“Я — вандроўны энтузіяст!”

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Мсціслаў Дабужынскі і Віцебск

(Працяг. Пачатак у № 47.)

…Але ўсё ж якія канкрэтныя прычыны прымусілі Дабужынскага прыехаць у Віцебск? Адразу адзначу, што не петраградскі голад і холад, не петраградскі рэвалюцыйны кругазварот прывялі мастака ў адносна сыты і мірны Віцебск, каб там трошкі “падсілкавацца”. Дабужынскі ў гэтым зусім не адчуваў патрэбы — у Віцебск яго цягнула зусім іншае.

Дазволю сабе на гэты конт выказаць некалькі сваіх версій. Канешне ж, першую скрыпку тут сыграў Марк Захаравіч Шагал. Упершыню імя “віцебскага” Дабужынскага згадваецца 24 снежня 1918 г. у газеце “Витебский листок” № 1076: “…З цэнтра атрымана тэлеграма, што дырэктарам Віцебскага мастацкага вучылішча прызначаны вядомы мастак Дабужынскі…”. На наступны дзень, 25 снежня, ужо ў Петраградзе, у № 45 газеты “Жизнь искусства” з’явілася нататка “Запрашэнне кіраўнікоў”, у якой гаварылася: “…У Петраград прыехаў днямі мастак Шагал для запрашэння кіраўнікоў мастацкай школы ў Віцебску, якой ён кіруе. Выказаў жаданне паехаць у Віцебск мастак М.В. Дабужынскі. Па словах мастака Шагала, запрошаныя ім кіраўнікі будуць таксама браць удзел у аддзеле народнай адукацыі пры віцебскім саўдэпе…”.

А яшчэ праз два дні ў газеце “Известия Витебского губернского Совета крестьянских, рабочих, красноармейских и батрацких депутатов” № 283 было надрукавана: “…Аддзелам выяўленчых мастацтваў Камісарыята народнай асветы прызначаны на пасаду дырэктара Віцебскага народнага мастацкага вучылішча — М.В. Дабужынскі. Кіраўнікамі жывапісна-рысавальных майстэрняў — Марк Шагал, Э.Радлаў (правільна — Н.Э. Радлаў. — Б.К.) і Н.Любавіна, кіраўніком скульптурнай майстэрні — І.Тыльберг. Заняткі ў вучылішчы плануецца адкрыць адразу пасля прыезду кіраўнікоў і ўтварэння мастацкага савета…”. Усе гэтыя імёны былі зацверджаны петраградскай Калегіяй па справах мастацтва і мастацкай прамысловасці і адначасова ўведзены ў склад Калегіі Віцебскага пададдзела мастацтваў аддзела народнай адукацыі. Так што рэальна ўсё вырашалася там, “наверсе”, у Петраградзе.

/i/content/pi/cult/402/8206/2-2.jpeg

Але “загадаць” Дабужынскаму паехаць на працу ў правінцыйны Віцебск не мог ніхто, нават сам Луначарскі: занадта высокі быў аўтарытэт мастака ў еўрапейскім свеце, каб хтосьці мог ім камандаваць. Толькі ўласнае жаданне Дабужынскага было прычынай яго згоды ўзначаліць новае мастацкае вучылішча ў Віцебску. Да таго ж, немалаважнай падставай для прыезду было і тое, што менавіта ў гэты час у горадзе над Заходняй Дзвіной працаваў ягоны бацька — генерал Валерыян Дабужынскі на пасадзе памочніка начальніка акруговага артылерыйскага ўпраўлення Дзвінскай ваеннай акругі. У лютым 1919-га яны амаль адначасова пакінуць Віцебск: бацька накіруецца на радзіму, дзе праз два гады ў Вільні скончыць сваё жыццё, а сын — у Петраград. Але гэта пасля…

Мабыць, цікава будзе даведацца (хаця б тэлеграфнай мовай), чым у Петраградзе займаўся Дабужынскі напярэдадні сваёй камандзіроўкі ў Віцебск. З пачаткам рэвалюцыйнай эпохі мастак разгарнуў бурную грамадскую дзейнасць. У адрозненне ад некаторых сваіх сяброў, якія сталі эмігрантамі, ён, як Блок і Маякоўскі, як Шагал і Малевіч, з захапленнем прыняў Кастрычнік, мяркуючы, што і для культуры надышоў новы час вялікіх змен, час стварэння не толькі новых мастацкіх устаноў, але і новых народных музеяў выяўленчага мастацтва.

/i/content/pi/cult/402/8206/2-3.jpeg

4 кастрычніка 1918 года ў Петраградзе ў будынку былога Ценіўшаўскага вучылішча па вуліцы Махавой адкрыўся Інстытут мастацка-навуковай экспертызы. Яго галоўнай задачай з’яўлялася правядзенне экспертыз твораў мастацтва з вызначэннем іх мастацкай каштоўнасці, атрыбуцыяй і матэрыяльнай ацэнкі. Акрамя таго, Інстытут прымаў на сябе ўладкаванне правінцыйных мастацкіх музеяў. Як пісаў у лісце ад 29 лістапада 1918 г. Паўлу Эцінгеру член мастацкага Савета Уладзімір Адарукаў, Інстытут атрымаў “даручэнне стварыць музей у горадзе Віцебску”. А яшчэ да таго, 14 лістапада, петраградская газета “Жизнь искусства” паведамляла, што ў Віцебску арганізуецца Музей мастацтва пад кіраўніцтвам мастака Шагала. Тады ў Савет Інстытута ўваходзіў, акрамя І.Браза, С.Чэхоніна, Л.Ільіна, М.Раслаўлева, У.Адарукава, А.Гаўша, і М.Дабужынскі, тагачасны вучоны захавальнік Эрмітажа.

