Справа ў тым, што днямі Міністэрства эканомікі нашай краіны ўнесла ў Савет Міністраў канцэпцыю праекта Закону "Аб праектах дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Рэспубліцы Беларусь".
Канцэпцыя ўзгоднена з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі ды бізнес-саюзамі. Пры яе падрыхтоўцы былі прыняты да ўвагі рэкамендацыі міжнародных экспертаў Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, якая супрацоўнічае з Міністэрствам эканомікі ў рамках Плана мерапрыемстваў па ўкараненні механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Беларусі. Таксама канцэпцыя дапрацавана з улікам заўваг і прапаноў Адміністрацыі Прэзідэнта нашай краіны. Дарэчы, сам тэкст канцэпцыі і яе абгрунтаванне размешчаны на сайце Мінэканомікі.
Асноўнымі мэтамі падрыхтоўкі праекта Закону з’яўляюцца стварэнне ўмоў для развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Беларусі, садзейнічанне прыцягненню інвестыцый у эканоміку краіны, забеспячэнне эфектыўнасці выкарыстання маёмасці, што знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы, павышэнне якасці тавараў, работ, паслуг, якія прадастаўляюцца насельніцтву. У Законе прапануецца ўрэгуляваць адносіны пры ажыццяўленні інвестыцый на аснове праектаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
Праект Закону ўяўляе з сябе комплекс мерапрыемстваў па прыцягненні дзяржаўным партнёрам прыватнага партнёра да ўзаемадзеяння ў дачыненні да аб’ектаў інжынернай, вытворчай, сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры. Гэта аб’екты, якія знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і якія патрабуюць рэканструкцыі, рамонту, рэстаўрацыі. Іх выкарыстанне мае ажыццяўляцца на аснове пагаднення аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Збудаваныя аб’екты будуць перададзены ва ўласнасць дзяржавы, іх выкарыстанне павінна ажыццяўляцца ў рамках пагаднення. Пры гэтым участкі нетраў, водныя аб’екты, лясы (участкі ляснога фонду) не могуць з’яўляцца аб’ектамі праектаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
Спадзяёмся, што ў сувязі з прыняццем названага дакумента ў аддзелах культуры Беларусі змогуць больш актыўна развіваць праектную дзейнасць і прыцягваць да ўдзелу ў сваіх акцыях мясцовых бізнесменаў. Прынамсі, вельмі хацелася б на гэта спадзявацца. А "Культура", натуральна, прадоўжыць знаёміць чытачоў з вопытам культработнікаў рэгіёнаў краіны ў галіне дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва.