gif

Па яе словах, гэта найбольш старадаўняя беларуская кніга, якая дайшла да нас. Раней за яе было напісана толькі Тураўскае Евангелле, але яно сёння, на жаль, зусім не нагадвае кнігу: ад яго засталося ўсяго толькі адзінаццаць аркушаў…

Нягледзячы на дзесяць стагоддзяў, Полацкае Евангелле дайшло да нас практычна цалкам: ад кніжнага помніка захавалася больш за 80 працэнтаў. І няма ніякага сумнення, што кніга была перапісана на ўсходнеславянскіх землях — як мяркуецца, у самім Полацку — мясцовым кніжнікам. Тым больш, у тэксце можа заўважыць сляды беларускіх гаворак. Значэнне Полацкага Евангелля яшчэ і ў тым, што яно ўваходзіць у першую сотню кніг усіх славян па часе стварэння, а таму з’яўляецца знакавым помнікам усёй еўрапейскай культуры.

Кніга прываблівае і сваім аскетызмам, сціплым характарам, у параўнанні з іншымі. Выяўлены толькі дзве застаўкі, адна з якіх мае арнамент старавізантыйскага тыпу. Праўда, з-за выкарыстання срэбра гэтая застаўка дрэнна захавалася і практычна не чытэльная.

Як адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша, на старонках Полацкага Евангелля акрамя тэксту Свяшчэннага Пісання змешчаны і разнастайныя прыпіскі ды ўкладныя запісы дзелавога характару, якія дазваляюць больш даведацца пра гісторыю Полацка і датуюцца XIV стагоддзем. Сталі вядомыя аўтары некаторых паметак у старадаўнім помніку кніжнасці. У прыватнасці, Андрэй Полацкі, апошні полацкі князь, старэйшы сын вялікага князя літоўскага Альгерда: ён зрабіў у кнізе дарчы надпіс, які сведчыў пра перадачу зямель Полацкаму Троіцкаму манастыру. Самае галоўнае, што надпіс, зроблены рукой князя, — на жывой тагачаснай мове, блізкай да сучаснай беларускай.

Упершыню ўсе прыпіскі і запісы ў Полацкім Евангеллі дакладна расчытаны і ў выглядзе дадатку будуць прадстаўлены шырокай грамадскасці ў другой кнізе, падрыхтоўка да якой зараз актыўна вядзецца. Акрамя таго, у самастойным дадатку да факсімільнага выдання зроблены падагульненні, прыведзены каментарыі да евангельскіх тэкстаў.

Алесь Суша адзначыў плённае ўзаемадзеянне некалькіх структур, у тым ліку Нацыянальнай акадэміі навук нашай краіны, расійскіх і беларускай бібліятэк, выдавецтва Беларускага Экзархату, без якога зрабіць такі аб’ём працы было б немагчыма. Разам з тым, па словах намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, пакуль што плануецца толькі стварэнне друкаванага варыянта. Хаця не выключана, што ў будучым з’явіцца і электронны аналаг выдання, які будзе даступны шырокай грамадскасці.

На здымку: старонка Полацкага Евангелля.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"