“Горад залаты”

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Нацыянальная школа — “Лапікавы стыль”

Маляваць можна не толькі алоўкам або пэндзлем, і ляпіць — не толькі з гліны. Вось Любоў Кірылава стварае малюнкі (ці гэта жывапіс?) з лапікаў тканіны, а Вера Блінцова робіць аб’ёмныя рэчы з паралону і пенапласту на драцяной аснове, а потым аздабляе іх тканінай. Гаворка — пра сумесную выстаўку дзвюх мастачак “Горад залаты”, што праходзіла ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

/i/content/pi/cult/402/8194/3-1.jpeg

І Любоў, і Вера нарадзіліся ў адзін год, у 1983-м скончылі Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Любоў Кірылава пэўны час працавала мастаком па інтэр’еры на Барысаўскім мастацкім камбінаце, а Вера Блінцова — мастаком-пастаноўшчыкам на Беларускім тэлебачанні. У творчым актыве кожнай — ткацтва, распрацоўка эксклюзіўнага адзення, стварэнне аплікацый з тканіны. Іхнія творы экспанаваліся ў Таліне, Санкт-Пецярбургу, Берліне.

/i/content/pi/cult/402/8194/3-2.jpeg

“Лапікавы стыль”, які дэманструюць мастачкі на гэтай выстаўцы, — толькі адна з творчых іпастасяў кожнай з іх. Сам гэты кірунак у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве нарадзіўся ў асяроддзі тых, хто працуе з тканінай, як забаўка, як баўленне часу паміж “сур’ёзнай” працай кшталту стварэння габеленаў. Але паколькі перспектыва зрабіць штосьці з нічога вабіць і прафесіянала, і аматара, кірунак набыў папулярнасць, разгалінаваўшыся сёння на нацыянальныя школы.

Беларускай школе, да якой належаць Любоў і Вера, уласціва імкненне дасягнуць выразнасці мінімальнымі сродкамі (гэта ідзе ад народнага мастацтва), пэўная рамантычнасць і дэкаратывізм. Усё тое мы бачым і ў іхніх работах, якія па форме — мініяцюры, а ў сэнсе змястоўнасці могуць паспрачацца з тканымі карцінамі манументальных памераў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"