Ірванулі ў будучыню?

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Першае Мінскае трыенале сучаснага мастацтва: спробы зрабіць з прасторы “новую рэальнасць”

“Глядзі шырэй!” — гэта слоган Першага Мінскага трыенале сучаснага мастацтва “БелЭКСПА-Арт-2012”. Чаму Мінскага — мне не вядома, бо Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭКСПА” на трох тысячах метрах сабраў работы мастакоў і тых, хто лічыць сябе мастакамі, не толькі практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі, але і з некаторых замежных краін, дзе асабліва вызначаецца Сербія ў асобах У.Дуніча, Д.Атасевіча і Р.Трнаваца.

/i/content/pi/cult/402/8193/2-2.jpeg

Адразу скажу: я прыйшоў на выстаўку з некаторай доляй сумнення, бо занадта шмат пытанняў узнікала ў час яе падрыхтоўкі і распрацоўкі канцэпцыі, пра што газета “Культура” пісала неаднойчы. Тым больш, само паняцце “сучаснае выяўленчае мастацтва” і зараз выклікае шмат дыскусій ды спрэчак. Карацей, я правёў на выстаўцы больш за дзве гадзіны і не скажу, што яна мяне расчаравала: шмат твораў (гаворку вяду толькі пра выяўленчае мастацтва) мне спадабалася, асабліва ў скульптуры (К.Селіханаў, Ю.Анушка, К.Касцючэнка, А.Шапо, А.Вараб’ёў, В.Борзды), менш — у жывапісе ды графіцы, хаця і тут ёсць цікавыя пошукі (А.Скарабагатая, В.Шоба, В.Ляховіч, Г-М. Жалезка, Т.Радзівілка, Р.Найдзен, Т.Макляцова-Якаўлева). Канешне ж, у сваім ранейшым амплуа “стваральнікаў новага мастацтва” — мінчанін Р.Вашкевіч з праектам “Візуальны спектакль” (іntrо), віцябчане-наватары: ад А.Салаўёва, В.Васільева, Г.Васільевай, А.Малея да В.Шылко, А.Дасужава і Р.Калмыкова (а ўсяго віцябчан — аж дваццаць чалавек!). Я ўжо не кажу пра экспазіцыі жалезных робатаў А.Гадуна і С.Парцянкова: з майго пункта гледжання, яны — па-за мяжой уласна мастацтва, хоць і называюцца арт-аб’ектамі. Аб’екты — так, і я пакланяюся залатым рукам іх аўтараў, але пры чым тут “арт”? Дарэчы, больш за ўсё гледачоў, асабліва — дзяцей, збіраецца і фатаграфуецца менавіта каля гэтых аб’ектаў. Таксама вялікую ўвагу прыцягвае праект “Kaлейдаскоп” маладой мінскай мастачкі К.Лісіцынай і дызайнера А.Шапціцкай з Львова, якія разам з відэаартыстам А. Дэ Бронхе і музыкантам А.Шарашоўцам зрабілі своеасаблівы трохкалідоравы лабірынт з люстэркамі і спецыяльны пакой з экранам для відэаінсталяцый — таксама месца прыцягнення для дзяцей і іхніх бацькоў.

/i/content/pi/cult/402/8193/2-1.jpeg

Тым не менш, мне падаецца, што, нягледзячы на падзел выставачнай прасторы на асобныя экспазіцыі і стэнды, стварыць адзіную ідэйную культурна-мастакоўскую канцэпцыю аўтарам не ўдалося: усё атрымалася дробна, часам — выпадкова, часам — перагружана так, што гледачу немагчыма ахапіць неабсяжнае і зразумець: дык усё ж такі што ёсць сучаснае мастацтва і якіх новаўвядзенняў чакаць ад яго заўтра? Радыкальны наплыў інсталяцый і перформансаў? Выцісканне прафесійнага выяўленчага мастацтва аматарскімі і самадзейнымі візуальнымі “арт-аб’ектамі” і поставангарднымі “глыбакадумнымі” праектамі з прэтэнзіяй на найноўшую філасофію? Таму я здзіўлены, што ў экспазіцыі чамусьці не пабачыў творы беларускіх мастакоў, па-сапраўднаму сучасных ва ўсіх адносінах: згадайма хаця б зусім нядаўнія выстаўкі жывапісу У.Савіча, Г.Скрыпнічэнкі, І.Кліменкі, А.Кузняцова… Можа, я ўжо стаў рэтраградам і не разумею таго, што адбываецца ў сучаснай творчасці? Магчыма, памыляюся, лічачы, што ўсе гэтыя папулярныя інсталяцыі і арт-аб’екты, зразумела, маючы права на існаванне, усё ж уяўляюць з сябе трохі іншую сферу творчасці, чым стагоддзямі “правераная” ўласна выяўленчая эстэтыка. Яны павінны мець сваю асобную нішу, як, скажам, дызайн? Ці наш тэхналагічна-электронна-касмічны век патрабуе “адстаўкі” старога мастацтва і стварэння “новай рэальнасці”? Але якой “новай”?

/i/content/pi/cult/402/8193/2-3.jpeg

Канешне ж, у цэлым сённяшняе Трыенале сучаснага мастацтва дае добрую падставу для разваг ды роздумаў пра далейшы лёс нашай справы, пра тое, як максімальна цудоўна і пераканаўча сфарміраваць вялікую прастору для тых работ, што сапраўды з’яўляюцца люстэркам нашага часу, і для тых творцаў, для каго мастацтва — не проста гульня, забаўка, а вобраз жыцця.

