Адкуль воск ля Чачоры?

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Італьянцы, славуты Пушкін і радзімічы

ТОП-5 брэндаў Чачэрска

У ценю разрэкламаваных славутасцей тых жа Мінска, Нясвіжа, Міра, Гродна знаходзяцца ўнікальныя аб’екты іншых населеных пунктаў, пакуль яшчэ “абдзеленых” буйнамаштабнымі маркетынгавымі стратэгіямі ў сферы культуры. Паспрабуем разам з вамі, паважаныя чытачы, рабіць выбарку пяці найбольш цікавых культурных адметнасцей пэўнага раёна нашай краіны. Сёння герой рубрыкі — Чачэрск, асобныя культурна-гістарычныя аб’екты якога ўваходзяць у “Залатое кольца Гомельшчыны”.

1. Галоўнай славутасцю Чачэрска лічыцца мясцовая ратуша, узведзеная ў XVIII стагоддзі па загадзе графа З.Чарнышова. Адметныя драўляныя каронкі вежаў ствараюць адзіны дэкаратыўны матыў і разам са спічастымі вокнамі другога паверха надаюць усяму абліччу будынка рамантычны выгляд. У 2005 годзе тут адкрыўся Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей, у якім дзейнічае сем экспазіцыйных і тры выставачныя залы. А для прыцягнення наведвальнікаў нядаўна распачаў сваю працу тэатр. Рэпертуар прысвечаны старонкам даўніны, дзякуючы якім ажываюць карціны з часоў Чарнышова.

/i/content/pi/cult/402/8204/1-2.jpeg

2. Замкавая гара. Вал, рэшткі рова — вось і ўсё, што захавалася ад магутнага ўмацавання радзімічаў. У 1802 годзе на месцы старажытнага замка быў узведзены палац графіні Ганны Чарнышовай, хроснай маці рускага цара Аляксандра I. Палац, пабудаваны ў гатычным стылі, меў форму паўкруга і меў наўкола пейзажны парк.

Замкавая гара стала пасля і сімвалам Перамогі. У брацкай магіле пахавана звыш 330 салдат і партызан, якія аддалі жыцці за вызваленне Чачэрска. У 1957 годзе тут быў узведзены помнік воінам-пераможцам.

3. Мясцовыя жыхары і госці горада любяць бавіць свой вольны час у пейзажным парку, які раскінуўся над ракой Чачорай. Адметна, што парк быў пасаджаны яшчэ ў XVIII стагоддзі, а яго плошча складала 12 гектараў. У XVIII стагоддзі ад парку да сядзібы Чарнышова-Круглікава вяла аранжарэя, дзе вырошчваліся лімонныя дрэвы. Яна была знішчана ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сваю назву рака Чачора атрымала ад нашых продкаў — радзімічаў, якія займаліся зборам мёду і воску ад дзікіх пчол і абменьвалі яго на іншыя, неабходныя ім тавары. Слова “воск” у перакладзе на мову радзімічаў XII стагоддзя — “чечер”. Адсюль і пайшла назва ракі, а пасля — і горада. Нельга не згадаць, што, паводле даных археалагічных раскопак, землі раёна знаходзіліся ў самым цэнтры тэрыторыі рассялення радзімічаў, а адзін з помнікаў даледавіковага перыяду — Бердыжская палеалітычная стаянка, якая па сваім узросце практычна не саступае Юравіцкай, што ў Калінкавіцкім раёне.

/i/content/pi/cult/402/8204/1-3.jpeg

4. Пра колішнюю веліч Чачэрска і яго ўладальнікаў у XVIII — XIX стагоддзях сведчыць сядзіба Чарнышова-Круглікава. Палацава-паркавы ансамбль сфарміраваўся ў І-й палове XIX стагоддзя а свой канчатковы выгляд атрымаў у 1860-м. Сядзіба памятае спектаклі прыгоннага тэатра і аркестра, візіты царскіх асоб, а таксама паэта Аляксандра Пушкіна, дзекабрыстаў. Цікавасць уяўляе яе тэраса, размешчаная на чыгунных кансолях, якая захавалася да нашых дзён. Да слова, у Дзяржпраграме “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады запланавана рэканструкцыя комплексу былой рэзідэнцыі графоў Чарнышовых-Круглікавых.

5. Яшчэ адзін каштоўны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны ў раёне — храм Праабражэння Гасподняга ў Чачэрску, які з’яўляецца помнікам эпохі класіцызму рэспубліканскага значэння. Гэта каменны двух’ярусны храм-ратонда, увянчаны паўсферычным купалам. Інтэр’ер упрыгожаны роспісам работы італьянскіх майстроў. Менавіта ў гэтай царкве знаходзіцца ўнікальная рэліквія — ікона святога Іаана Кармянскага, якая ацаляе нямоглых…

Алена НОВІКАВА, дырэктар Чачэрскага раённага краязнаўчага музея