Пра сваё і пра "няблага"

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Сярод дванаццаці ўдзельнікаў дзіцячага "Еўрабачання" быў і наш Ягор Жэшка. Як жа мы сустрэлі выступленне свайго Раберціна Ларэці? А менавіта так "ахрысцілі" хлопчыка за мяжой.

Напярэдадні, здавалася, усё было супраць. І атрыманы ў час лёсавання першы нумар, зусім не выйгрышны для такога конкурсу. І мяжа восені-зімы, не лепшая для вакалу з-за надвор’я ды павелічэння прастудных захворванняў. І сам узрост, схільны да хуткай "ломкі" голасу. У дзень, калі канкурсантаў павінна было слухаць прафесійнае журы, Ягор увогуле ледзь не страціў голас — прытым, што заўсёды вылучаўся стабільнасцю выступленняў. Але на фінале сабраўся — і гледачы "Еўрабачання" ва ўсіх краінах пачулі яго песню, дзе беларуская музычная мова "сябруе" з італьянскай. Тэлекаментарый быў прыблізна наступным: што ж, пэўна, няблага. Затое выхады іншых канкурсантаў суправаджаліся цэлымі россыпамі кампліментаў. Звыклы падыход? На жаль, так. Не ўмеем мы любіць сваё проста таму, што яно — нашае. Сваё. Роднае.

Між тым, сёлетняе "Еўрабачанне" шмат у чым адрознівалася ад мінулых. У ім удзельнічалі, пераважна, былыя савецкія рэспублікі, склаўшы сем краін з дванаццаці. Значна пасталелі канкурсанты, а з імі змяніліся і песні, стаўшы надта дарослымі. "Самай-самай" між імі не было. Вылучалася хіба Грузія, прапанаваўшы штосьці больш маладзёжнае па стылі. Амаль не было і цікавых рэжысёрскіх ідэй. Пераможца Настасся Петрык з Украіны зачаравала далёка не ўсіх: пры ўсёй моцы голасу спявачкі, песня была не надта запамінальнай, сцэнічны строй — дзіўнаватым, касметыка — залішняй, зрабіўшы з "юнай прынцэсы" гэткую маленькую "варажбітку"…

Ды на такім фоне мы павінны былі б на руках насіць свайго ўдзельніка! І ацэньваць яго не ў залежнасці ад выбрыкаў лёсу ды атрыманых балаў, а за саму мужнасць. Ну калі ж мы навучымся падтрымліваць кожны парастак на ніве нацыянальнай культуры? А тым больш — сваіх артыстаў, на чые плечы ўскладаецца місія прадстаўляць нашу краіну ў Еўропе…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"