/i/content/pi/cult/402/8193/2-4.jpeg

Прастора… Вось тая галоўная “фішка”, якая прыцягнула маю ўвагу, калі я абышоў усю выстаўку, магчыма, штосьці прапусціў, бо заблукаць тут было лёгка. Напрыклад, той самы “Калейдаскоп” Каці Лісіцынай я знайшоў выпадкова: у нядзелю, 25 лістапада, яшчэ не было цэтліка з назвай праекта ды імёнамі яго аўтараў. Такая мудрагеліста арганізаваная прастора пад шыкоўнымі жырандолямі — рэдкая магчымасць для дэманстравання больш чым 200 інсталяцый, арт-аб’ектаў, фотапраектаў, арт-праектаў, у тым ліку тэатральных, ды жывапісных палотнаў, скульптур, графічных аркушаў і г. д. Падобнай прасторы для размяшчэння работ я ў Мінску яшчэ не бачыў, і чамусьці падумаў, як яе можна выкарыстаць у якасці… матэрыялу. Каб пабудаваць з прасторы “новую рэальнасць”, няхай сабе і віртуальную, трэба яе “злавіць”. І мастак, відаць, імкнецца зрабіць “пастку” — праз люстэркі, кольцы, сеткі, прадметы, нешта падвешвае на нітках, вяроўках, дроце. Кручэнне, калыханне, адлюстраванне, адбіткі — прасторы прастор, сусветы светаў. Усё гэта, нібыта, у наяўнасці. Але ў выніку атрымліваецца, так бы мовіць, “оптыка” — зона бачнасці, і не хапае той самай унутранай філасофіі, пра якую за “круглым сталом” любяць так цудоўна разважаць некаторыя мастакі, часам выконваючы абавязкі тэарэтыкаў.

/i/content/pi/cult/402/8193/2-5.jpeg

Ёсць рэчы, якія мы ўсведамляем, нягледзячы на тое, што яны знаходзяцца па-за межамі нашага сенсорнага свету. У іх ліку і прастора — матэрыял, з дапамогай якога мастак можа выявіць бачнае: тое, што немагчыма выявіць іншымі сродкамі. А фарбы, бронза, мармур, метал, шкло, аловак — інструменты для маніпуляцый з прасторай. Узяўшы такі матэрыял, можна зазірнуць туды, куды чалавек амаль не пранікаў, унікнуць у структуру светабудовы, намацаць звінячыя ніці, нацягнутыя паміж палюсамі, на якія, нібы пацеркі, нанізаны свет. “Чуеш, ідзе час? — Пачакай, падпусцім яго бліжэй…” Дык вось, арганізатары выстаўкі, падаецца, не вельмі адчулі сённяшні складаны час нашага мастацтва — час трывог і надзей, час супярэчнасцей і веры ў дзень заўтрашні, — не кажучы ўжо пра тое, што ўся экспазіцыя атрымалася, так бы мовіць, “касмапалітычнай” і амаль нічога ў ёй нацыянальнага, свайго, беларускага, я не адчуў. Я разумею жаданне арганізатараў выстаўкі аказацца на ўзроўні перад замежным мастацкім бамондам, для чаго, мабыць, і былі запрошаны госці з Сербіі, Расіі, Украіны, але каб арганічна ўліцца ў еўрапейскі кантэкст ды еўрапейскія стандарты мастацтва, далёка не заўжды абавязкова па-еўрапейску апранацца…

/i/content/pi/cult/402/8193/2-6.jpeg

Я не вельмі ўпэўнены ў тым, што са мной хтосьці гатовы салідарызавацца, але не магу ўжо ўспрымаць без усмешкі пра тое, што менавіта за поставангардам — будучае. Для мяне гэта — мінулае, цудоўнае і далёкае, як Антычнасць, Рэнесанс ці, скажам, шагалаўска-малевічаўская Віцебская мастацкая школа. І з гэтага пункта гледжання авангард, якім амаль цалкам насычана сённяшняя выстаўка, належыць больш да мінулага, чым да будучага, бо нічога якасна новага ў эстэтыцы тут, на жаль, я не ўбачыў, хаця асобныя творы, як ужо казаў вышэй, выкананы дастаткова прафесійна і з любоўю. Але не трэба “закасаўшы штаны” бегчы “ўслед за Сальвадорам Далі” (пад такой назвай на вернісажы была прадстаўлена авангардная мода), Малевічам, Міро, Мандрыянам ці Пікаса. Я разумею жаданне мастакоў любымі сродкамі хутчэй ірвануць, як ім здаецца, у “будучыню”, але ў гэтай гарачцы можна страціць пачуццё сучаснага, цяперашняга, страціць такую неабходную для любой культуры повязь часоў і пакаленняў.

/i/content/pi/cult/402/8193/2-7.jpeg

Хачу ўявіць сабе, як будзе выглядаць у 2015-м наступнае Трыенале сучаснага беларускага мастацтва, — і не магу. Што можна зрабіць кардынальна новага за тры гады? Ці гэта зноў будзе рэтраэкспазіцыя з таго, што мы ўжо бачылі раней? Альбо — буйная міжнародная мастацкая акцыя, па-сапраўднаму канцэптуальная, гэтым разам — у звязцы з прафесійным Беларускім саюзам мастакоў? Як кажуць, пажывём — пабачым. Але пакуль мы можам на матэрыяле сённяшняй выстаўкі, дзесьці за “круглым” ці “квадратным” сталом, спакойна, без ламанняў коп’яў, без абвяшчэння “барыкадных” маніфестаў, зрабіць пэўныя высновы. Бо мэта ва ўсіх нас адзіная: каб беларускае нацыянальнае выяўленчае мастацтва ў асобах нашых “аксакалаў”, іхніх пераемнікаў ды нястомнай творчай моладзі па-сапраўднаму было на вышыні…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"