Удзельнікі пасяджэння зацвердзілі Палажэнне аб Міждзяржаўнай праграме "Культурныя сталіцы Садружнасці". Прынята рашэнне рэалізаваць гэтую праграму ў 2013 годзе ў Азербайджане, Арменіі і Беларусі, абвясціўшы, адпаведна, гарады Габала, Гюмры і Магілёў культурнымі сталіцамі Садружнасці.
Як паведамляецца ў Палажэнні, праграма паклікана стаць эфектыўным інструментам міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў сферы культуры, пасадзейнічаць стварэнню спрыяльнага клімату для эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва, а таксама гуманітарнаму, сацыяльнаму, эканамічнаму і інфраструктурнаму развіццю ды папулярызацыі асобных тэрыторый і гарадоў, павышэнню статуса Садружнасці на міжнароднай арэне.
Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка адзначае, што Магілёў варты звання Культурнай сталіцы СНД-2013. Але дадзены статус — гэта, на думку прадстаўніка аблвыканкама, і вялікая адказнасць, бо шараговымі мерапрыемствамі ў будучым годзе рэгіёну і абласному цэнтру не абысціся, таму зараз у стадыі абмеркавання знаходзіцца цэлы шэраг цікавых праектаў. "І тут мы б хацелі бачыць зацікаўленасць ды ўдзел усіх жыхароў Магілёўшчыны, мы гатовы падтрымаць любыя крэатыўныя ідэі, якія будуць садзейнічаць папулярызацыі Магілёва за межамі краіны і стварэнню яго станоўчага іміджа", — адзначыў Валерый Малашка.
На думку намесніка старшыні аблвыканкама, вынікам сумеснай працы павінен стаць не толькі рост папулярнасці і пазнавальнасці Магілёва: не менш важна, каб гэты новы імідж садзейнічаў развіццю эканомікі, прыцягненню ў горад інвестыцый, у тым ліку ў рэалізацыю сацыяльна значных і культурных праектаў.
Ю.Ч.