Не "стадыённа"

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Салонна-сядзібны тэатр? Чаму б і не!

У Белай зале Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў адна за адной на працягу лістапада прайшлі прэм’еры двух камерных спектакляў Музычнага тэатра “Галерэя”. Паказы далі падставу задумацца: ці ж не ў Нясвіжскім ды Мірскім замках трэба пракатваць гэтыя ды іншыя падобныя тэатралізаваныя праграмы, што імкнуцца перадаць саму атмасферу былых хатніх салонаў? І ці не павінен менавіта Нясвіж, прызнаны Культурнай сталіцай Беларусі 2012 года, ладзіць такія імпрэзы пастаянна, а не толькі ў рамках буйных фестывальных праектаў накшталт Свята камернай музыкі “Музы Нясвіжа”, “Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, арт-фэсту “Тэатр Уршулі Радзівіл” ды іншых грандыёзных пачынанняў, што ўжо маюць свае традыцыі, але праходзяць раз на год.

Аказалася, усё гэта ўжо было прадугледжана. І, больш за тое, — пачало ажыццяўляцца.

— Праект “Музычны дом “Класіка”, у рамках якога адбыліся, да прыкладу, убачаныя вамі “Фантазіі Вольфганга Амадэя”, — распавёў прадзюсар Сяргей Чахоўскі, — прадугледжвае правядзенне разнастайных канцэртных і музычна-тэатральных праграм у музеях, замках і сядзібах Беларусі. Пачатак такіх выступленняў ужо быў пакладзены. Са жніўня да сярэдзіны кастрычніка амаль кожную суботу і нядзелю ў Нясвіжскім палацы выступаў ансамбль “Кантабіле” з праграмай “Музычныя скарбы Еўропы”. Канцэрты праходзілі па два разы на дзень — а 12-й і а 17-й гадзіне — і заўсёды збіралі публіку!

/i/content/pi/cult/402/8192/1-1.jpeg

Гэтым цыклам мы практычна рэанімавалі знаны калектыў з даўняй гісторыяй, які першым у Беларусі, прычым яшчэ ў савецкія гады, пачаў аднаўляць шляхетнае мінулае нашай краіны. У рэпертуары музыкантаў з’явіўся знакаміты цяпер “Полацкі сшытак”, іншыя творы. Цяперашнія праграмы, у якіх, як мне здаецца, удалося знайсці баланс паміж рознай аўдыторыяй, доўжыліся хвілін сорак — на мой погляд, самы прыдатны для падобнага музіцыравання “рэгламент”, бо звыклыя дзвюх, трохгадзінныя канцэрты з антрактам тут не падыходзяць. Музыка не выконвалася ў рэжыме “нон-стоп”, цяперашні кіраўнік “Кантабіле” Яўген Віданаў расказваў цікавыя звесткі пра эпоху і самі кампазіцыі. Усю фінансавую рызыку мы ўзялі на сябе: арандавалі залу, рэалізоўвалі білеты.

Дый цяпер кожную суботу ў Нацыянальным гісторыка-культурным запаведніку “Нясвіж” гучыць музыка. У капліцы граюць флейта і фісгармонія, у Вялікай каміннай зале — скрыпка і віяланчэль, што быццам інсцэніруе хатняе музіцыраванне, якога было багата і ў Нясвіжы, і ў больш дробных беларускіх фальварках ды маёнтках.

З апошнім меркаваннем нельга не пагадзіцца. І, прадоўжыўшы роздум, узгадаць тыя шматлікія напаўканцэрты-напаўспектаклі, што апошнім часам вельмі паспяхова ладзіла рэжысёр Ганна Маторная: адметную моцартаўскую праграму салісткі Музычнага тэатра Лідзіі Кузьміцкай, некалькі філарманічных праектаў у Малой зале імя Р.Шырмы. Нельга абысці ўвагай і барочную частку нядаўняга творчага вечара опернай салісткі Таццяны Гаўрылавай. А колькі беларускай камернай музыкі чакае такога ж тэатралізаванага ўвасаблення!

Пэўна, не павінна заставацца ўбаку і кіраўніцтва Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, бо маглі б з’явіцца і спецыяльна замоўленыя праекты беларускай старадаўняй музыкі ды сучасных стылізацый. Пакуль жа ініцыятарамі выступалі, часцей за ўсё, самі музыканты. Тыя ж “Фантазіі Вольфганга Амадэя” спачатку меркаваліся сольнікам Ірыны Лой — сёлетняй выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Мужчынскім “атачэннем” вакалісткі выступілі барытон Яўген Глебаў і тэнар нашага Вялікага тэатра Аляксандр Жукаў. Надзвычай удала дадалося і інструментальнае трыа. А вось рэжысуру і сам сцэнарый, які прадугледжвае сюжэтнае развіццё, няблага было б удасканаліць. Цікавых рэжысёрскіх “фішак” не хапала і канцэрту-спектаклю салісткі Музычнага тэатра, дыпламанту Міжнароднага конкурсу “Рамансіяда” Ганны Бяляевай “У душы маёй”, дзе старадаўнія рамансы пад гітару (Віталь Дубовік) спалучаліся з класічнай паэзіяй, прачытанай калегам салісткі — Дзянісам Нямцовым.

Так што праблематыка куды шырэйшая за асобна ўзятыя “дзве прэм’еры”. Да падобных салонна-сядзібных імпрэз, якімі ў будучым можна было б ахапіць усе рэгіёны, мэтазгодна было б далучаць і лепшых навучэнцаў музычных каледжаў краіны. Дый на нашым Міжнародным конкурсе вакалістаў імя Л.Александроўскай — чаму б не ўвесці намінацыю камерных спеваў? Бо оперная моц “стадыённага” размаху і псіхалагічна тонкае данясенне рамансавай лірыкі, смак імправізавана-салоннага музіцыравання, разлічанага на высокія густы, патрабуюць розных прыёмаў.

На здымку: фрагмент са спектакля “Фантазіі Вольфганга Амадэя”.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"