Вянок і дрэва

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адкрылася выстаўка работ прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар рэгіёна “І ў сэрцы, і ў творах — Радзіма”.

Цягам года майстры і мастакі прымалі ўдзел у рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемствах, дзе дэманстравалі свае творы. Вынік іх дзейнасці — навідавоку. А аб’яднальным сімвалам выстаўкі можна лічыць пано “Вянок садружнасці” з выявай дрэва нацыянальнасцей, якія пражываюць на Беларусі, што зроблена майстрамі з народнага клуба лапікавага шыцця “Рошва” Полацкага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур.

Таксама зачароўваюць вышытыя ўкраінкай Аляксандрай Краўчанка з Сянно рушнікі і нібыта сапраўдныя жывыя кветкі на яе карцінах. Прадстаўленыя іконы Хачыка Чылінгарана з Полацкага раёна выкананы ў тэхніцы ажурна-рэльефнай разьбы. У другой зале ўвагу адразу ж прыцягваюць карціны Маргарыты Сайфугаліевай…

Расказаць пра ўсе прадстаўленыя творы папросту немагчыма, бо ў выстаўцы прынялі ўдзел больш за сорак таленавітых майстроў і мастакоў з усёй Віцебшчыны. Выстаўка працуе да 15 снежня, таму яшчэ ёсць магчымасць убачыць работы, што называецца, на свае вочы.

Марыя ЛЯЛЬКІНА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