Тэхніка плюс смуга. А што яшчэ?

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Піктарыяльныя фотаэксперыменты: форма і…

У Музеі гісторыі горада Мінска працуе выстаўка піктарыяльнай фатаграфіі “Фатаграфічная палітра”. Больш як трыццаць аўтараў народнага фотаклуба “Мінск” прадставілі свае прачытанні гэтай з’явы фатаграфіі ў больш чым ста работах. І прачытанне тое аказалася далёка не адназначным

Піктарыяльная — гэта...

Такі тып фатаграфіі нарадзіўся ў другой палове ХІХ стагоддзя. Ён меў на мэце прадэманстраваць жывапісныя магчымасці здымка, яго прыналежнасць да высокага мастацтва. Фотаздымак разглядаецца як аўтарскі твор, што пабудаваны па правілах кампазіцыі, гармоніі і раўнавагі, як унікальны рукачынны аб’ект, да якога патрэбна ставіцца як да аналага традыцыйнай карціны. І для стварэння сваіх работ фатографы выкарыстоўвалі складаныя тэхналогіі. Напрыклад, гумі-біхраматны працэс даваў адбітак, што нагадвае малюнак графітным алоўкам або тушшу, апрацоўка паперы солямі плаціны нараджала выявы, якія маглі мець самыя разнастайныя адценні, працэс “брамойль” дазваляў фатографу кантраляваць лакальныя тоны, а выкарыстанне тых жа стэнопаў, манокляў, фільтраў дапамагала ў стварэнні мастацкіх эфектаў… У выніку піктарыялісты здолелі пераканаць у тым, што фатаграфія вартая таго, каб яе выстаўлялі ў музеях і куплялі за такія ж вялікія грошы, як жывапіс.

/i/content/pi/cult/402/8200/2-1.jpeg

Што імкнуцца данесці аўтары?

Стварэнне падобных “жывапісных аналагаў”, здольных прадэманстраваць майстэрства фатографа і ягоную далучанасць ды “высокіх канонаў”, — задача, якая вабіць і сучасных фатографаў, памкненне да чаго выявіла выстаўка. Што ж мы ўбачылі на ёй? Па шчырасці — новыя магчымасці піктарыяльнай фатаграфіі. Але, разам з тым, яе класічную форму дзеля класічнай формы.

У сваёй прадмове куратар выстаўкі і старшыня фотаклуба “Мінск” Яўген Казюля адзначыў: “Сучасныя лічбавыя тэхналогіі значна пашырылі інструментарый фатографа і дазволілі казаць пра “новы піктарыялізм” у мастацтве фота”. І з гэтай ідэяй цяжка не пагадзіцца, бо, да прыкладу, камп’ютарная апрацоўка фотавыявы сёння мае тую ж мэту, што і ручная з дапамогай пэндзля і губкі (як тое і рабілі піктарыялісты), — стварэнне выразнага мастацкага твора. Гэты падыход падаецца дарэчным у трактоўцы новай піктарыяльнай фатаграфіі, бо важны не метад, а — вынік. Але вынік, які быў прадстаўлены на выстаўцы, прымусіў не толькі парадавацца.

Сяргей Качэргін, Міхаіл Гарус, Віктар Сядых, Віктар Бутра, Юрый Васільеў, Валерый Вядрэнка, Уладзімір Бліноў, Аляксандр Валадзько, Віталь Раковіч, Марына Бацюкова, Віктар Жураўкоў… Экспазіцыя прапанавала сустрэчу з работамі спрэс слынных аўтараў фотаклуба “Мінск”. Віталь Раковіч прадставіў вытанчаную “графічную” серыю работ “Дрэвы”, Міхаіл Гарус — фатаграфіі гулкіх інтэр’ераў, у якіх жыве святло, Віктар Суглоб — класічныя і стрыманыя фотанацюрморты, Людміла Сідзенка  — яскравыя і “фантазійныя” пейзажы… Здымкі апошніх, дарэчы, дамінавалі на выстаўцы, разгортваючы перад гледачом палітру тых самых творчых падыходаў да стварэння жывапіснай выявы. Прызнацца, пад час іх прагляду і ўзнікла пытанне: а што яшчэ, акрамя дэманстрацыі валодання пэўнай тэхнікай, імкнуцца данесці аўтары?

/i/content/pi/cult/402/8200/2-2.jpeg

А прататыпы хто?

