Бондар — з часоў ВКЛ

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Навагрудчына: пераемнасць традыцый

Не сакрэт, што бондарства — рамяство складанае, працаёмкае і — вельмі запатрабаванае ў свой час. Яшчэ ў Вялікім Княстве Літоўскім лепшыя майстры вылучаліся ў асобныя двары ды пасяленні, працавалі ў панскіх маёнтках, манастырах, пры замках, у гарадах утваралі свае цэхі. Дубовая клёпка, вырабленая беларускімі рамеснікамі, лічылася лепшай у Еўропе і ішла на экспарт у Францыю ды Германію.

У наш час майстроў, якія працягваюць вырабляць традыцыйны драўляны посуд, па пальцах можна пералічыць. На Навагрудчыне гэта майстар Іван Шыман.

/i/content/pi/cult/402/8198/1-3.jpeg

Майстры — людзі асаблівыя. Яны нешматслоўныя, сціплыя, лічаць, што за іх павінна гаварыць іх справа. Такі і Іван Уладзіміравіч — патомны бондар. Ягоныя дзед і бацька былі вядомымі майстрамі на толькі ў сваёй мясцовасці. Дзед — Іван Лявонцьевіч, ураджэнец вёскі Каменка Навінская, зарабляў на жыццё тым, што майстраваў на патрэбу аднавяскоўцаў самыя розныя “прамыя” бандарныя вырабы: бойкі, ражкі, кубельцы. Бацька — Уладзімір Іванавіч, ажаніўшыся, пераехаў з сям’ёй у вёску Рошчыца, дзе амаль у кожным двары жылі бондары. Назіраючы за іх працай Уладзімір Іванавіч засвоіў майстэрства больш складанае — выраб бочак.

Бацька прывучаў сына да працы з маленства. Але сур’ёзна авалодаць сакрэтамі майстэрства таму давялося значна пазней. У няпросты час перабудовы бацьку давялося ўспомніць былое рамяство, бо гэта было важнай падмогай у яго сялянскім жыцці. Іван Шыман дапамагаў рабіць бандарныя вырабы, а неўзабаве змайстраваў свой першы — кубелец для сала. Так рамяство паступова ўвайшло ў жыццё, стала запатрабаваным, і цяпер Іван Уладзіміравіч сам прызнаны майстар.

Да таго ж, Іван Шыман — актыўны ўдзельнік клуба майстроў “Каляровая альтанка”, які адкрыўся пры Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў. Ён неаднойчы пабываў са сваімі вырабамі на рэспубліканскіх ды абласных фестывалях і святах, мае дыпломы Міністэрства культуры нашай краіны, абласнога выканаўчага камітэта, Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Увесь свой вольны час Іван Уладзіміравіч прысвячае любімай справе, да якой ставіцца вельмі сур’ёзна. Усё стварае, у асноўным, уручную. Інструментам карыстаецца бацькавым, а чаго не ставала — набыў у старых майстроў. Пры вырабе пасудзін улічвае пароду дрэва, яго стан, вільготнасць. З самай каштоўнай пароды — дубу — вырабляе бочкі ды кадкі пад квас і грыбы, з алешыны — ражкі для лазні, дзежкі, з сасны — цэбры, бойкі. Шмат работ зроблена на заказ для цэркваў і Жыровіцкага манастыра. Бочкі Івана Уладзіміравіча бралі на рэканструкцыю Барадзінскай бітвы, там жа з яго драўляных вёдраў паілі коней…

З кожным разам у майстра ўзнікае жаданне стварыць нешта новае, больш складанае. Час ад часу бацьку дапамагае сын Андрэй. Ёсць надзея, што сакрэты бондарскага рамяства ў гэтай сям’і захаваюцца, а дынастыя майстроў Шыманаў займее працяг…

Наталля КЛІМКО, дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў

На здымку: Іван Шыман са сваімі вырабамі.