Праект для Культурнай сталіцы СНД

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Рашэнне аб наданні Магілёву, разам з дзвюма іншымі гарадамі Азербайджана і Арменіі, статуса Культурнай сталіцы СНД-2013 было прынята ў Ашхабадзе на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Удзельнікі пасяджэння зацвердзілі Палажэнне аб Міждзяржаўнай праграме "Культурныя сталіцы Садружнасці". Прынята рашэнне рэалізаваць гэтую праграму ў 2013 годзе ў Азербайджане, Арменіі і Беларусі, абвясціўшы, адпаведна, гарады Габала, Гюмры і Магілёў культурнымі сталіцамі Садружнасці.

Як паведамляецца ў Палажэнні, праграма паклікана стаць эфектыўным інструментам міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў сферы культуры, пасадзейнічаць стварэнню спрыяльнага клімату для эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва, а таксама гуманітарнаму, сацыяльнаму, эканамічнаму і інфраструктурнаму развіццю ды папулярызацыі асобных тэрыторый і гарадоў, павышэнню статуса Садружнасці на міжнароднай арэне.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка адзначае, што Магілёў варты звання Культурнай сталіцы СНД-2013. Але дадзены статус — гэта, на думку прадстаўніка аблвыканкама, і вялікая адказнасць, бо шараговымі мерапрыемствамі ў будучым годзе рэгіёну і абласному цэнтру не абысціся, таму зараз у стадыі абмеркавання знаходзіцца цэлы шэраг цікавых праектаў. "І тут мы б хацелі бачыць зацікаўленасць ды ўдзел усіх жыхароў Магілёўшчыны, мы гатовы падтрымаць любыя крэатыўныя ідэі, якія будуць садзейнічаць папулярызацыі Магілёва за межамі краіны і стварэнню яго станоўчага іміджа", — адзначыў Валерый Малашка.

На думку намесніка старшыні аблвыканкама, вынікам сумеснай працы павінен стаць не толькі рост папулярнасці і пазнавальнасці Магілёва: не менш важна, каб гэты новы імідж садзейнічаў развіццю эканомікі, прыцягненню ў горад інвестыцый, у тым ліку ў рэалізацыю сацыяльна значных і культурных праектаў.

Ю.Ч.