А навошта нам e-mail?

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Камп’ютарызацыя — без пошты

Дзяржпраграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, як вядома, уяўляе з сябе стратэгію па развіцці і эфектыўным выкарыстанні культурнага патэнцыялу краіны, па падтрымцы інавацый у сферы. Яна таксама скіравана на вырашэнне актуальных праблем культурнага развіцця рэспублікі. Гэта датычыцца, у тым ліку, і праблемы камп’ютарызацыі ўстаноў культуры.

Так, да 2015 года прадугледжана поўная камп’ютарызацыя публічных бібліятэк з падключэннем да сеткі Інтэрнэт і арганізацыяй у іх электроннай пошты. А да ўсяго — абнаўленне камп’ютарнага парку.

Як зазначыла “К” галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Наталля Задзяркоўская, на пачатак 2012 года ў нас налічваецца 3 700 публічных бібліятэк сістэмы Мінкультуры. З іх было камп’ютарызавана і падключана да Інтэрнэту больш за 30%. І, па словах суразмоўцы, наўрад ці гэтая лічба перасягне да канца года планку ў 50% ад усёй колькасці бібліятэк.

Разам з тым, зазначыла Наталля Задзяркоўская, працэс абнаўлення і ўсталявання ў бібліятэках камп’ютараў з падключэннем да сеткі Інтэрнэт ідзе несупынна, і цалкам магчыма, што да 2015-га ўсе планавыя паказчыкі па гэтым параметры Дзяржпраграмы ў рэгіёнах будуць выкананы.

Сапраўды, калі казаць пра тое, наколькі паспяхова ідзе планавая камп’ютарызацыя і мадэрнізацыя камп’ютарнага фонду ўстаноў культуры, дык, патэлефанаваўшы ў некалькі раёнаў, мушу сцвердзіць: фінансавыя сродкі пад гэтыя мэты выдаткоўваюцца раённымі ды абласнымі ўладамі своечасова і без асаблівых перашкод.

Напрыклад, у Гарадоцкім раёне Віцебшчыны сёлета, паводле Дзяржпраграмы “Культура Беларусі”, было набыта дзесяць камп’ютараў, якія пайшлі ў сельскія клубныя і бібліятэчныя ўстановы раёна. Як зазначыла начальнік аддзела культуры Вольга Каўрыга, на 2013 год пад гэтыя мэты выдаткавана дваццаць мільёнаў рублёў на закупку камп’ютараў у сельскія ўстановы, а яшчэ дваццаць — на абнаўленне камп’ютараў у ЦРБ. Такая ж сума прадугледжана ў бюджэце і на закупку ПК для раённага музея. Як лічыць Вольга Каўрыга, з улікам будучай аптымізацыі сеткі ўстаноў на Гарадоччыне, цалкам магчыма, што да 2015 года камп’ютары з'явяцца ў кожнай бібліятэчнай і клубнай установе раёна.

Прыкладна пра тое ж распавялі і ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Па словах кіраўніка сферы мясцовай культуры Марыны Максімавай, сёлета яна атрымала дзесяць камп’ютараў для сельскіх устаноў культуры, таму ПК ужо аснашчаны амаль усе бібліятэкі на сяле.

А вось у Нараўлянскім раёне Гомельшчыны набылі за год толькі тры камп’ютары, якія былі ўстаноўлены ў сельскіх бібліятэках. Але ж, як зазначыў начальнік мясцовага аддзела культуры Віктар Захаранка, з улікам таго, што ў раёне — малая колькасць бібліятэчных і клубных устаноў, магчыма, ужо налета камп’ютарнае пытанне ў сельскай мясцовасці будзе вырашана цалкам.

Падобная карціна назіраецца і ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. Начальнік аддзела культуры Васіль Заруба не выключае, што да канца дзеяння Дзяржпраграмы камп’ютары з’явяцца ў кожнай сельскай бібліятэчнай ці клубнай установе. Іншая справа, што не да ўсіх з іх будзе магчыма падвесці Інтэрнэт, бо, напрыклад, у невялікіх вёсках для гэтага пакуль што не створана адпаведная інфраструктура. І гэта праблема, якая запатрабуе вырашэння аргпытанняў.

Яшчэ адна праблема. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на пачатак года ў краіне налічвалася 1 231 бібліятэка (32,9% ад агульнай колькасці), падключаных да Інтэрнэту. І ў той жа час, толькі ў 1 165 з іх мелася электронная пошта. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб зразумець, што значаць гэтыя лічбы: некаторыя бібліятэкі, падключаныя да Сусветнага павуціння, нават не парупіліся займець свой e-mail. Маўляў, навошта?

Што гэта: пралік мясцовых супрацоўнікаў альбо проста іх неахайнасць? На першы погляд — неахайнасць, якую даволі лёгка можна выправіць некалькамі націсканнямі клавішаў. Але ж не ўсё так проста. Паводле даных, прадстаўленых ужо ў самой Дзярпраграме “Культура Беларусі”, у 2010-м з 1 100 бібліятэк краіны, падключаных да сеткі Інтэрнэт, 1 011 мелі электронную пошту. Як бачна, праблемная сітуацыя назіралася ў бібліятэчных установах і два гады таму. І, спрагназую, наўрад ці свой e-mail займее да канца бягучага года кожная бібліятэка, падключаная да Сеціва.

Зыходзячы з гэтых лічбаў становіцца зразумела, што далёка не ўсё залежыць ад аснашчанасці ўстановы культуры найноўшым камп’ютарным абсталяваннем і што адно толькі ўстаноўкай ПК у бібліятэцы ці клубе ўстанову культуры сучаснай ды адпаведнай патрэбам сённяшняга часу не зробіш. Многае залежыць ад прафесіяналаў. Будуць яны творча ды зацікаўлена падыходзіць да сваёй працы — тады і з’явіцца ў бібліятэк, клубаў, музеяў свая электронная пошта, старонкі ў інтэрнэт-прасторы, крэатыўныя праекты, якія можна пазіцыянаваць ва ўсім свеце, а таксама зацікаўліваць патэнцыйнага інвестара ці мецэната. У адваротным выпадку, не дапаможа і самая сучасная камп’ютарная тэхніка або падключэнне да хуткаснага Інтэрнэту…

Не кажу ўжо і пра тое, што тыя ж бібліятэкары, клубнікі, музейшчыкі маглі б даўно актыўна пазіцыянаваць сваю дзейнасць з дапамогай сацыяльных сетак, узаемадзейнічаць праз Інтэрнэт са сваімі калегамі ў Беларусі і за мяжой, пераймаючы паспяховы вопыт і прапагандуючы ўласныя здабыткі ў бібліятэчнай ці клубнай сферы, а таксама ствараць свае суполкі для абмеркавання тых або іншых праблем. Як, зрэшты, і абмяркоўваць артыкулы газеты “Культура”, якія даўно ўжо размяшчаюцца ў Інтэрнэце, а спасылкі вывешваюцца ў сацыяльных сетках. На жаль, лічбы статыстыкі сведчаць пра тое, што да падобных “інавацый” айчынным культработнікам пакуль далёка. Спадзяёмся, у хуткім часе сітуацыя зменіцца кардынальна. Прынамсі, хацелася б у гэта верыць.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"