Калі, зноў жа, паглыбіцца ў гісторыю фатаграфіі, можна ўзгадаць, што тагачасныя прыхільнікі піктарыялізму выкарыстоўвалі тэхналогіі, каб дапасаваць фотавыяву пад жывапісны твор. Піянеры намагаліся падысці бліжэй да мастакоў-натуралістаў (адсюль — улюбёныя пастральныя сюжэты і атмасферныя эфекты: туман і тая ж смуга), але далей фатографы — іх паслядоўнікі смела крочылі за ідэямі імпрэсіяністаў, сімвалістаў, мадэрністаў, нават кубістаў. Працягваючы гэтае параўнанне, цалкам лагічнай падалася магчымая сувязь нашых фатографаў з айчыннымі класікамі жывапісу.

У гэтым кантэксце, вельмі блізкімі да твораў беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі мне падаліся фатаграфіі Уладзіміра Блінова. Тая ж шэра-блакітна-перламутравая гама, эфект “сфумата”, якога фатограф дасягнуў з дапамогай тых самых прыёмаў працы з оптыкай: празрыстасць і адначасова смуга — і вось адсылкі да славутага майстра робяць работы фатографа блізкімі і запамінальнымі.

Пэўныя парафразы малюнкаў Напалеона Орды можна ўбачыць у фатаграфіях Віктара Жураўкова, Валерыя Вядрэнкі. Мо аўтары і не мелі менавіта гэтую асобу на ўвазе, але прыклады пэўнай графікі — дакладна. Немагчыма не ўзгадаць карціны Каровіна ці Левітана пад час прагляду твора Уладзіміра Паўлава “Купальшчыца” — столькі ў ёй зачаравання святлом ды імгненнем! Тут ужо — прывітанне імпрэсіяністам.

А доказы — патрэбныя...

Гэтыя паралелі можна працягваць далей, аднак узнікае новае пытанне: а ці абавязкова работы павінны мець свой дакладны жывапісны “прататып”? Вядома ж, не. Але тут вырашальнай становіцца аўтарская ідэя.

/i/content/pi/cult/402/8200/2-3.jpeg

Відавочным прыкладам яе перавагі стала серыя Юрыя Васільева “Берагі”, пры стварэнні якой нават не выкарыстоўваліся пэўныя эфекты (ва ўсялякім выпадку, аўтару так падалося). Абапіраючыся на ўласную назіральнасць і майстэрства, фатограф зрабіў серыю выяў берагавых ліній — той найпрыцягальнай часткі далягляду, што звычайна застаецца па-за спінамі мастакоў. Выбар "кропкі здымкі", звычайнай, але, як высветлілася, вельмі асаблівай фактуры, натуральнае святло — і, калі ласка: "жывапісны", але, разам з тым, і фотатвор гатовы!

Да гэтай кагорты простых, але выразных ды запамінальных работ можна далучыць і здымкі Валерыя Вядрэнкі. Яго серыя фота помнікаў “у іх жа атачэнні”: Гярвяты, Навагрудак, Рубяжэвічы, Вішнева, Будслаў… Фатограф дасягае кантраснасці і графічнасці, абапіраючыся, у першую чаргу, на выбітныя кампазіцыйныя рашэнні ды стрыманыя колеры.

Менавіта такія прыклады і пераканалі: піктарыяльная фатаграфія сёння можа быць актуальнай толькі пры падыходзе, калі аўтар удыхае ў класічны фармат новае прачытанне. Калі ж фатографы выкарыстоўваюць тэхнічныя прыёмы апрацоўкі выявы  — ці гумі-біхраматны працэс, ці фоташоп дзеля самога прыёму, — іх практыкі выглядаюць, мякка кажучы, дзіўна. Іншымі словамі, калі музыкант грае блюз дзеля самога блюза, яго нельга назваць сучасным музыкантам. А калі ён укладвае ў яго не толькі сваю душу, але і асабістую “выпакутаваную” думку, ягоную музыку ніяк не назавеш састарэлай.

Дзеля справядлівасці адзначым, што на выстаўцы мы сустрэліся як з фатаграфічнымі класікамі, так і з сучаснікамі.

Ды яшчэ назіранне. Магчыма, захапленне сучаснікаў піктарыялізмам — не проста пераасэнсаванне з’явы, а яшчэ адна спроба даказаць, што фатографы — “такія ж самыя людзі”, як і мастакі? І тая задача, якую, здавалася б, вырашылі тагачасныя піктарыялісты, для нас па-ранейшаму застаецца актуальнай.

У ілюстраванні матэрыялу выкарыстаны работы Людмілы Сідзенка, Юрыя Васільева і Валерыя Вядрэнкі

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"