Як зацікавіць інвестара?

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Каб знайсці праект для міжнароднага форуму…

РЭГІЁНЫ: майстар-клас крэатыву

Днямі ў Мінску завяршыўся маштабны Беларускі інвестыцыйны форум, які сабраў больш за 600 удзельнікаў з 33 краін свету. Цягам жа бягучага года ў краіне прайшло некалькі дзясяткаў падобных мерапрыемстваў як міжнароднага, так і рэгіянальнага ўзроўняў, засведчыўшы тым самым, што прыцягненне замежных інвестыцый — надзённая задача не толькі для Урада Беларусі, але і для кіраўніцтва абласных ды раённых выканаўчых камітэтаў.

Культура і інвестар

Але ці прымаюць удзел у падобных акцыях аддзелы культуры Беларусі? Не сакрэт, што інвестфорумы — не толькі цудоўная магчымасць прадставіць свае рэгіянальныя праекты ды зацікавіць імі як айчынных, так і замежных бізнесменаў, але яшчэ і выдатны спосаб для завязвання кантактаў з прадпрымальнікамі, наладжвання сацыяльнага партнёрства ды многага іншага.

Натуральна, пад час падобных акцый для патэнцыйных інвестараў прапаноўваюцца ў асноўным эканамічныя праекты. І тое цалкам зразумела: будзе паспяхова працаваць эканоміка — працягне развівацца і сацыяльная сфера таго або іншага раёна Беларусі. Але ж і аддзелы культуры краіны таксама могуць пазіцыянаваць сябе на падобных міжнародных форумах, тым самым праяўляючы сваю актыўную пазіцыю ў пошуку пазабюджэтных сродкаў ды прапаноўваючы для рэалізацыі пэўны сацыякультурны праект.

На жаль, тэлефанаванне ў дзясятак аддзелаў культуры Беларусі засведчыла даволі сумны факт: для культработнікаў краіны ўдзел у міжнародных ці рэгіянальных інвестфорумах завядзёнкай пакуль не з’яўляецца. Нехта з начальнікаў пры размове наракаў на тое, што ягоны перспектыўны праект перахапілі канкурэнты са сферы турызму, хтосьці казаў, што ў раёне і без таго наладжана паспяховае сацыяльнае партёрства з мясцовымі бізнесменамі, а нехта проста не даваў веры таму, што з дапамогай падобных акцый можна ўвогуле адшукаць неабходныя фінансы…

/i/content/pi/cult/402/8197/1-1.jpeg

Рашуча з гэтым не згодны. Вядома ж, сядзець склаўшы рукі значна прасцей, чым думаць над цікавым праектам, рыхтаваць усю патрэбную дакументацыю ды змагацца за яго рэалізацыю. Але нават удзел у падобных інвестфорумах можа, як ужо казаў, прынесці карысць аддзелу. А таксама, магчыма, — і неблагую фінансавую аддачу ў будучыні.

Інвестфорум у аддзеле

А пакуль што — практыка тых аддзелаў культуры, якія ўдзельнічаюць у падобных акцыях. Напрыклад, у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці на нядаўнім рэгіянальным інвестфоруме культработнікі прадставілі праект па стварэнні турыстычна-забаўляльнага цэнтра “Шацілінскі востраў”. Па словах начальніка аддзела Алены Палавец, планам прадугледжана размяшчэнне на гэтай тэрыторыі атракцыёнаў ды будаўніцтва кафэ са стаянкай для аўтамабіляў. Пакуль, праўда, ніхто з патэнцыйных інвестараў названым праектам не зацікавіўся.

У Петрыкаўскім раёне той жа Гомельшчыны маюць два праекты, якія аддзел культуры таксама ўжо прэзентаваў на інвестфорумах. Так, летась культработнікі прапанавалі бізнесменам паўдзельнічаць у рамонце будынка колішняй вінакурні XІX стагоддзя ў вёсцы Лучыцы. Пры адпаведнай працы, перакананы ў райвыкаканкаме, названы аб’ект спадчыны мог бы стаць запатрабаваным і ў турыстычнай інфраструктуры. Тым больш, побач з гэтай старадаўняй забудовай знаходзіцца рака, па-суседстве — аграсядзіба, дзе можна размясціць гасцей… Карацей, умовы для турызму — самыя выгадныя.

/i/content/pi/cult/402/8197/1-2.jpeg

А ўжо сёлета, 9 лістапада, на раённым інвестфоруме культработнікі з Петрыкава прапанавалі бізнесменам новы праект: стварэнне на базе Музея дзеда Талаша ваенна-гістарычнага падворка пад адкрытым небам. І, магчыма, у хуткім часе названай прапановай зацікавіцца той або іншы інвестар. Прынамсі, хацелася б у гэта верыць.

Дарэчы, па словах начальніка аддзела культуры Петрыкаўскага райвыканкама Алены Прадко, пасля правядзення інвестфоруму яна дала заданне кожнаму структурнаму падраздзяленню — РДК, ЦБС, РАМЦ, краязнаўчаму музею: стварыць свой цікавы і адметны культурны праект, а пасля — абараніць яго, прэзентаваўшы перад сваімі калегамі. Гэта, упэўнены кіраўнік раённай сферы культуры, дасць імпульс да дзеяння мясцовым культработнікам, каб у далейшым яны самастойна змаглі прадстаўляць свае праекты не толькі на раённых, але і на больш маштабных інвестфорумах.

Крэатыўную ідэю Алены Прадко можна толькі вітаць. Зрэшты, чаму б не паспрабаваць зладзіць падобны міні-інвестфорум у маштабах аддзелаў культуры краіны? Упэўнены, з соцень цікавых праектаў, прадстаўленых культработнікамі, знайшоўся б, прынамсі, дзясятак тых, які былі б здольныя зацікавіць патэнцыйнага спонсара. А наша газета, у сваю чаргу, можа быць інфармацыйным спонсарам падобных акцый. Прынамсі, пра вынікі петрыкаўскага эксперыменту мы абавязкова паведамім напрыканцы бягучага года.

Адметныя праекты, ды яшчэ з прыцэлам на падтрымку мясцовага ці замежнага бізнесу, стварыць не так ужо і проста. Для гэтага часцяком патрэбны спецыяльныя веды, якімі клубныя супрацоўнікі ці бібліятэкары папросту пакуль што не валодаюць. Але ўсе гэтыя веды можна атрымаць з практычнага вопыту, зрабіўшы не адзін і не два праекты, пераймаючы вопыт сваіх калег з іншых рэгіёнаў ды ўдзельнічаючы ў інвестфорумах абласнога ды рэспубліканскага маштабу. Пад ляжачы камень, як вядома, вада не пацячэ. Дык калі ж на міжнародных інвестфорумах будуць абмяркоўвацца не толькі эканамічныя, але і адметныя культурныя бізнес-ідэі? І які аддзел культуры выйдзе на такі ўзровень першым? Прынамсі, час для таго, каб перайсці ад культурнага забеспячэння падзей да іх самастойнага напаўнення прыспеў даўно.

На здымках: праекты Петрыкаўскага раёна — падворак Музея дзеда Талаша і вінакурня ў Лучыцах — маюць прыцягнуць турыстаў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"