Вось яму і выпаў гонар узначаліць у Віцебску адначасова народнае мастацкае вучылішча і мастацкі музей. Але прасачыць яго ўдзел у стварэнні ў горадзе на Дзвіне такога музея досыць складана. Захаваліся толькі звесткі пра тое, што напрыканцы студзеня 1919 г. губернскі аддзел народнай адукацыі павінен быў выплаціць Дабужынскаму 30 тысяч рублёў “за абсталяванне Музея мастацтваў”. Інакш кажучы, сваю місію па стварэнні мастацкага музея ў Віцебску петраградскаму Інстытуту мастацка-навуковай экспертызы выканаць да канца не ўдалося: установа спыніла сваё існаванне ўжо ў сакавіку 1919-га. А ідэя такога музея жывапіснай культуры была вельмі цудоўная. Але не станем забягаць наперад…

/i/content/pi/cult/402/8206/2-1.jpeg

Перад прыездам у Віцебск Дабужынскі стаў прафесарам Тэатральнай майстэрні ў Цэнтральным вучылішчы тэхнічнага малявання барона Штыгліца. Г.Чугуноў у сваёй манаграфічнай кнізе “Мсціслаў Валерыянавіч Дабужынскі” піша: “…Напрыканцы 1918 года, згодна з даручэннем Аддзела выяўленчых мастацтваў пры Камісарыяце Паўночна-Заходніх абласцей, Дабужынскі ўдзельнічаў у арганізацыі Віцебскага мастацка-практычнага інстытута, дзе адначасова кіраваў адной з майстэрняў (майстэрняй малюнка. — Б.К.) і быў дырэктарам інстытута, а таксама сябрам Калегіі пададдзела выяўленчых мастацтваў Віцебска”. Аўтар манаграфіі, відавочна, не вельмі паглыбіўся ў сутнасць “віцебскіх метамарфоз”: Мастацка-практычны інстытут быў арганізаваны праз паўтара года пасля ад’езду Дабужынскага з Віцебска. У дадзенам выпадку гаворка павінна ісці пра Віцебскую народную мастацкую школу, што не адно і тое ж.

Акрамя адміністратыўнай дзейнасці Дабужынскі займаўся і творчасцю. Так, у сярэдзіне студзеня 1919 г. ён аформіў сцэну Віцебскага гарадскога тэатра, дзе 19-га чысла адбыўся сход членаў гарсавета і праўленняў прафесійных саюзаў, прысвечаны памяці загінулага “правадыра рэвалюцыйнага пралетарыяту Германіі” Карла Лібкнехта. У цэнтры сцэны на вялікай чорнай падстаўцы Дабужынскі павесіў партрэт Лібкнехта пэндзля Абрама Бразера.

28 студзеня адбылося святочнае адкрыццё Віцебскага народнага мастацкага вучылішча — “маладога дзецішча пралетарскай культуры” па вуліцы Бухарынскай, 10 (былая Васкрэсенская), у “шыкоўным асабняку былога мясцовага туза — банкіра Вішняка”. Вось як Г.Грылін апісаў гэтую падзею ў артыкуле “Куток культуры ў Віцебску” (“Витебский листок”, № 1113 ад 30 студзеня 1919 г.): “…Нарадзілася яно (вучылішча. — Б.К.) амаль выпадкова. Сусветная вайна загнала ў нашу глуш з шумнага Парыжа нашага слаўнага земляка Марка Шагала. Спачатку ён са свайго “куточка” на Ільінскай вуліцы назіраў за жыццём Віцебска і кавалачкі гэтага аднастайнага жыцця ператвараў у яркія вобразы палотнаў. Але потым вырашыў, што даволі Віцебску жыць для таго, каб “раджаць дзяцей, гандляваць ды паміраць”. І пры дапамозе вышэйшай савецкай улады Марк Шагал падарыў Віцебску народнае мастацкае вучылішча з цэлай галерэяй слаўных імёнаў сучаснага выяўленчага мастацтва, якое ўзначальвае знакаміты мастак нашых дзён Дабужынскі… На адкрыцці кожны гаварыў, што хацеў, што шчыра думаў, усе пачувалі сябе ў цесным утульным асяроддзі родных людзей, якіх раднілі нябачныя ніці вельмі прыстойных пачуццяў чалавечай душы. Спачатку гаварыў Шагал, коратка і проста, потым мастачка Багуслаўская, дырэктар вучылішча Дабужынскі, т.т. Мядзведзеў, Марголін, Крылоў і інш. Гаварылі простымі, сардэчнымі словамі, так, як гавораць людзі жыцця. Чытаў свае цудоўныя гумарыстычныя вершы пра вучылішча і Шагала Пустынін, расказаў казку Як. Окунеў, граў на раялі Бай, смяшыў публіку анекдотамі артыст Гатарскі. Пілі чай, атрымаўшы яго непасрэдна на кухні, дзе абыходзіліся без “слуг”, вялі нязмушаныя, натуральныя гутаркі, хто хацеў смяяцца і жартаваць — не саромеўся. Добры пачатак. Застаецца толькі пажадаць, каб і ў будучым гэты новы куток культуры ў Віцебску жыў тым непасрэдным жыццём, якім людзям трэба жыць наогул і ад якога нас аддзялілі да гэтага часу ўсялякія “ўмоўнасці” і “традыцыі”, створаныя сытай і тупой буржуазіяй”…

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"